Свежы погляд, амбіцыйнасць і музыкальнасць. Як маладыя беларускія (і не зусім беларускія) артысты пакараюць папулярныя жанры

Сёння ўсе ведаюць такую тытанічную фігуру ў беларускай музыцы як, напрыклад, Лявон Вольскі. Ніхто не будзе спрачацца аб тым, колькі ён зрабіў для культуры і пашырэння ўсяго беларускага ў свеце. Аднак, ці часта вы сутыкаецеся з тымі, хто толькі пачынае свой шлях у музыцы? У сённяшнім выпуску рубрыкі «Гітара Мулявіна» распавядаем пра 3-х выканаўцаў, якія цягам тыдня выдалі свае сінглы і ў якіх усё яшчэ наперадзе.


Іду такая ўся, накрашана як яйця

Nakrashana

Першае пытанне, якое ўзнікае ў галаве, калі чуеш падобны радок: «Што, гэта беларуская мова?». Не сумнявайцеся, гэта менавіта яна, праўда, у падляшскім дыялекце. І гэта новы трэк пад назвай «Nakrashana» ад Niczos i Swada — беларуска-падляшскага дуэту, які міксуе электронную музыку, народныя спевы Падляшша і беларускую мову. Пра іх я таксама ўжо ўзгадваў. Выканаўцы ўжо паспелі сабраць солдаўт на сваім першым сольным канцэрце ў Польшчы. 

У новай кампазіцыі робіцца нешта неверагоднае, паколькі падобных трэкаў я яшчэ не чуў. Электроннай музыкі з рэгетоннымі матывамі, а на вакале шмат аўтацюну. Перспектыўны трэк для разгойдвання танцполаў ці для фільма, у якім калумбійскі наркабарон ляціць па трасе, а за ім гоняцца як мінімум 5 паліцэйскіх машын. Карацей, лепш адзін раз паслухаць гэты музычны прэзент, чым два разы прачытаць агляд.

 

Для тых, хто сапраўды натхніўся творчасцю Niczos, ёсць файная навіна: восенню Ніка плануе выдаць свой першы альбом і, думаю, прыемна здзівіць усіх, хто яго чакае.

Гэта яна спявала пра папараць-кветку

Mietro

І менавіта гэтая песня і стала першым крокам Вікі да беларускай музыкі. Гэта я пра артыстку пад псеўданімам Nevika, якая імкнецца зрабіць поп-музыку па-беларуску больш сучаснай, моладзевай і, канешне ж, папулярнай. Інакш якая гэта тады поп-музыка?

На тыдні ў спявачкі выйшла новая песні з назвай «Метро». Ёсць нешта ў нашай мінскай падземцы, што так вабіць артыстаў асацыяваць яе са згубленым каханнем. Віка не стала першай артысткай з песняй падобнага накірунку, аднак у яе добра атрымалася адлюстраваць эмоцыі, якія перажывае кожны чалавек у стане неўзаемнай закаханасці хоць раз у жыцці. Чаргуючы павольныя і энергічныя часткі ў песні, гэты стан закаханасці артыстка перадае не толькі тэкстам, але і інструменталам.

 

Падсумоўваючы, можна сказаць, што выйшла крэпкая поп-песня, якая мае патэнцыял зачапіць любога чалавека, незалежна ад узросту. Прадбачу, што кампазіцыю могуць нават узяць у ратацыю на радыё.

Усё, што ён захоча, я набуду брату

Bratu

Апошнім часам у гэтага хлопца з нарвежскіх берагоў выходзіць шмат музычнага матэрыяла. Ужо не адзін раз я ўзгадваў яго рэлізы ў сваёй рубрыцы і гэты артыст — Wavy Mroy.

Нагода для яго з’яўлення тут сёння — новы сінгл «Брату», які Стас выдаў учора ноччу. Бадай, гэта адзін з нешматлікіх беларускіх хіп-хоп артыстаў, які так часта страляе ў слухачоў новымі кампазіцыямі. Што мы можам чуць у новай песні? Гэта больш масіўны і тлусты біт, які ніяк не замінае чуць тэкст песні. Гэта павольны інструментал, які грае дзесьці фонам і стварае крыху магічную абстаноўку ў самой кампазіцыі.

Малады рэпер не супраць паразважаць пра ўсялякае, але лепш за мяне вам аб гэтым распавядзе сам трэк. Цісніце на плэй!

 


 Хатні Томпсан, Budzma.org

Чытайце яшчэ:


А манашка тая — голая! Самы дэпрэсіўны панк-альбом пад кодавым нумарам «19», які варта паслухаць

Ян Давід Голанд: немец, які закахаўся ў Нясвіж і стаў класікам беларускай музыкі