Безумоўна, у карты гралі і да таго часу, але маштаб гульняў XVIII стагоддзі пераўзышоў усе ранейшыя межы. Ён быў настолькі значным, што на картачныя гульні Людовікам XV нават быў уведзены адмысловы падатак, што мусіў залапіць дзіркі ў каралеўскім скарбе і прафінансаваць пабудову Ваеннай школы ў Парыжы.На агульнай хвалі папулярнасці карт ды іншых настольных забаваў у Францыі ў XVIII стагоддзі пачынаюць стварацца і адукацыйныя гульні. У 1711 годзе выходзіць кніга «Увядзенне ва ўсеагульную геаграфію», якая, паводле вызначэння аўтара, была «больш гульня, чым вучоба». Вельмі распаўсюджаным робіцца выданне «Акадэмія гістарычнай гульні» (1718), а ў 1740-я гады сціскаюць да гульнявога фармату нават лацінскую граматыку. Праз адаптаваныя карты спрабавалі вывучаць геральдыку, музыку, мову, гісторыю, геаграфію, а ў канцы стагоддзя — засвойваць новыя рэвалюцыйныя каштоўнасці.
Спынімся на адным яскравым артэфакце той прыўкраснай эпохі. Ідэальным спалучэнні павеваў Асветніцтва з наймаднейшымі спакусамі тагачаснага вышэйшага свету — картачнай гульні з геаграфічным зместам. Гульні, якая наўпрост датычыцца нашай радзімы.
«Гэта спосаб ужыць на карысць іх розуму страту іх грошай»
Гэтыя картачная гульня стала плёнам супрацы вядомага парыжскага гравёра і выдаўца эстампаў Мікалая Жан-Батыста дэ Пойі (1707–1780) і прадпрымальніка, які спецыялізаваўся на вытворчасці ігральных карт, — Жан-Батыста Мітуара. Апошні актыўна працаваў у 1746–1770 гадах на французскім рынку і меў не абы-якую рэпутацыю за густ і высокую якасць прадукцыі.
Гульня, пра якую мы кажам, прадавалася ў выглядзе адмысловага камплекта з інструкцыяй пад камерцыйнай назвай «Карты для вывучэння геаграфіі». Калі мастак і выдавец былі дастаткова вядомымі асобамі, то з аўтарам арыгінальнай задумы — усе больш складана. Зрэшты, даследчыкам удалося ідэнтыфікаваць асобу аўтара і зразумець, навошта яму спатрэбілася распрацоўваць такі маштабны адукацыйна-займальны праект па геаграфіі. Ім апынуўся інжынер-географ спадар Дэлэстр, які, магчыма, атрымаў адукацыю пры французскай Акадэміі навук. Ён задумаў гэты праект, калі апынуўся на службе ў замку Ісі ў сям’і Луі-Франсуа дэ Бурбона Канці (1717–1776). Абавязкам інжынера, відаць, быў не толькі дагляд тамтэйшых фартыфікацый, але і выхаванне адзінага сына патрона, хваравітага і кволага Луі-Франсуа-Жазэфа Бурбона (1734–1814). Відавочна, што якраз у пачатку 1750-х гадоў гэты вучань пачаў вучыць геаграфію… Адначасова ў парыжскім выдавецтве з’явіўся набор ігральных геаграфічных карт з адмысловым прысвячэннем дому дэ Канці, па якіх малады «прынц крыві» мог вандраваць па ўсім свеце, не пакідаючы палаца ў французскай сталіцы.
Дарэчы, адначасова гэта быў і досыць удалы камерцыйны праект, бо карты працягвалі прадавацца яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў у Парыжы, Бардо, Авіньёне, Лазане, Жэневе, Амстэрдаме і Брусэлі па добрым кошце ў 24 ліўры. Больш таго, на карты быў попыт. Таму ў 1772 годзе быў зроблены нават дадатковы наклад. А выдавец Мітуар, дзякуючы гэтаму і іншым наватарскім праектам, стаў яшчэ больш вядомым у інтэлектуальным асяродку Парыжа.
У рэкламным артыкуле «Газеты вучоных» у 1752 годзе сцвярджалася, што карты зробленыя ў той жа паслядоўнасці і логіцы, «як настаўнік геаграфіі ажыццяўляе яе выкладанне», а таксама была акрэслена мэтавая аўдыторыя патэнцыйных пакупнікоў: «Бацькі і маці, настаўнікі пансіянатаў і ўсе, хто вучыць геаграфію». Памер карт быў дастаткова невялікі (8,4 x 6,1 cм), але дазваляў змясціць шмат інфармацыі.
За што плаціў аматар азартных гульняў? Было два варыянты: першы — больш танны, разлічаны, відаць, на французскіх патрыётаў (уключаў толькі гальскія тэрыторыі). Другі — для аматараў еўрапейскай палітычнай геаграфіі. Поўная версія гульні складалася з набору ў адмысловай скрыні з вечкам, якая ўключала ў сябе тры камплекты па шэсць калод карт з адмысловай інструкцыяй на трыццаці старонках. У ёй аўтар тлумачыў сэнс задумы, педагагічны эфект, магчымыя варыянты гульні для найлепшага авалодання геаграфіяй і пашырэння кругагляду ў моладзі.
Калода карт Дэлэстра мела чатыры колеры: чырвоны, жоўты, зялёны і сіні. Кожная масць складалася з 13 карт, як і мусіла быць у традыцыйнай калодзе. Каралі і дамы ў каронах, а ніжнікі (вальты) убраныя ў каўпакі ці шапкі, у адпаведнасці са звычаямі той ці іншай краіны.
На карце з каралём друкаваліся звесткі пра краіну ці правінцыю, называлася яе сталіца. Каралева ўтрымлівае звесткі пра адміністрацыйны падзел тэрыторыі. Ніжнік — назвы галоўных рэк. Туз вылучаўся выявай гербу краіны і дадатковымі звесткамі пра ўрадлівасць і камерцыю краю. Для карт у кожнай масці 10, 9, 8, 7, 6, 5, 4, 3, 2 — была прымеркаваная адпаведная колькасць графічных элементаў (гарады з іх адлегласцю да сталіцы, інфармацыя пра рэкі, на якіх яны стаяць). Дэлэстр выбачаўся, што з-за фармату карт яны змяшчаюць далёка не ўсю інфармацыю, але бадай дастатковую для моладзі для пачатку навучання.
Як трэба было абыходзіцца з картамі? Самы просты варыянт — граць з імі ў звычайныя гульні, бо яны былі да гэтага цалкам адаптаваныя. Але стваральнік прадугледзеў некаторыя асаблівасці, каб яны лепей служылі адукацыі. Ён увёў дадатковую карту з сапраўднай геаграфічнай мапай дзяржаваў і правінцый у адпаведнасці з агульнай колькасцю калод. Астатнія 13 карт у камплекце былі іх дадаткам і працягам. Гэтыя чатыры геаграфічныя карты ў пачатку гульні раздавалі ўдзельнікам, што вызначала іх месца за сталом (супадала з правілам гульні ў папулярную ў той час «Кадрыль»). Гулец, які глядзеў на гэтую карту ўсю гульню, вывучаў абрысы краю, які ён па волі лёсу рэпрэзентаваў. З гэтымі картамі можна было іграць у іншыя гульні, пашыраныя ў французскім каралеўстве XVIII стагоддзя: «пікет», «медыятар», «віст».
Каб азарт не зусім засціў вочы і не замінаў педагагічным мэтам, Дэлэстр палічыў магчымым увесці пэўныя дадатковыя правілы. Прыкладам, у час гульні супернікі мелі права запытваць адзін у аднаго сталіцы дзяржаваў, кліматычныя ўмовы і геаграфічныя тэрміны («Што такое выспа? — Выспа, гэта тэрыторыя меншая за кантынент, абкружаная вадой»). А атрымаўшы даму ці караля, удзельнік гульні мусіў услых пераказаць змест карты. Цікава: Дэлэстр прадбачыў, што яго ўмовы могуць быць занадта нуднымі і складанымі для маладых гульцоў. Але тое яго не дужа засмучала: ён верыў, што нават пры самай простай аўтаматычнай гульні элементы ведаў міжволі закладаюцца ў галовы маладзёнаў, дзякуючы іх учэпістай памяці.
«Зялёныя — козыр»
Сёння ў шматлікіх калекцыях і кнігазборах захоўваюцца поўныя камплекты «Карт каб вывучаць геаграфію» Дэлэстра. У прыватнасці, у Музеі французскіх ігральных карт зберагаецца скрынка з арэху значных памераў, абклееная мармуровай паперай, у адмысловых ячэйках якой месцяцца калоды карт — шыкоўных эстампаў рукі мастака-мініяцюрыста з дынастыі Паолі, размаляваныя пэндзлем у колеры масці.
Адна калода для частак свету; шэсць — для Францыі; тры — для Германскай імперыі; адна — для Англіі, Шатландыі, Ірландыі і Галандыі; адна — для Швецыі, Даніі, Нарвегіі і Прусіі; дзве — для Італіі; дзве — для Іспаніі і Партугаліі… Дзе шукаць Беларусь? У калодзе «Вялікая Польшча, Малая Польшча, Чырвоная Русь і Літва», згодна з рэаліямі геапалітыкі сярэдзіны XVIII стагоддзя. Да падзелаў Рэчы Паспалітай было яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, а таму запакаваць абшары Рэспублікі Абодвух Народаў у калоды карт Прусіі, Аўстрыі і Расіі ніхто не спяшаўся.
То бок, Дэлэстр зрабіў адмысловую калоду карт, якая ўключыла ўсю тагачасную Рэч Паспалітую. Вялікая і Малая Польшча — жоўты і чырвоны колер, Чырвоная Русь — сіні, а Літва — зялёны. У Рэчы Паспалітай няспешна бег час каралявання перадапошняга манарха — Аўгуста Саса, які стаў каралём у 1733 годзе пры дапамозе расійскай зброі. А французы ў час «Вайны за польскую спадчыну» (1733–1735) былі не супраць паставіць на гэта месца свайго пратэжэ, цесця Людовіка XV, Станіслава Ляшчынскага.
Дарэчы, Луі-Франсуа дэ Бурбон Канці (якому была прысвечаная гэтыя геаграфічныя забава), пачынаў сваю бліскучую вайсковую кар’еру якраз з удзелу ў гэтым канфлікце ў складзе Рэйнскага войска Францыі. Магчыма, гэтым тлумачыцца такая пільная ўвага Дэлэстра да Рэчы Паспалітай. Каб дагадзіць патрону, ён выпусціў для яе асобную гульнявую калоду. Гэта тым больш цікава, бо пасля пэўнага ўздыму зацікаўленасці ў Францыі да Рэчы Паспалітай у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя, у час стварэння карт Дэлэстра, гэты інтарэс фактычна знікае, што было, відаць, вынікам значнага аслаблення ўплыву польска-ліцьвінскай федэрацыі ў Еўропе ды пашырэння анархіі ўнутры краіны (Для параўнання: часам буйнейшыя краіны траплялі ў больш шчыльную кампанію. Так, усяго адна калода была прадугледжана для Венгрыі, Трансільваніі, Турцыі і Масковіі).
Час пазнаёміцца з Вялікім княствам Літоўскім! Якую інфармацыю на невялічкіх картах для гульні змог змясціць гравёр Паолі?
Мапа ВКЛ
Мапа ВКЛ пафарбаваная ў зялёны колер і арыентаваная не на поўнач, а на ўсход. Моцная дэфармацыя канфігурацыі дзяржавы, відаць, выкліканая неабходнасцю ўпісаць вялікую тэрыторыю ў спецыфічны фармат ігральных карт. Сустракаюцца відавочныя памылкі (Браслаў пазначаны як Брэслаў і гэтак далей).
Літва
Туз
Вялікае Княства Літоўскае вельмі ўрадлівае на зерне ўсіх гатункаў. Пашы выдатныя; тут знаходзіцца шмат лясоў, поўных усімі відамі дзічыны, дзікіх жывёлаў і раёў дзікіх пчол, што робяць свае вуллі ў ствалах дрэваў, а іх мёд белы з вытанчаным цудоўным смакам; у рэках шмат рыбы. Выява — герба «Пагоня».
Камерцыя Літвы канцэнтруецца ў Вільні, дзе знойдзеш усе віды тавараў.
Жамойція — гэта край лясоў і вельмі высокіх пагоркаў, дзе шмат ласёў. Яна багатая на мёд, тамтэйшыя коні ў вялікай павазе.
Кароль
Вільня — сталіца ВКЛ. Рака Вілля. Адлегласць ад Кракава 158 лье. Стылізаваная выява Вільні на рацэ Віллі.
ВКЛ на поўначы мяжуе з Курляндскім княствам, Лівоніяй і Маскоўскай імперыяй, на ўсходзе з Маскоўскай імперыяй, на поўдні з Валынню і Чырвонай Руссю, на захадзе з Польшчай і Прускім княствам. Злучана з ВКЛ Курляндыя, абмежаваная на поўначы Балтыйскім морам і Лівоніяй, на поўдні і ўсходзе ВКЛ, на захадзе — Балтыйскім морам.
Дама (каралева)
Мінск («Minski»), цэнтр аднайменнага ваяводства на рацэ Свісалач. Адлегласць ад Кракава 176 лье.
ВКЛ дзеліцца на тры часткі: уласна сама Літва, малая Белая Русь і Жамойція. Сама Літва мае два ваяводствы: Віленскае і Трокскае. Малая Белая Русь уключае ў сябе шэсць ваяводстваў: Навагрудскае, Берасцейскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае.
Жамойція не мае ўнутранага падзелу. Курлянскае Герцагства дзеліцца на ўласна Курляндыю і Сямігалію.
Валет
Мсціслаў, цэнтр аднайменнага ваяводства на рацэ Сож (Мсціслаў знаходзіцца на рацэ Віхры, даплыве Сажа. Але на карце паказваецца Сож, відаць, як буйнейшая бліжэйшая рака. Хаця ў іншых выпадках, такога спрашчэння не дапускаецца. Напрыклад: «Навагрудак на ручаіне, Ашмяны на ручаіне, Браслаў на возеры». — аўт.). Адлегласць ад Кракава 257 лье.
Найбольш значныя рэкі, што арашаюць ВКЛ, Жамойцію і Герцагства Курляндскае, ёсць Нёман, Дзвіна, Днепр, альбо Барысфен, і Прыпяць.
Менш значныя Вета, Муша, Дзісна, Вілля, Шчара, Беразіна, Одрваць (Друць), Сож, Гарынь, Стыр.
Далей калода складаецца з васьмі карт, арганізаваных такім чынам, каб дэманстраваць адлегласць кожнага паселішча ад Кракава і яго прыналежнасць да пэўнага ваяводства.
10-ка
Віленскае ваяводства ВКЛ: Ашмяна, Вязынь (на Віллі), Мядзел, Браслаў, Вялікамір. Трокскае ваяводства ВКЛ: Трокі (сталіца ваяводства), Коўна, Аліта, Ліда, Беліца.
9-ка
Трокскае ваяводства ВКЛ: Гродна, Луна, Ваўкавыск. Ваяводства Навагрудскае ў малой Русі Белай: Навагрудак (сталіца ваяводства), Масты, Любань, Нясвіж, Петрыкавічы, Парычы.
8-ка
Ваяводства Берасцейскае ў малой Русі Белай: Бярэсце сталіца, Сяльцо (на Ясельдзе), Пінск, Кольна на Прыпяці. Ваяводства Мінскае ў малой Русі Белай: Барысаў, Пухавічы, Свіслач, Бабруйск.
7-ка
Ваяводства Мінскае ў малой Русі Белай: Рэчыца, Горваль, Чачэрск, Рагачоў. Ваяводства Мсціслаўскае ў малой Русі Белай: Крычаў, Быхаў, Магілёў (відавочная памылка, бо Орша, Шклоў, Быхаў, Магілёў былі ў Віцебскім ваяводстве — аўт.).
6-ка
Ваяводства Мсціслаўскае ў малой Русі Белай: Орша, Одручко (Друцк), Шклоў. У сярэдзіне XVII стагоддзя горад быў разбураны і канчаткова прыйшоў у заняпад. Аднак на картах Дэлэстра «беларуская Троя» яшчэ выступае як адно са значных паселішчаў Мсціслаўскага ваяводства. — аўт.). Ваяводства Віцебскае ў малой Русі Белай: Віцебск (сталіца ваяводства), Сураж, Гарадзецк (Гарадок).
5-ка
Ваяводства Віцебскае ў малой Русі Белай: Ула, Лукомля. Ваяводства Полацкае ў малой Русі Белай: Полацк (сталіца ваяводства), Туроўля, Суша.
4-ка
Ваяводства Полацкае ў малой Русі Белай: Ушачы, Дрыса. Княства Жамойція: Расіены, Меднікі.
3-ка
Біржы ў Жамойціі. У Курляндыі: Віндаў, Голдынген.
2-ка
У Сямігаліі, у герцагстве Курляндскім: Мітава, сталіца Сямігаліі і Курляндыі, Egypten (Egypten — такі дзіўны тапонім сапраўды існуе і лакалізуецца недалёка ад Даўгаўпілса (Ēģipte — Medumu pagasts)).
Крыніцы натхнення Дэлэстра
Чым мог карыстацца Дэлэстр, апісваючы Беларусь? Чаму менавіта такая інфармацыя трапіла на карты?
Біяграфія Дэлэстра фактычна не вывучаная. Будзем сыходзіць з таго, што пры падрыхтоўцы свайго праекта ён запазычваў звесткі з найбольш аўтарытэтных і сучасных крыніц па геаграфіі Рэчы Паспалітай. Безумоўна, спыніцца на ўсіх выданнях той эпохі цалкам нерэальна, таму абмяжуемся некалькімі пазіцыямі, які найперш звяртаюць увагу з-за відавочнага падабенства.
На першае месца просіцца чатырохтомнае выданне эрудыта і энцыклапедыста Нікаля Лэнгле (Nicolas Lenglet Du Fresnoy) пад тытулам «Метад для вывучэння геаграфіі, у якім даецца дакладнае апісанне Свету, узятае з лепшых аўтараў» (Парыж, 1716). Яно некалькі разоў перавыдавалася і было ў той час найбольш актуальным і дасяжным. У 1730-х гадах Лэнгле адаптаваў свой твор па геаграфіі для выхавання дзяцей, гэта кніга была выдадзена ў перакладзе ў Віленскай друкарні ў 1780-х гадах. А кніга па гісторыі Лэнгле дае разгорнуты нарыс развіцця ВКЛ і Польшчы да канцы XVII стагоддзя.
Пры апісанні Рэчы Паспалітай Лэнгле цешыў самалюбства французаў заўвагай, што «Польшча адносіць да сваіх найлепшых дзён тыя, што прайшлі пад уладай Прынца з дынастыі Анжу (Генрых Валеза)». У параграфе гэтай кнігі, што змяшчае апісанне ВКЛ, тлумачыцца нечаканае далучэнне да «малой Белай Русі» Берасцейшчыны, што раней стала адносілася да рэгіёну Літвы. «Уласна Літва, паводле Starovolscius, за якім паўтарае большасць географаў, уключае Віленскае, Трокскае і Берасцейскае ваяводствы, але гэта апошняе перанёс у малую Белую Русь вучоны Hartnock, якому мы верым і за ім паўтараем» (заўважым, што тут выкарыстоўваецца не проста дэфініцыя «Белая Русь», а «малая Белая Русь» — без асобнага тлумачэння неабходнасці дадатку «малая». — аўт.).
Згодна з гэтым тлумачэннем, параграф «Малая Белая Русь» сапраўды апісвае згаданыя ваяводствы. Пра Берасцейскае дадаецца (да гонару аўтара), што яно з’яўляецца цэнтрам рэгіёна, званага Палессе. А Мінск паўстае як «вельмі моцны замак сярод балот» (магчыма таму для сваёй дамы Дэлэстр абраў з магчымых варыянтаў менавіта Мінск).
Нарыс пра ВКЛ заслугоўвае асобнага аналізу, бо ў ім шмат вартых дэталяў пра наш «дастаткова ветлівы і жыццярадасны» народ шляхецкі. А візітнай карткай ВКЛ з’яўляліся лясы, воск, мёды і «такая славутая медавуха»…
У некаторых фрагментах тэксты карт Дэлэстра наўпрост цытуюць сачыненне Лэнгле. Напрыклад, тэкст з Туза: «Жамойція … тамтэйшыя коні ў вялікай павазе», а ў Лэнгле знаходзім лагічны фінал сказу «…тамтэйшыя коні ў вялікай павазе за іх лёгкасць і хуткасць».
Не правінцыя
Нават такая легкадумная крыніца, як гэтыя геаграфічныя карты для гульні, дае нам цікавы злепак уяўленняў замежнікаў пра нашу Бацькаўшчыну трыста — трыста пяцьдзясят гадоў таму. Відавочна, мела месца пэўнае спазненне ў абнаўленні звестак пра ўрбаністыку ВКЛ, іначай не патлумачыш згадкі як значных цэнтраў Друцка, Вязыні, Улы, Сушы, якія хутчэй звязаныя з беларускімі рэаліямі ХVII стагоддзя, чым сярэдзіны ХVIІI стагоддзя.
Паводле гульні, ВКЛ мела выразныя асаблівасці і выглядала не так блага: досыць урадлівае, прыдатнае да жыцця, са шматлікімі гарадамі, з лясамі, і, што адметна, вельмі пчаліны край. Не выглядае яно і польскай правінцыяй, што будзе пазней пераважаць ва ўяўленнях еўрапейцаў ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, пераважна дзякуючы высілкам польскай эміграцыі.
Падсумоўваючы, скажам, што гейміфікацыя асветы пачалася не сёння. Карты Дэлэстра яшчэ раз даказваюць, што адукацыя не павінна быць выключна сумнай і акадэмічнай справай, але можа ўключаць і элементы спаборніцтва; цікавай і захапляльнай для вучняў, прыбытковай для выдаўцоў і выніковай для выкладчыкаў.