Гэта ліст быў падрыхтаваны для часопіса «Український тиждень», але пакуль сайт не працуе, то пісьменнік выставіў яго на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Мне вельмі не хацелася б, каб гэты тэкст выглядаў як апраўданьне. Апраўдвацца перад Украінай ужо позна -- дый ня мае сэнсу, машына вайны запушчаная, сьмерць ідзе адразу з розных бакоў, у тым ліку з тэрыторыі маёй радзімы, і апраўданьнямі яе не спыніць. І мне вельмі не хацелася б, каб мой тэкст быў прачытаны як пакаяньне. Няхай каюцца тыя, у каго на руках кроў. Вы на вайне, і вы бароніце сваю краіну – а мы не ў царкве. І ўсе мы разам на судзе гісторыі, па розныя бакі ня намі праведзенай цывілізацыйнай мяжы. У страшныя дні, найперш для Ўкраіны, але і для ўсёй Эўропы, спайманай у вечную пастку свайго імкненьня да міру любой цаной. Той Эўропы, у якую я яшчэ веру і надзеяй якой вы цяпер ёсьць».
«“Мы, беларусы, мірныя людзі”». Доўгі час такая формула задавальняла ўсіх. Яе ахвотна выкарыстоўвала як дзяржаўная прапаганда, так і праціўнікі ўлады. Мы мірныя людзі. Гэта была дэклярацыя, пад якой падпісаліся б і ўлада, і апазыцыя».
«Вобраз “мірных людзей” рассыпаўся – ужо навечна. Як і вобраз нас як ахвяраў – якіх стагодзьдзямі прыгняталі і вынішчалі, а яны здолелі ацалець і вартыя за гэта павагі».
«Таму я, беларускі пісьменьнік Бахарэвіч, гатовы прыняць на сябе маю частку адказнасьці за тое, што адбываецца. Я гатовы прыняць на сябе беларускія сорам і ганьбу – як гэта некалі, у часы другой сусьветнай, рабілі нямецкія літаратары ў эміграцыі. Гэта адна з задачаў літаратуры сёньня.
Але я ня згодны з тым, што ўся мая Беларусь мусіць быць цяпер для сьвету суцэльнай плямай ганьбы і нянавісьці».
«Вы, украінцы, бароніце сваю краіну. Вашае войска, вашая тэрытарыяльная абарона, кожны ўкраінец і кожная ўкраінка разам чыняць адпор акупантам. Ваша вайна -- абарончая і вызваленчая. Вы ўжо прайшлі такі шлях да свабоды, што пуцінскай імпэрыі вас ужо ніколі не вярнуць у сваю турму. Украіна зьмянілася ўжо назаўсёды».
«Некалі ў 1968-м пра семярых савецкіх дысыдэнтаў, якія выйшлі на маскоўскую плошчу, каб пратэставаць супраць уварваньня ў Чэхаславаччыну, чэхі напісалі так: гэта сямёра чалавек -- як мінімум сем прычын, па якіх мы ня можам ненавідзець Расею. У нядзелю і панядзелак у Беларусі былі арыштаваныя за пратэсты супраць вайны з Украінай тысяча беларусаў. І мне хочацца спадзявацца, што гэтыя людзі таксама -- тысяча прычын, каб ня ставіцца да Беларусі зь нянавісьцю».
«Калі я пісаў свае кнігі, свае эсэ, калі папярэджваў у рамане “Сабакі Эўропы” пра небясьпеку пуцінскай імпэрыі – большасьць успрымала гэта як антыўтопію і фантасмагорыю. Цяпер мы жывем у ёй – і вы, і мы. Ці зрабіў я ўсё, што мог? Гэта пытаньне не да вас. Гэта пытаньне да сябе. І я мушу адказаць на яго сам. Як і ўсе беларусы».
«Ліст да Украіны» цалкам можна прачытаць па спасылцы.