У Беларусі забаронена рэкламаваць вучобу за мяжой без адпаведнага дазволу. Але можна дзяліцца ўласным досведам. Ініцыятыва «Сумленныя людзі» ладзіць серыю мерапрыемстваў, якія дапамогуць даведацца пра досвед атрымання вышэйшай адукацыі за мяжою. Дзе шукаць магчымасці для вучобы, чым адрозніваецца працэс навучання ў розных краінах і як выжываюць выпускнікі еўрапейскіх і амерыканскіх ВНУ без размеркавання. Першая анлайн-сустрэча будзе 27 красавіка.
У беларускай вышэйшай адукацыі шмат праблем. Але, калі бачыш толькі такую сістэму, бывае складана зразумець, як можа быць інакш. А гэта важна, каб мець магчымасць зрабінііць свядомы выбар. Для самой сістэмы адукацыі Беларусі закрытасць ад свету — таксама дрэнна: складана пераймаць паспяховыя практыкі, абменьвацца досведам і развівацца. Але моладзі даведацца пра досвед Еўропы і ЗША ўсё складаней, дзяржава стварае абмежаванні: напрыклад ў Беларусі забаранілі рэкламу вучобы за мяжой без адпаведнага дазволу ад Мінадукацыі і МУС. Адзіны замежны напрамак, які дазволены беларускам і беларусам дзяржавай, — гэта Расія.
Змяніць вышэйшую адукацыю краіны сёння мы не можам, але здольныя дапамагчы моладзі даведацца пра замежны вопыт. Таму «Сумленныя людзі» анансуюць серыю мерапрыемстваў, якія дапамогуць лепш даведацца пра досвед атрымання вышэйшай адукацыі за мяжою.
Першая сустрэча адбудзецца 27 красавіка а 17:00 па мінскім часе. Беларус Максім Багдановіч ужо скончыў Гарвард, у які паступіў у 17 гадоў, і гатовы падзяліцца асабістым досведам: пра экзамены і пошук стыпендыі, рэкамендацыі і матывацыйныя лісты, пра іншыя моманты, якія трэба ведаць абітурыенткам і абітурыентам.
Максім Багдановіч распавядзе сваю гісторыю і падзеліцца сакрэтамі ды лайфхакамі пра паступленне і вучобу ў Гарвардзе.
Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але патрэбная рэгістрацыя.
Чытайце яшчэ:
«Абставіны склаліся так, што я стала паліглотам». Беларуска вучылася ў трох краінах Еўропы і хутка паедзе ў чацвёртую