Сёння, 7 ліпеня, дзень нараджэння нашага выдатнага земляка — сусветна вядомага мастака Марка Шагала. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца ўнікальныя аўтографы, ілюстраваныя выданні, якія адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях творцы і культурную атмасферу пачатку ХХ ст.
Кніга мастацтвазнаўцаў Абрама Эфраса і Якава Тугендхольда «Искусство Марка Шагала», выдадзеная ў Маскве ў 1918 г., уключае трыццаць рэпрадукцый жывапісу і графікі мастака. Наклад налічвае 850 нумараваных экзэмпляраў. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 211. Кніга складзена пры ўдзеле Гуртка яўрэйскай нацыянальнай эстэтыкі «Schomir» («Шомір»), створанага ў канцы 1916 г. У афармленні вокладкі выкарыстаны малюнак Марка Шагала «Чалавек з адкінутай галавой».
Кніга надрукавана ў выдавецтве «Гелікон», якое працавала у Маскве ў 1917–1918 гг., затым — у Берліне і Парыжы. У выданні змешчана марка выдавецтва работы Лазара Лісіцкага. Гэты мастак уваходзіў у гурток «Schomir». Актыўны ўдзел у ім прымала віцебская мастачка Паліна Хентава, у якую Лісіцкі быў закаханы. Менавіта каханне прывяло Лісіцкага ў Віцебск. У 1919 г. ён быў прызначаны кіраўніком майстэрняў графікі, друкарскай справы і архітэктуры ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. Разам з Казімірам Малевічам Лазар Лісіцкі браў удзел у стварэнні і рабоце авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВІС. Шагал, Лісіцкі і Малевіч дэкарыравалі будынкі горада да свят у супрэматычным стылі, стваралі ўрачыстае ўбранне тэатра, арганізоўвалі выставы і філасофскія дыспуты. У Віцебску Лазар Лісіцкі ўпершыню скарыстаў псеўданім Эль Лісіцкі.
Праз два гады пасля выдання кнігі Абрам Эфрас прыцягне Марка Шагала да працы ў Яўрэйскім камерным тэатры ў Маскве. Летам 1920 г. Шагал сышоў з віцебскай вучылішча, якое дагэтуль узначальваў, і разам з жонкай і дачкой выправіўся ў Маскву. Абрам Эфрас, які загадваў у тэатры мастацкай часткай, угаварыў заснавальніка тэатра і рэжысёра Аляксея Граноўскага заказаць Шагалу мастацкае афармленне першага маскоўскага спектакля з трох аднаактавых п’ес Шалом-Алейхема.
Кніга «Marc Chagall» мастацтвазнаўца Карла Віта (Karl With) уключае артыкул пра творчасць Марка Шагала і малюнкі 1909–1922 гг. Кніга выдадзена ў 35-м выпуску серыі «Маладое мастацтва» ў 1923 г., калі аўтар быў прафесарам Бонскага ўніверсітэта.
Паэтычны зборнік «Poèmes d’amour» («Вершы пра каханне») нямецка-французскай пісьменніцы Клер Голь з ілюстрацыямі Марка Шагала выдадзены ў Парыжы ў 1925 г. Наклад — 600 нумараваных экзэмпляраў, надрукаваных на паперы вержэ.
У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 4. У пачатку XX ст. папера вержэ лічылася высокагатунковай, выкарыстоўвалася пераважна для вырабу малатыражных і падарункавых выданняў. У выданне ўключаны 4 малюнкі Шагала.
Кніга «Suite provincial» («Правінцыйная сюіта»), выдадзеная ў Парыжы ў 1927 г., змяшчае 92 малюнкі Марка Шагала. Аўтар, французскі мастацтвазнаўца, пісьменнік і калекцыянер Гюстав Кокіа, высока цаніў і набываў работы Шагала яшчэ ў першыя гады яго жыцця на Манпарнасе. У кнізе ў славесна-графічных вобразах прадстаўлены свет правінцыйнай Францыі.
У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 223 з аўтографам мастака. На авантытуле змешчаны дароўны надпіс: «A Marie-Louise et Florent Fels amicalement Marc Chagall. 1927» («Мары-Луізе і Фларану Фельсу па-сяброўску Марк Шагал. 1927»). Аўтограф адрасаваны французскаму мастацтвазнаўцу і журналісту Фларану Фельсу.
Кніга «Marc Chagall» была выдадзена ў парыжскім выдавецтве «Galimard» у 1928 г. у серыі «Les peintres français nouveaux» («Новыя французскія мастакі»). Гэта адна з манаграфічных работ пра Шагала, якая сведчыць аб прызнанні мастака ў сталіцы сусветнага жывапісу. Уводны артыкул мастацтвазнаўца Вальдэмара ЖоржКніга, вокладка і тытульная старонка з партрэтам Шагала, 29 чорна-белых рэпрадукцый яго жывапісных і графічных твораў. У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 31 з аўтографам мастака. Аўтограф прыцягвае ўвагу незвычайным структурным рашэннем і арыгінальнай кампаноўкай. Над дароўным надпісам «Pour mon ami Fels Chagall» («Майму сябру Фельсу — Шагал») размешчаны малюнак жаночай фігуры і зоркі Давіда. Як і ў папярэдняй кнізе, аўтограф адрасаваны Фларану Фельсу, які ўзначальваў часопіс «Action» і падтрымліваў маладых пісьменнікаў і мастакоў.
Аўтабіяграфічная кніга «Ma vie» («Маё жыццё») Марка Шагала была выдадзена ў Парыжы ў 1931 г. на французскай, пераклад зрабіла жонка мастака Бэла Шагал. Кніга мае прысвячэнне: «Бацькам, жонцы, роднаму гораду». У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца асобнік № 525 з аўтографам мастака. Дароўны надпіс на рускай і французскай мовах адрасаваны бібліятэцы, якая была створана ў Парыжы для рускіх студэнтаў: «Тургеневской библиотеке от автора Paris 1933 Марк Шагал». На верхнім форзацы, тытульнай і асобных старонках прастаўлены штамп: «Bibliothèque Russe Tourguenev 9, Rue du Val-de-Grâce, 9».
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.