Аляксандр Багданаў: «Галоўнае — пра што музыка робіць сваю творчасць, якія сэнсы нясе аўдыторыі»

Чым жыве беларуская культура сёння па абодва бакі мяжы, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца і чаго дасягае насуперак, а таксама пра перспектывы — як для культуры, так і для ўсіх нас разважае арт-менеджар, прадзюсар, вядомы дыджэй і былы арт-дырэктар мінскага культцэнтра «Корпус» Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah).

«Салідарнасць» у сумесным праекце з Беларускай Радай культуры абмеркавала з ім музыку, якая гучыць у Беларусі і за межамі краіны, маральную дылему і рызыкі артыстаў, і чаму мова песень — пытанне важнае, але не самае галоўнае.

Papa Bo
Papa Bo на адным з канцэртаў Belarus Outside Sound System. Фота з архіву суразмоўцы

— У 2020 годзе вельмі шмат артыстаў, музыкаў выступілі супраць гвалту, за сумленныя выбары і перамены ў краіне. За што прыйшлося расплачвацца: хтосьці сядзіць, хтосьці з’ехаў, любімыя шматлікімі фэсты зніклі, канцэртныя пляцоўкі зачыніліся. А самыя сур’ёзныя страты беларускай музыкі — гэта?..

— Па-першае, я б назваў страту незалежнай музычнай індустрыі як такой.

Мы адначасова пазбавіліся магчымасці арганізоўваць канцэрты, прывозіць замежных зорак, кучы незалежных пляцовак, шэрагу незалежных фестываляў, агенцтваў і канцэртных арганізатараў: хто сеў, хто з’ехаў.

Уся індустрыя, якая дынамічна развівалася і да 2020 года была ў Беларусі ўжо дастаткова канкурэнтнай, адышла ў нябыт, праца папярэдніх дзесяцігоддзяў — усё пасыпалася.

Па-другое, вядома, сур’ёзны ўдар — гэта вялізная колькасць артыстаў, якія выехалі, вялікая колькасць музыкаў, якіх пасадзілі за краты. Так, нехта ўжо выйшаў і зноў дзейнічае ў культурным полі, як Irdorath. А Nizkiz яшчэ не выйшлі, і пра шмат каго не вядома, калі яны апынуцца на волі...

«Займацца музыкай як асноўнай дзейнасцю за мяжой — вельмі смелы крок»

— З іншага боку, беларуская музыка не проста жывая — яна развіваецца. За межамі Беларусі праходзяць акцыі салідарнасці, міжнародныя калабарацыі, паспяховыя канцэртныя турнэ, новыя фестывалі, новыя арганізацыі. Ёсць каго паслухаць і пахваліць. З чаго пачнем?

— Найперш, з тых музыкаў, якія прынялі няпростае рашэнне прафесійна займацца музыкай як асноўнай дзейнасцю за мяжой. Гэта вельмі смелы, рызыкоўны крок, і, на жаль, не ўсім гэта ўдаецца.

Але ёсць даволі вялікі пул беларускіх музыкаў, якія спрабуюць інтэгравацца ў новую рэальнасць, шукаюць сябе на эміграцыі, рэалізуюцца як творчая адзінка. Гэта заслугоўвае вялікай павагі.

Таксама на эміграцыі з'явілася ня тое каб вельмі шмат, але і не адзінкавыя, сур’ёзныя фэсты беларускай музыкі і культуры. У розных краінах, рознай накіраванасці, і ўсе яны па-свойму паспяховыя і знаходзяць свайго гледача.

Хаця, як і ў Беларусі, незалежныя фэсты — справа стратная ці, прынамсі, не прыносіць вялікага прыбытку. Але ўсё роўна арганізатары імкнуцца стварыць для беларусаў, для беларускіх артыстаў умовы, каб пагрузіцца ў беларускую культуру, пабыць разам. Гэта таксама дарагога каштуе.

Хачу адзначыць, што ў многіх гарадах, дзе ёсць беларуская дыяспара, з’явіліся пляцоўкі, маленькія ці вялікія — месцы, дзе рэгулярна адбываюцца беларускія музычныя падзеі. І яны запатрабаваныя, ёсць попыт і свой слухач.

Асобна варта адзначыць тых артыстаў, якія зразумелі, што нельга, жывучы ў Еўропе, замыкацца ў эмігранцкай культурнай бурбалцы і абмяжоўваць сваю аўдыторыю. Ёсць шэраг артыстаў, хто прыняў такія ўмовы гульні і працуюць выключна для эмігранцкай публікі, але ёсць і тыя, хто спрабуе пашырыць аўдыторыю.

Гэтыя артысты пачынаюць працаваць па еўрапейскіх правілах: удзельнічаць у калабарацыях, падавацца на грантавыя праграмы, арт-рэзідэнцыі, шукаць новыя магчымасці, пайграць з мясцовымі музыкамі, напрыклад. І такіх артыстаў дастаткова шмат для нашай мікрасупольнасці — гэта крута.

— Асобна, на мой погляд, трэба сказаць пра Belarus Outside Sound System. Гэта ўжо больш, чым творчы праект, а рух салідарнасці і падтрымкі культуры, які ахапіў некалькі краін. Літаральна нядаўна ў Польшчы прайшла восьмая акцыя. Працяг будзе?

— Першапачаткова Belarus Outside Sound System задумваўся адразу пасля вымушанай эміграцыі з Беларусі ўсёй каманды культурнага цэнтра «Корпус», дзе я быў арт-дырэктарам. Мы аказаліся ў Грузіі, літаральна за пару тыдняў да пачатку вайны.

Калі пачалося ўварванне, узнікла неабходнасць арганізаваць нейкае мерапрыемства ў Грузіі, дзе на той момант знаходзілася вельмі шмат беларусаў. Каб неяк паказаць нашу салідарнасць з Украінай, паказаць, што беларусы супраць вайны, супраць таго, што з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты — што мы салідарныя з украінцамі і хочам дапамагчы.

На тым вялікім першым мерапрыемстве гралі беларускія дыджэі, гурт Shuma, прыйшло каля 400 беларусаў — і мы сабралі каля 3 тысяч еўра, якія перадалі ў фонд дапамогі ўкраінскім дзецям.

Стала зразумела, што нам трэба рабіць перасоўны гастралюючы фестываль — і мы прыдумалі праехацца па чатырох асноўных кропках, дзе больш беларускай эміграцыі: Тбілісі, Вільня, Варшава і Берлін. Арганізавалі тур, у ім прынялі ўдзел розныя беларускія гурты: Super Besse, Света Бень і Галя Чыкіс, Shuma, Лера Дэле, мноства дыджэяў, электронных музыкаў.

У кожным мерапрыемстве яшчэ ўдзельнічалі мясцовыя музыкі, каб прывабіць мясцовую супольнасць, якая цікавіцца і актуальнай культурай, і актуальным сацыяльна-палітычным парадкам дня. Гэтыя фестывалі таксама прайшлі вельмі паспяхова, мы на іх збіралі данаты для Рады культуры, на падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры, і сабралі каля 5 тысяч еўра, што было добрым вынікам для фестывалю.

Уласна, працягваем рабіць і надалей розныя актыўнасці з беларускімі музыкамі на эміграцыі. І з абавязковым дабрачынным складнікам. Нядаўна правялі супер-акцыю — у адзін дзень у чатырох гарадах Польшчы (Варшаве, Кракаве, Познані і Гданьску) прайшлі фестывалі з бясплатным уваходам, з беларускімі музыкамі і дыджэямі, маркетамі. Сумарна сабралі каля 3 тысяч чалавек. Так што праект жыве, і працяг — будзе.

Яшчэ мы спрадзюсіравалі і выдалі зборнік беларускай электроннай музыкі: спецыяльна для яго электронныя прадзюсары пісалі трэкі, у якіх спрабавалі перадаць сваё адчуванне беларускасці, як бы пафасна гэта ні гучала.

Зборнік прадавалі за данаты — іх перадалі BYSOL. І акрамя таго, выдалі зборнік на вініле (гэта першы такі прэцэдэнт), яго распаўсюдзілі сярод вядомых дыджэяў, калекцыянераў, разаслалі ў спецыялізаваную сусветную прэсу. Гэта значыць, боўтаемся.

Papa Bo
Фота: Sergejus Michalenko

Праўда, дадае Аляксандр Багданаў, часам бывае складана падтрымаць беларускіх музыкаў у эміграцыі — таму што тыя самі не прынялі новыя ўмовы. Напрыклад, не адкрылі ІП, каб можна было працаваць легальна і плаціць падаткі. А арганізатары гатовы заплаціць вялікія ганарары, але не могуць праводзіць мерапрыемства з непразрыстай бухгалтэрыяй — і на роўным месцы ўзнікае праблема.

«Як дапамагаць і садзейнічаць, калі людзі не хочуць інтэгравацца і гуляць па правілах?» — дзівіцца арт-мэнэджар.

«Галоўнай нашай зброяй з’яўляюцца сэнсы»

— Летась «Петля Пристрастия» выпусціла першы беларускамоўны альбом, і гэта стала вялікай падзеяй. Раптам многія слухачы высветлілі, што гурт беларускі, хлопцы агрэблі негатыву ад расійскай публікі, але падтрымку ад землякоў.

Мова заўсёды была нагодай для «бульбасрачаў», у тым ліку і ў музычным асяроддзі. На ваш погляд, сёння мова — прынцыповае пытанне для беларускіх музыкаў?

— Я заўсёды быў і застаюся прыхільнікам таго, што беларускім артыстам не абавязкова спяваць толькі на беларускай. Галоўнай нашай зброяй з’яўляюцца сэнсы.

І калі паглядзець на музыкаў, якія нясуць гэтыя сэнсы за межы беларускай культурнай бурбалкі — у іх ёсць песні на беларускай, але асноўны матэрыял на рускай, ці на англійскай, ці гэта інструментал.

На мой погляд, гэта ўвогуле не праблема. Галоўнае, пра што робіць сваю творчасць музыка, што ён гаворыць у інтэрв’ю, якую пазіцыю выказвае і якія сэнсы нясе сваёй аўдыторыі.

Адразу прыходзіць на розум Света Бень, якая з крышталёва зразумелай пазіцыяй выступае ўсюды — і на сваіх канцэртах, і на творчых вечарах, і ў інтэрв’ю. У яе ёсць трэк на вершы аднаго з расстраляных паэтаў (у 2017 годзе ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» Света Бень запісала песні на вершы Ізі Харыка «У шэрым змроку» і «Век настане такі...» — С.), яна ўдзельнічае ў беларускамоўных праектах, але асноўны матэрыял расейскамоўны, і выступае яна ня толькі для беларускай аўдыторыі. І ўсюды паміж песнямі гаворыць вельмі сур'ёзныя, вельмі важныя рэчы.

— Нажаль, зараз далёка не ўся аўдыторыя можа іх пачуць. Асабліва тыя, хто застаўся ў Беларусі. Гэта раней, каб патрапіць на тое ж «Басовішча», трэба было толькі патраціцца на візу і білет.

Цяпер паехаць, напрыклад, на канцэрт J:MOPC і вярнуцца ў Беларусь — пытанне свабоды, жыцця і здароўя. Атрымліваецца, канцэрты і фестывалі ўнутры і па-за краінай ідуць паралельнымі трэкамі — і ўсё далей разыходзяцца?

— Так і ёсць. І гэта прывядзе да яшчэ большага разрыву паміж эміграцыяй і тымі, хто ў Беларусі.

Я стараюся глыбока сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, але пры гэтым не магу запрасіць на BOSS ніводнага артыста з нашай краіны, таму што для іх гэта небяспечна. Не магу непублічна зрабіць канцэрт камусьці з Беларусі, нават не заяўляючы, каго вязу. Гэта ўсё роўна дастаткова небяспечна, якая-небудзь сувязь ці хаця б перапіска са мной. І ў большасці тых, хто працуе ў гэтай сферы на эміграцыі, гэтак жа.

Нават дапамога артыстам, якія знаходзяцца ў Беларусі, у атрыманні трэвел-гранта, МOST+, напрыклад, каб яны паехалі не на каляпалітычны беларускі фестываль, а проста на галандскі шоўкейс (showcase — «вітрына», дзе артысты могуць паказаць сябе — С.) — гэта потым адгукнецца для іх. Бо «экстрэмісцкая арганізацыя» і гэтак далей.

Артысты, якія знаходзяцца ў Беларусі, на жаль, зачынены там. Ім усё больш складана выехаць за межы краіны — маю на ўвазе, у Еўропу, не ў Расію, і хоць неяк выступіць.

Да 2016 я займаўся вельмі актыўна пракатам беларускіх артыстаў па Еўропе, з «Серебряная свадьба», «Касіяпеяй», Shuma каталі рэгулярна, і гэта было даступна. Цяпер — практычна немагчыма.

А калі беларускі артыст амаль не можа выступаць у Еўропе і, за рэдкім выключэннем, не можа выступаць у Беларусі — устае дылема: каб выжыць, ці можа ён ехаць на незалежны фестываль ці нейкі незалежны клуб у Расію?

Тут уступаюць у справу падвойныя стандарты, кэнселлінг і складаныя развагі. Многія, на жаль, вымушаны ездзіць у РФ — для таго, каб проста існаваць, як артысты.