«Звышверш»: памяці Надзеі Артымовіч

Да дня народзінаў беларускай паэткі зь Бельску Падляскага Надзеі Артымовіч апублікаваны своеасаблівы гукавы падарунак.

«Zvyšvierš»

Белыя вершы аўтаркі ўпершыню загучэлі ў выглядзе харавых кампазыцыяў і дэклямацыі пад фартэпіяна. У працы паўдзельнічалі Віктар Сямашка й Хор вольных беларусаў «Гук цішы», аранжаваньні для якога выканаў Канстанцін Яськоў. Запіс праходзіў цягам году ў варшаўскай Quality Studio.

«Хто чуў, кажа, што атрымаўся альбом-гісторыя. Няўлоўны сюжэт, сапраўды, прысутнічае. Нейкі парадаксальны рух празь люстэркавы лябірынт ад лістапада да лістапада. У аповедзе шмат Бельску й, увогуле, белага... Сьціраюцца межы між сном і нясном, між сьмерцю й жыцьцём, між тэатрам і натурай. Таксама ўжо пасьля запісу заўважыў, што Надзея не ўжывае ў агучаных мною вершах дзеясловаў жаночага роду, на -ла. Гэта значыць падзеі ў тэксьце адбываюцца тут і цяпер або вельмі хутка адбудуцца. Яна пазьбягае й звыклае атрыбутыкі жаночае паэзіі. Гэта ня пошук кампрамісу, не запрашэньне да каханьня. Кожны верш унівэрсальны, самадастатковы й зьвернуты ўглыб сябе, робіць і вывучае сам сябе. Мажліва таму, і прыйшоў такі загаловак для альбома — «Звышверш», — тлумачыць Віктар.

Першае частковае публічнае праслухоўваньне альбома адбылося на мінулых выходных у Вільні падчас літфэсту «Вершы на асфальце». Цяпер праграму можна вольна паслухаць і спампаваць на рэсурсе Bandcamp. Маюцца прапановы наконт канцэртовых прэзэнтацыяў на Падляшшы разам з хорам і выданьня на вініле або cd.
 

     Паводле прэс-рэліза