Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння наведаем Мёрскі раён Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарошкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Асада-Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня. Тут нас чакаюць старасвецкія палацы, унікальныя прыклады сакральнай архітэктуры, прыродныя помнікі, унікальнае верхавое балота Ельня, адзіны ў Беларусі вадаспад на рацэ Вята, паромная пераправа праз Дзвіну і процьма іншых цікавостак. У першай частцы маршруту — самы маленькі горад Беларусі Дзісна і вёска Галомысла, дзе захаваўся драўляны праваслаўны храм 1840 года пабудовы.
Фота: viedaj.by
Дзісна
Найперш у Мёрскім раёне прапануем рушыць у самы маленькі горад Беларусі Дзісна. Першая пісьмовая згадка пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капаць» ці ад слова «капец» — узгорак) датуецца 1374 годам. Замак выконваў ролю фарпосту Полацка на Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. У 1461 годзе паселішча ўпершыню ўзгадваецца пад сённяшняй назвай як двор Дзісна.
Дзісна да 1939 г.
Але, вядома, паселішча на месцы сучаснага горада існавала значна раней за першыя ягоныя згадкі ў пісьмовых крыніцах. Паводле археалагічных даследаванняў, мыс правага берага рэчкі Дзісна яшчэ ў Х—ХІ стагоддзях быў шчыльна заселены, горад, відавочна, меў значную ролю ў Полацкім княстве. З ХІІІ стагоддзя пачалося засяленне і левага берага Дзісны. А ў 1301 годзе Полацкая зямля разам з усімі сваімі паселішчамі была далучана да ВКЛ.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Полацкім раёне. Частка другая
Фота: planetabelarus.by
У 1566 годзе Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, а праз год надаў Дзісне першы герб «тры вежы з муру», а ўжо ў студзені 1569 года Дзісна атрымала магдэбургскае права і новы герб. Падчас Інфлянцкай вайны ў 1579 годзе тутэйшы замак стаў цэнтрам збору войскаў Стэфана Батуры перад вызваленчым паходам на Полацк.
Фота: planetabelarus.by
У пачатку Трынаццацігадовай вайны ў 1564 годзе бурмістр Дзісны здаў горад войску Маскоўскай дзяржавы. 10 красавіка 1661 года месцічы, што знаходзіліся ў замку, звязалі акупантаў і адчынілі браму войску ВКЛ, а здрадніка бурмістра павесілі.
Фота: planetabelarus.by
Пасля атрымання статусу горада Дзісна стала значным гандлёва-рамесніцкім асяродкам. Тут быў збудаваны кляштар францішканцаў, які да нашых дзён, на жаль, не захаваўся, з 1775 года дзейнічала павятовая школа пры ім, у 1773 годзе завяршылася будаўніцтва мураванага барочнага францішканскага касцёла, які мы можам пабачыць і сёння ў Дзісне.
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на жаль, не дзейнічае і знаходзіцца ў стане працяглай рэстаўрацыі. Будынак быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны і паступова разбураўся. Рэстаўрацыйныя працы тут пачаліся адносна нядаўна і працягваюцца па сённяшні дзень. Цікавы факт, што у 1917 годзе тут, у дзісенскім касцёле, ксёндз Адам Станкевіч правёў першую ва ўсім краі імшу па-беларуску.
Дзісна, касцёл, 1918 г.
Дзісна, касцёл, 1918 г.
Першая вядомая царква ў Дзісне, Уваскрасенская, вядомая з 1568 года, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Пры царкве быў заснаваны кляштар, які дзейнічаў з 1633 па 1810 гады. Храм, адноўлены пасля пажару ў 1730-я гады, канчаткова быў страчаны падчас пажару 1882 года.
Дзісна, Уваскрасенская царква, 1896 г.
Брацкі крыж, створаны ў 1673 годзе, быў скрадзены ў 1980-я з яшчэ адной Дзісенскай царквы, Адзігітрыеўскай, куды ён быў перанесены на захаванне.
Але не ўсе скарбы Уваскрасенскай царквы загінулі. Унікальны абраз XVII стагоддзя «Сашэсце ў пекла» — шэдэўр беларускага іканапісу — можна пабачыць сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі. Сюжэт іконы заснаваны на апакрыфічным паданні пра тое, што ў момант Уваскрасення Хрыстос спусціўся ў пекла і суправодзіў на нябёсы прабацькоў чалавецтва Адама і Еву.
Царква Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісне, збудаваная ў 1904 годзе ў якасці капліцы, захавалася да нашых дзён. Побач з царквой можна пабачыць таксама званіцу пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Дадзеная царква не была зачынена за савецкім часам, і каб змясціць усіх вернікаў, яе давялося пашырыць за кошт невялікай прыбудовы з белай цэглы ў другой палове мінулага стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць у Дзісне і «мураўёўка» — мураваная царква, збудаваная па тыповым праекце ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання ў 1864 годзе. Тут сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай «Аддзігітрыя» — копія ХVIII стагоддзя больш старажытнага абраза Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя».
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У Дзісне захавалася вялікая колькасць будынкаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабудовы: крушні лякарні, узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны, абавязкова варта пабачыць.
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Полацкім раёне. Частка першая
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ неабходна звярнуць увагу на пажарнае дэпо, якое і сёння функцыянуе па першапачатковым прызначэнні, на будынак колішняй народнай вучэльні.
Фота: fotobel.by
Фота: planetabelarus.by
Побач з аўтастанцыяй знаходзіцца колішні будынак Павятовага аддзялення апякунства цвярозасці. На першым паверсе тут у 1911 годзе выступала першая беларуская прафесійная тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Будынак узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя і сёння добра адрамантаваны.
Добра захавалася ў Дзісне і шараговая местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У свой час гэтыя будынкі выконвалі розныя адміністратыўныя, гандлёвыя функцыі або выкарыстоўваліся як жылыя. Шмат якія будынкі знаходзяцца ў аварыйным стане. Наагул выглядае, што ў Дзісне значна больш забудовы, чым патрабуе колькасць жыхароў.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Асобнай увагі заслугоўвае мост праз раку Дзісну. Ён унікальны тым, што з’яўляецца, бадай, самым старажытным з усіх захаваных мостаў у Беларусі, ён быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя. Гэта ўнікальны арачны мост з драўляным пакрыццём, які трымаецца на металічнай і каменнай аснове. У наш час мост з’яўляецца аўтамабільным, яго істотна адрамантавалі і паклалі асфальт.
Фота: vedaj.by
Фота: @elgatomarinero7
Яшчэ адной асаблівасцю Дзісны з’яўляецца дзейная паромная пераправа праз Заходнюю Дзвіну. У Беларусі засталося няшмат месцаў, дзе можна скарыстацца паромам, таму абавязкова варта завітаць у Дзісну ды не абмінуць увагай і гэтую цікавую турыстычную атракцыю. А на іншым беразе ўжо чакае Верхнядзвінскі раён.
Фота: @elgatomarinero7
Фота: @elgatomarinero7
Галомысла
Далей прапануем рушыць у вёску Галомысла. Тут захаваўся ўнікальны помнік народнага дойлідства, драўляная царква Святога Яна Багаслова 1840 года пабудовы. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Першая царква ў вёсцы Галомысла ўзгадваецца ў 1563 годзе як праваслаўны храм Уваскрасення Гасподняга, але пасля Берасцейскай уніі і ажно да 1839 года ён быў была грэка-каталіцкім.
Фота: fotobel.by
Фота: radzima.org
Той храм, вядома, да нашых дзён не захаваўся. Сёння на ўсходняй ускраіне вёскі Галомысла можам пабачыць драўляную царкву Святога Яна Багаслова 1840 года пабудовы. Трохзрубны храм уключае двухярусную званіцу, прастакутную малітоўную залю, пяцігранную апсіду. У інтэр’еры варта звярнуць увагу на драўляную скульптуру XVIII стагоддзя «Укрыжаванне», абразы XVIII — ХІХ стагоддзяў «Арханёл Міхаіл», «Тайная вячэра», «Арханёл Гаўрыіл».
Фота: radzima.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ