Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам распачынаем вандроўку па Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае шмат цікавых прыродных і архітэктурных помнікаў, важных для гісторыі нашага краю імёнаў, месцаў памяці. Сёння наведаем памежную вёску Гудагай з драўляным касцёлам XVIII стагоддзя ды непасрэдна сам раённы цэнтр Астравец, дзе, нягледзячы на апошнія паўтары дзесяцігоддзі, калі побач распачалося будаўніцтва АЭС і жыццё моцна памянялася, захаваліся некаторыя маўклівыя сведкі гісторыі мястэчка.
Фота: planetabelarus.by
Гудагай
Найперш прапануем рушыць у вёску Гудагай, з якой да Літвы застаюцца лічаныя кіламетры. Вядома, што літоўцы называюць беларусаў не інакш як гудамі. Магчыма, ад назвы старажытнага народа часоў Рымскай імперыі, магчыма, з якіх іншых прычынаў, але ж дакладна вядома, што першыя людзі тут пасяліліся вельмі даўно: у ваколіцах Гудагая археолагамі былі знойдзены курганы, якія датуюцца другой паловай І тысячагоддзя. Падчас раскопак тут было знойдзена шмат керамікі, жалезныя прылады працы, спражкі, наканечнікі дзідаў і іншыя прадметы тагачаснага побыту месцічаў.
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець на Браслаўшчыне? Частка 8
Гудагай, касцёл, 1930
У пісьмовыя ж крыніцы Гудагай патрапляе толькі ў XVI стагоддзі, у 1509 годзе. На той час тут гаспадарыў мядзельскі намеснік Урбан, які набыў паселішча ў ашмянскага баярына Станкі Ганусавіча. Не выпадкова праз тое ў ваколіцах з’явілася шмат месцічаў з прозвішчам Урбановіч. Роду Урбановічаў Гудагай належаў да канца XVI стагоддзя, а пасля гаспадары тут змяняліся амаль штогод.
Фота: planetabelarus.by
Вядома, што ў першай палове XVIII стагоддзя Гудагай стаў уласнасцю Міхала Козел-Паклеўскага, пасля перайшоў да Юзафа Кшыштафа Войны праз шлюб аўдавелай жонкі Міхала Козел-Паклеўскага Людвікі з Сулістроўскіх. Сярод месцічаў існуе паданне, што яна фундавала тут будаўніцтва першага касцёла на месцы каплічкі, спаленай падчас Паўночнай вайны, праз містычную гісторыю, калі ў сне да яе працяглы час прыходзіў забіты колішні муж ды не пакідаў у спакоі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Так у Гудагаі быў узведзены храм, які 19 студзеня 1764 года быў асвечаны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пазней Людвіка знайшла шляхцічаў Развадоўскіх, да якіх патрапіў цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай ды вярнула яго ў мястэчка. Абраз размясцілі на галоўным алтары.
Абраз Маці Божай Гудагайскай, XVI ст.
Людвіка і Юзаф Война назаўсёды перадалі Гудагай і мясцовы касцёл ва ўласнасць ордэна кармелітаў босых, якіх запрасілі сюды. Тыя пабудавалі сабе кляштар і апекаваліся паселішчам ажно да ХІХ стагоддзя, але пасля паўстання 1830–1831 гг. улады Расійскай імперыі кляштар скасавалі, касцёл зачынілі, а абраз Маці Божай Гудагайскай перавезлі ў Ашмяны. Толькі ў 1906 годзе гудагайская парафія была адноўлена, і абраз зноў вярнуўся ў касцёл.
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка першая
Фота: katolik.life
Абраз Маці Божай Гудагайскай, XVI ст.
Касцёл 1764 года са званіцай, узведзенай у 1900 годзе, збярогся ў Гудагаі да нашых дзён, яго можна пабачыць у вёсцы і сёння ў добрым стане. Храм з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Унутры храма варта звярнуць увагу на алтары канца XVIII стагоддзя, выкананыя ў стылі ранняга класіцызму ды, вядома, на цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай, напісаны, меркавана, у XVI стагоддзі. Кляштар кармелітаў босых у стылі барока, на жаль, не захаваўся, быў зруйнаваны неўзабаве пасля скасавання.
Фота: planetabelarus.by
Фота: wikimedia.com
Ёсць у Гудагаі апроч касцёла яшчэ адзін помнік архітэктуры. Мясцовы чыгуначны вакзал быў збудаваны тут у ХІХ стагоддзі, калі праз Гудагай была пракладзена ў 1874 годзе Лібава-Роменская чыгунка. Першапачаткова станцыя Гудагай мела назву Слабодка, перайменавана была ў 1902 годзе.
Фота: railwayz.info
Астравец
Далей рушым непасрэдна ў цэнтр Астравецкага раёна, горад на рацы Лоша Астравец. Колішні Астравец — даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны. З архітэктурных помнікаў да нашага часу тут захаваўся касцёл Святых Казьмы і Даміяна ў стылі класіцызм XVIII стагоддзя і касцёл Адшукання Святога Крыжа пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Першы пісьмовы ўспамін пра Астравец датуецца 1468 годам, калі ўладальнікам тут быў Юры Гаштольд. У 1542 годзе па смерці Станіслава Гаштольда мястэчка перайшло да князя Жыгімонта Старога, пасля да ягонага сына Жыгімонта Аўгуста. З другой паловы ХVI стагоддзя мястэчка пераходзіць у прыватную ўласнасць да Гераніма Карыцкага, пасля да Яна Корсака, які ў 1616 годзе фундаваў тут будаўніцтва драўлянага касцёла Святых Казьмы і Даміяна ды дамініканскага кляштара пры ім у 1684 годзе, запрасіўшы апекавацца Астраўцом айцоў-дамініканаў.
Фота: planetabelarus.by
Падчас Трынаццацігадовай вайны з Масковіяй, калі, паводле розных падлікаў, на нашых землях загінуў кожны другі месціч, захопнікі разрабавалі ды зруйнавалі мясцовы кляштар. Але, неўзабаве, па заканчэнні вайны, ён быў адноўлены. Вядома, што ў XVIII стагоддзі пры кляштары існаваў шпіталь. А ў 1777 годзе ў Астраўцы адчыніла свае дзверы першая школа. У 1785–1786 гадах на сродкі Гілярыя Цішэўскага пачалося ўзвядзенне новага, ужо мураванага касцёла і кляштара дамініканаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Комплекс складаўся з касцёла, кляштара і каменнай агароджы з брамай. Храм, пабудаваны ў стылі класіцызм, і сёння можна пабачыць у самым цэнтры Астраўца. Унутры храма варта звярнуць увагу на алтар, у якім размяшчаюцца 13 каштоўных абразоў XVIII–XIX стагоддзя. Кляштар пры касцёле праіснаваў нядоўга, да 1832 года, і быў зруйнаваны расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання. Пасля Студзеньскага паўстання, у 1866 годзе, касцёл быў перароблены пад праваслаўную царкву. Да мясцовай каталіцкай парафіі будынак вярнуўся толькі ў міжваенны час за польскай уладай.
Астравец, 1900
Фота: wikimedia.com
Вядома, што ў ХІХ стагоддзі мястэчка Астравец знаходзілася ва ўладанні Кастравіцкіх, Жылінскіх, з роду якіх паходзілі французскі паэт Гіём Апалінэр і беларускі пісьменнік Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі), знакаміты меліяратар Палесся ХІХ стагоддзя Іосіф Жылінскі.
У ХХ стагоддзі на сродкі мясцовых парафіянаў быў узведзены яшчэ адзін помнік архітэктуры, які захаваўся да нашых дзён — касцёл Адшукання Святога Крыжа. Храм збудаваны ў неараманскім стылі з цэглы. Бажніца была асвечана ў 1911 годзе. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады зачынілі храм ды ператварылі яго ў сховішча. Толькі ў 1994 годзе будынак павярнуўся да вернікаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вандруйма разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ