Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па паўночным азёрным краі нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыне. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з месцамі, дзе падсілкавацца, пераночыць, адпачыць, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. У апошняй частцы нашага маршруту па Браслаўшчыне прапануем завітаць у Бяльмонты, сёння Ахрэмаўцы, колішнія ўладанні роду Плятэраў, і наведаць вёску Замошша, у якой таксама захавалася трошку сведак далёкай мінуўшчыны.
Фота: planetabelarus.by
Ахрэмаўцы (раней Бяльмонты)
Вёска Ахрэмаўцы ўтварылася ў сённяшніх сваіх межах на беразе возера Дрывяты за савецкім часам, калі аб’ядналіся дзве вёскі: непасрэдна Ахрэмаўцы, якія ўпершыню згадваюцца ў XVII стагоддзі як уладанні роду Ахрамовічаў, і фальварак Бяльмонты. Вядома, што яшчэ раней зямля, на якой месцілася сучасная вёска, звалася Альгердаўшчынай, у гонар князя Альгерда. Паводле даследаванняў археолагаў старажытнае паселішча тут існавала ўжо ў VIII—ХІ стагоддзях, пра што сведчыць вялікая колькасць крывіцкіх курганоў часоў Полацкага княства, знойдзеных у ваколіцах Ахрэмаўцаў.
Фота: braslav-star.by
У 1748 годзе навакольныя землі ў Ахрамовічаў набыў ваявода Менскі Ян Гільзэн, прадстаўнік шляхецкага Інфлянцкага роду. А ўжо ягоны сын, Юзаф Гільзэн, заклаў на высокім узгорку на беразе Дрывятаў шыкоўную сядзібу з італійскім пейзажным паркам і назваў свой новы маёнтак Бяльмонты, што ў перакладзе з французскай мовы азначае «прыгожая гара».
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка сёмая
Бяльмонты, Напалеон Орда, 1.07.1876
Бяльмонты, касцёл Ісуса Хрыста, фота Ян Булгак
Бяльмонты, касцёл Ісуса Хрыста, фота Ян Булгак
Паводле шматлікіх звестак, Юзаф Гільзэн быў вядомым мецэнатам, укладаў грошы ў шматлікія адукацыйныя, сацыяльныя, рэлігійныя ініцыятывы. Вядома, што ў 1768 годзе ён фундаваў пабудову мураванага храма Ісуса Хрыста ў Бяльмонтах. За савецкім часам касцёл узарвалі партызаны, а пазней месцічы разабралі рэшткі на цэглу. Ад некалі велічнага будынка застаўся кавалачак падмуркаў і фотаздымкі Яна Булгака.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Бяльмонты, касцёл Ісуса Хрыста, фота Ян Булгак
У 1798 годзе знакаміты ў свой час авантурыст, граф італійскага паходжання Мікалай Мануцы набывае фальварак Бяльмонты. Жыццё графа выглядала для мясцовай шляхты як суцэльная прыгода і вялікая авантура, але што з ягоных легендаў было праўдай, а дзе прыдумкай, ніхто так і не разабраўся. Тое ці і быў ягоны сын Станіслаў пазашлюбным сынам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з якім граф сябраваў доўгі час, па сёння дакладна невядома.
Станіслаў Мануцы
Але менавіта Станіслаў Мануцы атрымлівае Бяльмонты ў спадчыну пасля смерці бацькі. І тут ягонае прозвішча не пакінуў флёр цікавых легендаў. Вядома, што падчас расійска-французскай вайны 1812 года ў новай сядзібе графа размяшчалася стаўка камандуючага 1-й Заходняй арміяй генерала Барклая дэ Толі, да якога заязджаў расійскі імператар Аляксандр І, а праз некалькі дзён пасля сыходу расійцаў гасцяваў неапалітанскі кароль і маршал Францыі Іаахім Мюрат.
Іаахім Мюрат
За тыдзень, што ён правёў у Бяльмонтах, паспеў закахацца ў маладую гаспадыню маёнтка Канстанцыю Плятэр, ды так моцна, што адкрыў у сабе паэтычны талент, прысвяціў ёй некалькі вершаў, адзін з якіх пазней у Неапалі быў пакладзены на музыку. Гэтая гісторыя нарадзіла новыя плёткі вакол гаспадароў маёнтка, Канстанцыі прыпісвалі рамантычную сувязь з госцем, іншыя сцвярджалі пра непахіснасць жонкі Станіслава што да заляцанняў француза. Праз колькі год плёткі пра падзеі 1812 года натхнілі ўладальніка маёнтка Моладава на Палессі, вядомага кампазітара Генрыха Скірмунта, да напісання «Балады пра Бяльмонты». А ў памяці мясцовых сялянаў Станіслаў Мануцы і Канстанцыя Плятэр захаваліся як вельмі добрыя і клапатлівыя гаспадары.
Генрых Скірмунт, «Балада пра Бяльмонты»
Пасля маёнтак перайшоў у спадчыну малодшаму брату Канстанцыі Плятэр Ігнату Вільгельму Броэль-Плятэру, пасля ягонаму сыну Канстанціну. Гаспадары маёнтка Бяльмонты бралі актыўны ўдзел і ў паўстанні 1830–1831 гг., і ў паўстанні 1863–1864 гг., але за вялізныя сумы адкупных ім шчасціла пазбегнуць пакарання.
Бяльмонты, Напалеон Орда, 30.06.1876
У ХІХ стагоддзі Бяльмонты былі культурным цэнтрам Браслаўшчыны, тут гасцявалі вядомыя асобы свайго часу. У маёнтку месціўся прыватны музей, дзе была выстаўлена вялікая археалагічная калекцыя, сямейная бібліятэка змяшчала некалькі тысячаў старажытных выданняў. Тут яшчэ за Гільзэнамі упраўляючым служыў Рафал Траяноўскі, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, сынам якога быў мастак Ян Траяноўскі, які выхоўваўся ў маёнтку. У Бяльмонтах гасцяваў Напалеон Орда, які пакінуў тры замалёўкі сядзібы, паводле якіх мы можам меркаваць пра тое, як выглядала сядзіба Плятэраў у 1876 годзе.
Бяльмонты, Напалеон Орда, 1876
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка 6. Што паглядзець у Іказні
У сучасных Ахрэмаўцах з Бяльмонтаў захавалася родавая капліца Плятэраў, пабудаваная ў 1856 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Яе можна пабачыць адразу ля дарогі з Глыбокага на Браслаў, на мясцовых могілках. Капліца Плятэраў — адзін з першых неагатычных будынкаў, якія з’явіліся на Браслаўшчыне.
Фота: vedaj.by
Падчас Першай сусветнай вайны палац Плятэраў быў пашкоджаны. Усю мэблю, бібліятэку, музей, экспанаты якога былі перададзены гаспадарамі Віленскаму ўніверсітэту, звезлі ў Расію, адкуль, вядома, яны да нас так і не вярнуліся. А падчас Другой сусветнай вайны адноўлены палац ушчэнт знішчылі партызаны ды разабралі рэшту на будаўнічыя матэрыялы.
Ад вялікага палацава-паркавага ансамбля захаваўся толькі парк, які ў свой час лічыўся другім па велічыні пасля Радзівілаўскага ў Нясвіжы. Тут сёння пракладзена экасцежка працягласцю два кіламетры.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Замошша
Апошнім нашым прыпынкам на Браслаўшчыне прапануем зрабіць вёску Замошша, якая ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у ХVI стагоддзі як Данішэўшчына, пасля таго як па выніках чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай ВКЛ зноў страціла Смаленшчыну, і смаленская шляхта засталася без зямлі. Тады Данішэўшчына па загадзе караля патрапіла ва ўласнасць да смаленскага шляхціча Мікуліча. Але ў хуткім часе, у 1541 годзе, паселішча выкупіў Павал Сапега.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Сапегам мясцовая зямля належала ажно да 1754 года, пасля тут гаспадаралі Лапацінскія, а ў другой палове ХVIII стагоддзя Замошша перайшло да кашталяна Смаленскага Станіслава Бужынскага, пасля да ягонага сына. На жаль, да нашых дзён ад маёнтку Бужынскіх нічога не захавалася, апроч камянёў ад падмурку сядзібы ды рэшткаў парку. Пасля Бужынскіх тут гаспадаралі Юндзілы, Ромэры, апошнімі ўладальнікамі Замошша былі Козел-Паклеўскія. А напрыканцы ХІХ стагоддзя Замошша разбудавалася ды стала мястэчкам.
Герб Бужынскіх
Станіслаў Бужынскі фундаваў будаўніцтва ў Замошшы першага ўніяцкага храма ў 1761 годзе. Царква была ўзведзена з дрэва, асвечаная ў гонар Пятра і Паўла. Пасля таго, як у 1839 годзе за Расійскай імперыяй унія была скасаваная, царкву перадалі праваслаўным вернікам. Мясцовыя грэка-каталіцкія вернікі вельмі супраціўляліся гвалтоўнаму пераходу ў праваслаўе. Вядома, што супраціў месцічаў трываў каля чатырнаццаці год, але ў 1854 годзе царкву ўсё ж пераасвяцілі ў праваслаўную Пакроўскую царкву.
Замошша, Петрапаўлаўская царква, 1900 год
Фота: planetabelarus.by
Мураваная царква, якую ў моцна перабудаваным выглядзе мы сёння можам пабачыць у Замошшы, узведзена ў 1909 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Перад Першай сусветнай вайной усе абразы і іншыя ўнутраныя аздабленні царквы былі вывезены ў Расію, вядома, адтуль у Замошша нічога не вярнулася. Пасля Другой сусветнай вайны царква была падпалена партызанамі і ў зруйнаваным стане стаяла да 1990-х, пакуль за яе аднаўленне не ўзяліся мясцовыя вернікі. Два з трох званоў са старой царквы, затопленых у возеры Сярэднік, на беразе якога месціцца вёска, былі ўзнятыя на званіцу адрамантаванага храма, трэці яшчэ не знайшлі. Цікавы факт, што ў наш час мясцовая царква была асвечана, як і першая ўніяцкая, у гонар апосталаў Пятра і Паўла.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!» па Браслаўскім раёне. Частка пятая
Вядома, што быў у Замошшы і касцёл, меркавана, пабудаваны таксама Станіславам Бужынскім у XVIII стагоддзі. Ён быў узведзены на колішнім гарадзішчы жалезнага веку. Месцічы і сёння называюць гарадзішча Касцёльнай гарой, бо шмат хто яшчэ памятае той касцёл, які згарэў разам з усёй вёскай падчас Другой сусветнай вайны.
Касцёл у Замошшы, 1921–1939 гг.
Ад колішняга храма ў вёсцы засталася толькі лесвіца. Новы касцёл Маці Божай Анёльскай, які мы можам пабачыць у Замошшы, узведзены ўжо ў іншым месцы напрыканцы ХХ стагоддзя намаганнямі мясцовых вернікаў.
Фота: braslav-star.by
Фота: braslav-star.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ