16 кастрычніка стартуе цыкл лекцый «Больш чым прыгожа», прысвечаны розным спосабам асэнсавання мастацтва. Курс прапануе паглядзець на мастацтва не толькі як на калекцыю шэдэўраў, але і як на інструмент пазнання сябе і свету вакол.
Падчас дзесяці анлайн-сустрэч удзельнікі і удзельніцы разам з лектарам будуць даследаваць, як творы мастацтва выходзяць за межы эстэтыкі і змяшчаюць у сябе мноства сэнсаў. Асобная ўвага будзе нададзена беларускім помнікам культуры — іх ролі ў глабальным кантэксце і захаванню ўнікальнага голаса. Курс спалучае элементы культуралогіі, гісторыі і псіхалогіі, адкрываючы шлях да глыбейшага разумення чалавека праз мастацтва.
Лекцыі правядзе Дзмітрый Салодкі — выкладчык сусветнай мастацкай культуры, куратар выставачных праектаў, член Міжнароднага савета музеяў (ICOM) і былы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Курс пачнецца ўжо ў гэты чацвер з лекцыі «Свет людзей і свет мастацтва: сімвалы, значэнні, кропкі перасячэння». Далей сустрэчы будуць праходзіць кожны чацвер а 20:00 па менскім часе на YouTube-канале Scholars for Belarus.
З поўнай праграмай курса можна азнаёміцца тут. Курс рэалізуецца ў межах праекта Scholars for Belarus by akno e.V.
Scholars for Belarus стварае магчымасці для прафесійнага развіцця беларускіх даследчыкаў і даследчыц, а таксама забяспечвае трывалую сувязь паміж навукоўцамі і грамадствам. Scholars for Belarus існуе з пачатку гэтага года і за гэты час ужо паспеў реалізаваць некалькі праектаў у партнёрстве з вядомымі беларускімі ініцыятывамі: метадалагічную лабараторыю разам з Цэнтрам новых ідэй; конкурс аналітычных публікацый сумесна з RAZAM e.V.; конкурс на падтрымку лепшых навуковых прац у партнёрстве з Міжнародным Кангрэсам даследчыкаў Беларусі. А таксама запусціць конкурс міні-грантаў на правядзенне публічных навуковых мерапрыемстваў.
«Мы перакананыя, што свабодны доступ да навукі і адукацыі з’яўляецца асноватворным элементам грамадзянскай супольнасці, асабліва ў перыяды вымушанай міграцыі і нявызначанай будучыні», — падкрэсліваюць прадстаўнікі праекта і чакаюць вас на лекцыях.