Атручванні расійскіх спецслужбаў: ці толькі Навальны?

23.12.2020 Гісторыя

На мінулым тыдні было шмат шуму ад гісторыі пра атручванне «Навічком» Навальнага. Той нават зняў пра сваю гісторыю фільм-расследаванне: хто і калі за ім сачыў, каму тэлефанаваў, як труціў... Для Еўропы гэта шок.

Незразумела пры гэтым, чаму для Еўропы атручванне Навальнага — большы шок, чым атручванне Літвіненкі або «справа Скрыпалёў». Насамрэч нічога дзіўнага тут няма: атручванні апанентаў — добрая традыцыя савецкіх спецслужбаў, выхадцам з якіх акурат і з’яўляецца Уладзімір Пуцін.

Атручвалі заўжды. Усе. Атруціць ворага — значыць замесці сляды і пазбегнуць палітычных і крымінальных наступстваў. Тыя ж Борджыа, аматары пярсцёнкаў з атрутай, цудоўна гэта разумелі. А вось у ХІХ стагоддзі стала цяжэй: традыцыйныя атручванні, напрыклад мыш’яком, сталі лёгка расследавацца. Хімія і крыміналістыка зрабілі крок наперад. Але і атручальнікам хімія таксама дапамагала. ХХ стагоддзе — час колькасці, прамысловых аб’ёмаў. Што, калі атруціць адразу шмат народу?.. Перадавіком у плане хіміі была Германія, што і выявілася ў Першую сусветную. Немцы на фронце выкарысталі спачатку хлор, пасля — іпрыт, гарчычны газ...

Кольцы з атрутай - легенда атручванняў у сярэднявеччы.jpg
Кольцы з атрутай - легенда атручванняў у Сярэднявеччы

Баявыя атручвальныя рэчывы паказалі, аднак, што абыходзіцца з імі цяжка: эфект залежыць ад надвор’я, ветру, вільготнасці. Шмат розных фактараў. Таму пасля Вялікай вайны атручвальныя газы на фронце ўжо не выкарыстоўваліся. А вось на складах засталася маса нявыкарыстаных забойчых хімікатаў. У 1920-я іх спрабавалі нават пусціць на карысць медыцыне: малымі дозамі іпрыту спрабавалі лекаваць сардэчныя хваробы і г.д.

Курарэ, цыяністы калій, цяжкія металы і — палоній

У маладой савецкай дзяржаве на тэму смертаноснай хіміі не забыліся. Пры ГПУ былі створаныя адмысловыя лабараторыі, у якіх працавалі кваліфікаваныя хімікі. Пра масавае выкарыстанне размова ўжо не ішла, а вось для спецаперацыяў здабыткамі вучоных карысталіся.

Напрыклад, наркотыкамі ў Парыжы накачалі белых генералаў Мілера і Куцепава. Аднаго атрымалася вывезці ў непрытомным стане і пасля засудзіць у Маскве на смерць. Іншы памёр, бо сэрца не вытрымала. Гэта былі першыя крокі бальшавікоў у гэтым кірунку.

У 1930-я пад крылом НКВД працавала таксікалагічная лабараторыя пад кіраўніцтвам медыка Рыгора Майраноўскага. Гэты «злы геній» адпрацаваў розныя рэчывы: курарэ, рыцыну, цыяністы калій, цяжкія металы накшталт талію, розную баявую хімію. Пасля ўжо справа дайшла і да радыеактыўных рэчываў — такіх як палоній. Набор вельмі стракаты. Цікава, што Майраноўскага арыштавалі ў 1951 годзе па «Справе ўрачоў». Маўляў, той хацеў атруціць Сталіна... Правадыр памёр, але Майраноўскага не выпусцілі — судзілі ўжо па справе Берыі.

Рыгор Майраноўскі - савецкі 'доктар смерць'.jpg
Рыгор Майраноўскі

Падчас суда выплыла шмат цікавых акалічнасцяў працы Майраноўскага. Гэта эксперыменты з атручанымі кулямі, з ежай і пітвом, распыленай у паветры атрутай. У якасці «пацукоў» для эксперыментаў выкарыстоўвалі жывых людзей — вязняў, засуджаных на смерць. Лічыцца, што Майраноўскі асабіста забіў каля 250 чалавек. Некаторым былым савецкім агентам, ад якіх трэба было пазбавіцца, смяротныя ін’екцыі Майраноўскі рабіў асабіста — падчас «прафілактычнага медагляду».

Ларчык для Ціта

Яшчэ перад вайною існаваў план па атручванні Троцкага, але перамагла ўсё ж камбінацыя з альпенштокам. Пасля вайны планавалася атручванне югаслаўскага лідара Ёсіпа Ціта. Той, вядома, быў камуністам, але недастаткова прамаскоўскім. У 1952-м справа была даручаная Судаплатаву. Ціта меліся падарыць ларчык, з якога падчас адкрыцця выпырсквалася атрута.

Чытайце таксама: У пекла з маршалам Ціта

Цікава, што падарыць ларчык мусіў чалавек з прозвішчам Грыгулевіч. Афіцыйна гэта быў консул Коста-Рыкі ў Ватыкане з легендарным імем Тэадора Кастра. Насамрэч — савецкі «джэймс бонд», адзін з арганізатараў забойства таго ж Троцкага. План з Ціта пэўны час адпрацоўвалі, а пасля... Сталін памёр. Стасункі з Югаславіяй наладзіліся, і ўжо не трэба было нікога труціць.

Як труцілі ўкраінцаў: ад архіепіскапа да Бандэры

Труцілі як за мяжой, так і ў СССР. Шмат дасталася ўкраінцам, з якімі ў Масквы было багата праблем у другой палове 1940-х. Вядомая гісторыя забойства закарпацкага грэка-каталіцкага архіепіскапа Тэадора Ромжы ў 1947-м. На Закарпацці гэта быў вялікі аўтарытэт з прэтэнзіяй на кіраўніка ўсіх грэка-каталікоў Украіны. Калі пачытаць пра акалічнасці, то справа мала адрознівалася ад гісторыі Навальнага.

Была ўтвораная спецгрупа, якая займалася забойствам. Усё абгаворвалася і вырашалася на ўзроўні Хрушчова, які тады кіраваў ЦК Кампартыі Украіны, Кагановіча і Сталіна. Спачатку для Ромжы падрыхтавалі аўтакатастрофу: аўтамабіль раздушыў брычку, на якой ездзіў архіепіскап. Той быў паранены, але выжыў. Што рабіць? Медсястра, якая даглядала яго ў лякарні, проста атрымала яд курарэ і ўвяла пацыенту смяротную дозу.

Тэадор Ромжа пасля гібелі быў залічаны да пакутнікаў Царквы.jpg
Тэадор Ромжа пасля гібелі быў залічаны да пакутнікаў Царквы(

Вядомая таксама гісторыя атручвання Аляксандра Шумскага, аднаго з вядучых украінскіх нацыянал-камуністаў пакалення 1920-х. Той быў вялікім аўтарытэтам, а значыць — небяспечным. Пры Сталіне ён сядзеў, пасля быў у высылцы ў Саратаве, але тэрмін высылкі скончыўся — можна было вяртацца на радзіму. Разам са спецгрупай у верасні 1946-га Майраноўскі прыехаў ў Саратаў, пасля чаго Шумскі нечакана памёр у лякарні ад сардэчнай недастатковасці.

Лагічнае пытанне: навошта труціць апанентаў у сталінскім СССР, дзе расстрэльвалі направа і налева? Усё проста: пік атручванняў на тэрыторыі Саюза прыпаў на 1946–1948 гады, час кароткай адлігі. З грамадскім меркаваннем, асабліва на новадалучаных заходніх тэрыторыях, спрабавалі гуляцца. Гэты момант мы запомнім: атручванні — гэта выпадак, калі твар усё ж трэба неяк захаваць. Калі трэба, каб усё было «прыгожа».

Па ўкраінцах працавалі таксама і за мяжой. У 1957-м быў атручаны ідэолаг украінскіх нацыяналістаў Леў Рэбет. Савецкі агент Багдан Сташынскі стрэліў з прыстасавання, загорнутага ў газету, струменем сінільнай кіслаты. Смерць наступіла праз паўтары хвіліны, афіцыйны дыягназ — сардэчная недастатковасць. Падобным спосабам праз два гады ў Мюнхене тым жа Сташынскім быў забіты і Сцяпан Бандэра. Разлік быў на тое, што слядоў не знойдуць: сэрца можа спыніцца ў кожнага. Асабліва ў людзей з нервовай працай і складаным мінулым... Нават эмігранцкія газеты спачатку пісалі пра натуральныя прычыны смерці Льва Рэбета, а вось з Бандэрам не атрымалася: атрута не выпарылася хутка, усе ўсё зразумелі. Сташынскі быў вымушаны збегчы ў Маскву, дзе атрымаў Ордэн Чырвонага Сцяга.

Укол парасонам у Лондане і банкет у Кабуле

Ішоў час, тэхналогіі развіваліся і надалей ужываліся. Да КДБ далучыліся іншыя выведкі краінаў-сатэлітаў. Найбольшы поспех займелі спецслужбы Балгарыі і ГДР. Ну, годзе, легендарная «Штазі» — зразумела. А чаму балгары?.. Не спяшайцеся недаацэньваць! Балгарскія спецы добра працавалі на паўднёвым кірунку, мелі выхады да мусульманскага свету. Скажам, турка, які спрабаваў забіць Папу Рымскага, завербавалі таксама балгары.

Працавалі балгары і па сваіх суайчынніках: у 1978-м у Лондане быў забіты Георгій Маркаў — дысідэнт, пісьменнік і палітэмігрант. Ён ішоў з працы праз аўтобусны прыпынак, дзе спатыкнуўся аб нечы парасон і адчуў укол. Уласнік парасона папрасіў прабачэння і з’ехаў. На наступны дзень Маркаў адчуў млосць, тэмпература паднялася, а яшчэ праз пару дзён ён памёр. Але паспеў расказаць пра эпізод з парасонам.

Кадр з фільму 'Укол парасолем' - у жыцці ўсё было мала падобна на камедыю.jpg
Кадр з фільму «Укол парасонам» — у жыцці ўсё было мала падобна на камедыю

Праз год, у 1979-м, быў атручаны афганскі прэзідэнт Хафізула Амін. «Чакайце, яго ж забілі байцы "Альфы" падчас штурму палаца...» — скажаце вы. Слушна, але за дзень да гэтага Аміна і яго блізкіх атруцілі на банкеце кухары, што працавалі на КДБ. Афганскі лідар не памёр адразу, таму і спатрэбіўся штурм палаца. Да «альфаўцаў» Амін акурат выйшаў з прышпіленай да рукі кропельніцай, бо перажыў цяжкае атручванне. Пасля яго расстралялі разам з жонкай і дзецьмі.

Таямнічая смерць Шчакаціхіна: помста за «Рабоў ГБ»?..

Калі СССР абрынуўся, тэма з атручваннямі нібыта прыпынілася. Расія падпісала розныя дамовы пра ліквідацыю хімічнай зброі і баявых атручвальных рэчываў. У 1990-я, здаецца, пра атручванні асабліва не было інфармацыі, а вось з прыходам да ўлады Пуціна пачаўся шэраг загадкавых і трагічных гісторыяў. Пра некаторыя вы чулі, пра іншыя — наўрад.

Адна з найбольш трагічных — гісторыя Юрыя Шчакаціхіна. Гэта расійскі журналіст, сябар Паліткоўскай, які ў пачатку 1990-х выдаў нашумелую кнігу «Рабы ГБ». Праз СМІ ён кінуў заклік людзям, якія былі агентамі спецслужбаў, каб тыя пісалі свае гісторыі: абставіны вярбоўкі, працу, шантаж — усё. І яму пачалі пісаць: усплывалі гісторыі ажно з 30-х, людзі былі яшчэ жывыя. Усё гэта склалася ў кнігу. Цікава, што там ёсць і гісторыя Славаміра Адамовіча, завербаванага ў 1980-х.

Юрый Шчэкачыхін.jpg
Юрыя Шчакаціхін

Такія рэчы органы не любяць. Вельмі не любяць. І вось у 2003-м са Шчакаціхіным адбылося дзіўнае: быў здаровы чалавек, а тут — сіндром Лаела. Гэта вельмі цяжкая форма алергічнага дэрматыту, калі ахвяра ператвараецца ў адзін вялікі пухір... Органы адмовілі, журналіст у пакутах памёр праз пару тыдняў.

Родзічам было забаронена браць тканкі з цела для незалежнага аналізу, але таемна ўсё ж атрымалася. Біяматэрыялы адправілі для аналізу ў Лондан. Там выявілі прысутнасць талію — цяжкага металу, вельмі таксічнага. Лішне казаць, што талій на вуліцы не валяецца, а Шчакаціхін не быў хімікам, каб сустрэцца з рэчывам у нейкай лабараторыі. Дык адкуль?..

Літвіненка, Скрыпаль, Юшчанка...

Ці не самымі вядомымі сталі гісторыі атручвання былых расійскіх сілавікоў у эміграцыі — Аляксандра Літвіненкі і Сяргея Скрыпаля. У першым выпадку быў выкарыстаны палоній-210, у другім — «Навічок», як і ў гісторыі з Навальным. Літвіненка працаваў некалі ў ФСБ, Скрыпаль — у ГРУ. Для сваіх «родных» структураў яны сталі горшымі за ворагаў — здраднікамі. Ну, а здрады, вядома, не прабачаюць.

Літвіненка пасля атручвання палоніем.jpg
Літвіненка пасля атручвання палоніем

Ужо добра прызабылася і гісторыя атручвання Віктара Юшчанкі ў 2004-м. Праблемы пачаліся пасля таго, як палітык павячэраў на дачы разам з кіраўніцтвам СБУ. Юшчанку ўратавалі, але на Майдан-2004 палітык пайшоў са знявечаным тварам. Паводле аналізаў, атручаны ён быў дыяксінамі. Злачынства, зрэшты, так і не было раскрытае. У спісе патэнцыйных замоўнікаў атручвання у СМІ мільгаў шырокі спіс: ад Беразоўскага да маскоўскіх элітаў.

Твар Віктара Юшчанкі перад і пасля атручвання.jpg
Твар Віктара Юшчанкі перад і пасля атручвання

Калі вы заўважылі, у гэтым артыкуле шмат словаў «нібыта», «патэнцыйны», «па версіі». Бо спецыфіка такіх забойстваў і замахаў акурат у тым, каб заблытаць, напусціць пабольш туману. Каб ніхто нічога не даказаў, а ўсе вынікі аналізаў можна было аспрэчыць, назваць маніпуляцыямі. Дзе там тэлегледачу разабрацца ў дыяксінах, палоніі ці таліі?..

Сэнс таго ж «Навічка» акурат і палягае ў раскладанні рэчыва ў арганізме ахвяры. Імаверна, калі б Навальны памёр, а цела засталося ў Расіі, то ўсё спісалі б на цукроўку ці «атручванне самагонам». Ён выжыў, з’ехаў, а расследаванне ці не ўпершыню ў гісторыі дазволіла максімальна дакладна рэканструяваць усю спецаперацыю.

P.S.

Імперыя застаецца імперыяй. Багаж ведаў і традыцыяў з СССР паспяхова перакачаваў у сённяшнюю Расію. І ў гэтым кантэксце найбольш дзіўна назіраць нават не «здзіўленне і занепакоенасць» з боку Еўропы — нібы раней ніколі такога не было.

Найбольш дзіўна бачыць, што ў фільме-расследаванні Навальнага на мапе пералётаў палітыка і спецгрупы, якая за ім палявала, Крым быў пазначаны расійскім. Імперыя застаецца імперыяй. Хаця... Нібы раней ніколі такога не было.

Алесь Кіркевіч, budzma.org