Мала хто любіць крытыку. А сапраўды, каму спадабаецца, калі яму будуць паказваць на яго памылкі, хібы і слабыя месцы? Але іншага боку, калі б не яна, то ўсё лічылася б цудоўным і выдатным у гэтым далёка не ідэальным сусвеце. Якія межы паміж крытыкай і хейтам? Як ставіцца да іншадумства і ўказання на вашыя хібы? Ці патрэбная ўвогуле крытыка ў Беларусі?
Крытыка мае вельмі доўгую гісторыю, якая заўсёды суправаджаецца такімі “прыемнымі” рэчамі, як смяротныя пакаранні, вогнішчы, шыбеніцы, забароны, турмы і шмат чаго іншага, але не менш “цікавага”. З даўніх часоў людзі не трывалі іншадумства, крытыкі аўтарытэтаў і скрэпаў, што пануюць на той ці іншай прасторы. Але сітуацыя паціху пачала выпраўляцца з Рэфармацыі, дзе Марцін Лютэр усё ж змог раскрытыкаваць тагачасную каталіцкую царкву і заснаваць пратэстанцтва. Гэта дало зразумець, што цяпер крытыка і іншадумства паціху будуць захопліваць еўрапейскую прастору. З цягам часу з’явіліся газеты і крытыкі, якія спрабавалі паказаць на слабыя і моцныя бакі падзей, мастацкіх твораў і трэндаў. І што мы атрымалі ў выніку? Правільна, прагрэс чалавецтва паскорыўся, мастацтва, палітыка, грамадская супольнасць, правы чалавека і г.д. пачалі актыўна развівацца. А чаму? Бо менавіта крытыка выклікае і нараджае дыялог, паказвае слабыя месцы, а іншадумства дазваляе паглядзець на звычайныя рэчы пад іншым вуглом.
І вось тут мы прыходзім да нашага сёння і Беларусі. На жаль, у краіне з’явілася тэндэнцыя, што крытыка як бы і не патрэбная. Калі з цяперашнімі ўладамі ўсё зразумела, то што можна сказаць аб мастацтве ды нашай беларускай прасторы, дзе большасць выступае за дэмакратычныя каштоўнасці?
Мастацкая крытыка, канечне, ёсць, але яе, на жаль, вельмі мала і збольшага для ўнутранага спажывання. Аўдыторыя далёка не масавая, попыт адносна нізкі, то і сэнсу ствараць адкрытую крытыку і дыялог як бы няма. Мне падаецца, што гэта можа выправіцца, калі сама крэатыўная індустрыя пачне хутка развівацца. Але ж… Нават тут наўрад ці знойдзецца асоба, якая зможа наўпрост і публічна сказаць, якія праблемы ёсць і якія слабыя месцы гадамі не прапрацоўваюцца мастацкім цэхам. Фактычна, яго можна лічыць даволі закансерваваным, а мясцовыя “хуліганы” калі і ёсць, то хутчэй за ўсё ў вельмі моцным андэграўндзе і партызаншчыне, якая не даходзіць да больш публічнай і масавай прасторы. Але ж тут і няма нават тупога хейту – наўпростай нянавісці і аблівання брудам. Чаму? Хутчэй за ўсё, зноў жа праз закрытасць структуры.
Калі вярнуцца да беларускай нацыянальнай прасторы, то тут сітуацыя больш цікавая. Ёсць аўтарытэты, апазіцыя, пэўныя лідары меркаванняў і нават свая аўдыторыя, няхай і не вельмі масавая. Я не дарма часта называю гэта гета, бо тут настолькі аўтаномная структура, што гэта нагадвае краіну ў краіне – Беларусь у Беларусі. І тут, дзе большасць заяўляе пра дэмакратыю і свабоды, як бы павінен быць пастаянны дыялог, пошук лепшага, развіццё і, вядома, свае крытыкі. Але ж гэта не так. На жаль, праз закрытасць і варку ў адным катле ўсю гэтую прастору можна падзяліць на фанатаў, хейтараў і апазіцыянераў.
Першая група ўвогуле не прымае іншадумства, бо лічыць, што іх кумір, арганізацыя ці погляд маюць абсалютную праўду, якую нават не трэба абмяркоўваць. Вось так яно ёсць і ўсё. Тут да любой крытыкі ставяцца проста: хто не з намі, той наш вораг. На жаль, тут спарадзіць дыскусію не атрымаецца, бо большасць гэтай суполкі не здольная прымаць іншае меркаванне, а тым больш задумвацца пра свае хібы.
Хейтары недалёка адышлі ад фанатыкаў, проста іх “кумір” – гэта выраз “усё лайно”. Яны не будуць абмяркоўваць, шукаць хібы і да чагосьці заклікаць ці рабіць тую ці іншую ацэнку. Ім нават не патрэбныя факты, бо навошта, калі гэта лайно і ўсё тут? І нават калі яны не маюць рацыі, яны нападуць на любога іншадумца з тым жа прынцыпам – ён лайно, бо гэта факт. Дамаўляцца і будаваць дыялог тут таксама немагчыма, бо канцоўка відавочная – вы станеце часткай іх сусветнага хейту.
І апошняя суполка – апазіцыянеры. Не, я не пра палітычны кірунак, а ход душы. Яны маюць свае вывады, у якіх нават бывае крытычным базіс. Але ж іх мэта не палепшыць, а паказаць, што яны лепшыя за астатніх, бо менавіта гэтыя – жулікі, злодзеі і здраднікі. Яны нават прывядуць крытычныя факты, змогуць пэўныя рэчы даказаць, пераўпэўніць і нават пайсці на дыялог і пошук праўды, але толькі да той пары, пакуль вы не пачняце паказваць на іх асабістыя хібы. І вось тут можа ўзарвацца бомба, і замест “апазіцыянераў” вы пабачыце звычайных фанатыкаў ці тых, хто проста будзе апраўдвацца і пастаянна паказваць на іншых, бадай, глядзі, яны нашмат горшыя за нас, дык чаго тады нас кранаць? Таму тут сітуацыя лепшая, але зноў неадназначная.
Дык дзе тут крытыкі? На жаль, недзе ўбаку, у лесе, дзе ціхенька нешта абмяркоўваюць, баючыся, што іх пачуюць, бо тады астатнія суполкі, у залежнасці ад зместу крытыкі, зробяць усё, каб яе задавіць, знішчыць, а аўтара публічна прынізіць ці выставіць здраднікам. То бок гэтая прастора існуе на адным законе – справа кожнай групы настолькі мае рацыю, што любая крытыка яе лічыцца здрадай, выдаецца за хейт ці варожую змову. І любы, хто паспрабуе парушыць гэтае правіла, аўтаматычна стане ворагам і дысідэнтам прасторы.
Гэта можна добра адсачыць нават па рэакцыі на мой артыкул пра нацыянальны ўніверсітэт, дзе замест адказаў на пытанні, дыялогу я атрымаў цэлы шэраг абвінавачванняў і адмову нешта тлумачыць. За гэты перыяд мяне ўмудрыдіся абвінаваціць нават у здрадзе і прадажнасці, былі нават спробы звязаць маю крытыку з маёй нацыянальнасцю, якую нават не заўсёды правільна ідэнтыфікавалі. Карацей, замест пошуку праўды, было прасцей закляйміць і зрабіць усё магчымае, каб я больш нічога не казаў. І цяпер стала зразумела, чаму не так шмат людзей бярэ на сябе гэтую ролю, бо хто хоча аказацца выгнаннікам?
Але адсутнасць крытыкі спараджае вялікія наступствы. Прасторы пачынаюць яшчэ больш замыкацца ў сабе, ідэі і мэты дэградуюць, а погляды робяцца догматамі. Такім чынам, замест развіцця, мы атрымліваем квазісярэднявечча, дзе іншадумства, крытыка – ерась, а не рухавік пошуку праўды і лепшага шляху. Такім чынам, маем што маем – большасць структур і поглядаў марудна дэградуе, ператвараючыся ў пэўныя рэлігіі, дзе замест множнасці прынцыпаў застаецца нейкі адзін, але менавіта за яго гатовыя бяздумна парваць. Напрыклад, як цяпер з беларускай мовай: замест часткі ідэі нацыянальнага адраджэння яна стала рэлігіяй, дзе ўсе метады добрыя, а тыя, хто супраць, горшыя за ворагаў.
Менавіта таму тыя, хто ўсё ж не баіцца выказвацца, паказваць на памылкі і трансляваць іншадумства, – сапраўдныя героі, бо, нягледзячы на наступствы, усё роўна пагадзіліся на гэтую ролю і робяць тое, што сапраўды можа спарадзіць нешта новае, выдатнае і прагрэсіўнае.
І вось тут, пабачыўшы агульны стан, некаторыя задаюць пытанні – што рабіць? Як выправіць? Ці патрэбная крытыка?
Крытыкуйце часцей, але не хейціце. Нават указваючы на памылкі, дапускайце сваю памылковасць, ідзіце на дыялог, заклікайце да пошуку кампрамісу і лепшага шляху. Чым больш іншадумства і крытыкі, тым хутчэй, як мне падаецца, пачнецца рэнесанс, новы скачок развіцця.
А ці трэба гэта… Зірніце крытычна на ўсё, што адбываецца навокал, і задайце самі сабе гэтае пытанне. Думаю, вы хутка знойдзеце правільны адказ.
Багдан Сакалоў