Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Баранавіцкім раёне?

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!». Гэтым разам прапануем наведаць Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці, які канчаткова ўтварыўся ў сваіх сучасных межах у 1962 годзе. Тут захавалася вялікая колькасць архітэктурных здабыткаў, помнікаў прыроды ды іншых цікавостак. Сёння рушым наступным шляхам: Верхняе Чэрніхава — Ніжняе Чэрніхава — Юшкавічы — Крошын — Стайкі.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Верхняе Чэрніхава

Першым нашым прыпынкам на тэрыторыі Баранавіцкага раёна будзе вёска Верхняе Чэрніхава. Чэрніхава ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у ХV стагоддзі. Напрацягу ўсёй гісторыі паселішча тут часта змяняліся гаспадары: Пяткевічы, Неміровічы, вядома, што ў 1693 годзе адзін з маёнткаў у Чэрніхаве набыў Варшаўскі езуіцкі калегіум, якому ён належаў ажно да скасавання ордэна.

2.jpg
  Верхняе Чэрніхава 1916

Падзел на Верхняе і Ніжнаяе Чэрніхава адбыўся ў XVI стагоддзі і існуе па сённяшні дзень. У ХІХ стагоддзі гаспадарамі Верхняга Чэрніхава былі Рдултоўскія. Напрыканцы ХІХ стагоддзя побач з вёскай на ўзвышку яны і заклалі новы сядзібна-паркавы комплекс, рэшткі якога варта пабачыць, вандруючы па Баранавіччыне.

3.jpg
Фота: fotobel.by

Пры заездзе на сядзібу была збудавана прыдарожная каплічка, якую можна пабачыць і сёння. Раней ад яе ліпавымі прысадамі можна было дайсці да капліцы-пахавальні Рдултоўскіх, зараз прысадаў ужо няма, але сцежка ёсць. Месцічы называюць капліцу «грабоўцам», яшчэ да савецкага часу там захоўваліся труны з прахам спачыўшых.

4.jpg
Фота: fotobel.by

4-1.jpg
Фота: fotobel.by

Капліца Рдултоўскіх — тынкаваны будынак 8 на 10 метраў, фасад якога ўпрыгожаны чатырма калонамі ды завершаны франтонам, нагадвае склеп. Адсюль сцежка ішла праз парк да будынка сядзібы, ад якой да нашых дзён захаваўся толькі падмурак.

4-2.jpg
Фота: fotobel.by

4-3.jpg
Фота: fotobel.by

Навокал сядзібы размяшчаўся гаспадарчы двор, рэшткі якога захаваліся і сёння, напрыклад, двух’ярусная вяндлярня з чырвонай цэглы. Мясцовыя распавядаюць, што да нядаўняга часу захоўвалі там прадукты Яшчэ ад ансамбля засталіся дзве спалучаныя паміж сабой сажалкі, якія сікуюцца вадой з бліжэйшай крынічкі.

 5.jpg
Фота: fotobel.by 

6.jpg

Парк ў Вялікім Чэрніхаве з 1994 года — помнік прыроды мясцовага значэння. У парку эколагі ідэнтыфікавалі 83 віды раслінаў і 253 віды жывёлаў, некаторыя з якіх зрэдку можна сустрэць на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, занесены ў Чырвогную кнігу Беларусі грыб галавач гіганцкі, а з жывёльнага свету — соню арэшнікавую.

7.jpg
Фота: planetabelarus.by

7-1.jpg

Ніжняе Чэрніхава

Далей рушым у вёску Ніжняе Чэрніхава. З цікавых для вандроўнікаў аб’ектаў тут рэшткі колішняга маёнтка Гартынгаў ХІХ стагоддзя пабудовы. На сёння тут захаваліся бровар, крушні мураванага жылога дома, цагляная гаспадарчая пабудова ды фрагменты старадаўняга парку.

8.jpg
 Фота: fotobel.by

9.jpg
Фота: fotobel.by

З 1898 года гаспадарамі Ніжняга Чэрніхава становіцца род Гартынгаў. Гэтаму роду напрыканцы ХІХ стагоддзя належыла вялікая колькасць маёнткаў у ваколіцах Нясвіжа, Пінска, Мінска. Рэшткі іх уласнасці захаваліся, апроч Ніжняга Чэрніхава, у Завушшы, Снове. У Ніжнім Чэрніхаве Гартынгі адбудавалі сядзібу, заклалі пладовы сад. Месцічы называлі сядзібу «белым домам» за яе колер. Распавядаюць, што на першым паверсе была аранжэрэя ды жылі служкі. Праз нейкі час у маёнтку з’явілася і свая вінакурня.

 10.jpg Фота: fotobel.by

Сядзібны дом быў знішчаны па Другой сусветнай вайне. Але аматарам каларытных «заброшак» у Ніжнім Чэрыхаве будзе што паглядзець.

  11.jpg
Фота: fotobel.by

Юшкавічы

Далей рушым у вёску Юшкавічы, дзе нас цікавіць касцёл Найсвяцейшай Тройцы — мураваны каталіцкі храм, пабудаваны на месцы драўлянага храма, узведзенага на мясцовых могілках у 1918 годзе.

12.jpgЮшкавічы 1920-я

У 1935 годзе было распачата будаўніцтва мураванага храма. Падмурак быў завершаны 8 лістапада 1935 года. У 1936 годзе храм быў дабудаваны і ў 1938 асвечаны як касцёл Найсвяцейшай Тройцы.

13.jpg Фота: planetabelarus.by

У 1951 годзе савецкімі ўладамі касцёл быў зачынены і адаптаваны пад збожжасховішча. Толькі ў 1989 годзе храм быў вернуты вернікам, і пачалося яго аднаўленне. Касцёлу Найсвяцейшай Тройцы няма і ста год, але ён з’яўляецца цікавым помнікам міжваеннай сакральнай архітэктуры, які варта пабачыць.

14.jpgФота: planetabelarus.by

Крошын

Далей рушым да вёскі Крошын ці Крашын, як называюць месцічы, якая вядомая ў пісьмовых крыніцах ажно з 1442 года як маёнтак, які належыў Крашынскім, адкуль і назва паселішча. У Крошыне часта змяняліся гаспадары, у ХІХ стагоддзі маёнтак належаў Радзівілам, пасля Юрагам: Антаніна Радзівіл у 1822 годзе пабралася шлюбам са збяднелым шляхцічам Станіславам Гедройцам-Юрагам.

15.jpg

Крашын, касцёл Божага цела, 1914

Антаніна Радзівіл праз свайго брата Канстанціна сябравала з колам філаматаў: Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам, музай Адама Міцкевіча Марыляй Верашчака. Тамаш Зан быў адным са сведкаў на вяселлі дачкі Антаніны і Станіслава Юрагаў, Тэафіліі і Яўгена Завадскага, роду якога пасля перайшоў маёнтак Крашын.

16.jpgФота: planetabelarus.by

16-1.jpgФота: glubinka.by

Сядзіба Юрагаў-Завадскіх размяшчалася на месцы сённяшняга Дома культуры ў Крошыне. Вядома, што яе ўжо ў сталым узросце наведвалі Ігнат Дамейка па вяртанні на радзіму з Чылі і Антось Адынец.

17.jpg
Фота: planetabelarus.by

17-1.png

Антоні Эдвард Адынец

У гонар вандроўкі і памяці пра сваіх сяброў Антаніну і Станіслава Юрагаў, Дамейка і Адынец ля сямейнага склепу спачыўшых гаспадароў Крашына высадзілі два дубы. А самы знакаміты ўраджэнец Крошына Паўлюк Багрым на камені высек словы з аднога з апошніх вершаў Антося Адынца «На камені ў Крашыне», напісанага ў 1884 годзе ў памяць аб падарожжы па родных мясцінах:

Тых двух, што во тут па дубку пасадзілі,
Ажно на паўвека былі разлучылі.ка
Ды іх філарэцкая дружба на час той
Не згасла ў дарозе жыцця пакручастай.
Калі іх звёў Бог зноў на гэтым жа свеце,
Ім бліснула праўда як перлінка ў леце.
Уцехі зямныя - то сон уцякае,
Усэрцы любоў толькі не памірае.
Пра тое прысвечыць і гэты во камень,
Як будуць абодва пад каменем самі

17-2.jpg
Фота: radzima.org

Месцічы распавядаюць, што склеп разрабавалі за савецкім часам, на ягоным месцы сёння застаўся насып, а дубы выкарчавалі. У памяць пра Дамейку тут быў усталяваны мемарыяльны камень.

18.jpgФота: glubinka.by

А сам валун, на якім быў высечаны верш, быў умураваны ў падмурак касцёла, што быў ўзведзены тут ў 1920-я гады. Касцёл гэты мы можам пабачыць і сёння ў Крошыне. Касцёл Божага Цела — твор архітэктуры мадэрну. Ён збудаваны на месцы старога драўлянага касцёла.

19.jpgФота: wikimedia.org

Адметны тым, што ў ім знаходзіцца жырандоля, зробленая ў 1881 годзе Паўлюком Багрымам па замове тагачаснага гападара маёнтка Крашын Пятра Завадскага для ягонай сядзібы.

19-1.jpg

19-2.jpg
Фота: wikimedia.org

Паўлюк Багрым быў не толькі выбітным кавалём, але і паэтам. На жаль, да нашых дзён захаваўся адзіны ягоны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...». Вядома, што напісаў ён значна больш. Але захаваны сшытачак з вершамі нехта з месцічаў пусціў на самакруткі у першай палове ХХ стагоддзя. За касцёлам можна пабачыць магілу Паўлюка Багрыма з надмагільным помнікам аўтарства Заіра Азгура.

20.jpg

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены, а пасля перароблены ў музей калгаса «Перамога». У падмурак быў замураваны не толькі валун з вершам Адынца, але і надмагільныя пліты з прыкасцёльных могілак. Толькі ў 1990-м касцёл быў вернуты вернікам.

 21.jpg Фота: planetabelarus.by

21-1.jpg

Сядзіба ж Юрагаў-Завадскіх была разбурана падчас Першай сусветнай вайны, Сям’я Святаполкаў-Завадскіх яшчэ пэўны час знаходзілася ў маёнтку і спрабавала аднавіць гаспадарку, але пасля 1939 года канчаткова з’ехала. Часткова захаваны прысядзібны парк, які можна пабачыць сёння.

22.jpg
Фота: glubinka.by

22-1.jpgФота: glubinka.by

Вядома, што ў палацы была вялікая бібліятэка, для разбору якой быў запрошаны Рамуальд Зямкевіч — грамадскі дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя, публіцыст, калекцыянер.

23.jpg

Менавіта Зямкевіч знайшоў тут знакамітую выяву Васіля Цяпінскага 1576 года.

23-1.png

З 1909 Зямкевіч друкаваўся ў «Нашай ніве» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў і выдаў першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на беларускай мове, напісаў шэраг прац па гісторыі беларускай літаратуры. Загінуў Рамуальд Зямкевіч у канцлагеры Асвенцым.

 24.jpg
Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

Стайкі

Далей прапануем наведаць вёску Стайкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Тут захаваўся маляўнічы палац Лашкевічаў, пабудаваны напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

25.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вёска Стайкі ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах ажно з другой паловы XVI стагоддзя як маёмасць падканцлера ВКЛ Астапа Валовіча. Пазней гаспадары маёнтка часта змяняліся. З канца XVIII стагоддзя тут уладараць Пушкіны — менавіта тая галіна роду, з якой і паходзіць вядомы расійскі паэт. У 1787 годзе маёнтак Стайкі набывае Тамаш Здань Пушкін, род якога пражываў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з 1514 года. Пушкіны жылі ў Стайках амаль сто год, хрысцілі сваіх дзяцей ў Крошынскім касцёле, які да нашых дзён не захаваўся. Апошнім гаспадаром Стайкаў з роду Пушкіных быў Тамаш Калікст Рафалавіч Пушкін, а ўжо з 1876 года ўладальнікам палаца становіцца род Лашкевічаў.

26.jpg26 Фота: planetabelarus.by

Лашкевічы кардынальна перабудавалі сядзібу Пушкіных, ад яе засталіся, хіба вялікія па плошчы падвалы са скляпеннямі ды некалькі гаспадарчых пабудоваў. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Стайках паўстае невялічкі замак з вежаю, вядома, што гаспадары называлі свой палац менавіта «замкам», будуюцца флігелі, лядоўня, сыраварня, цагельня, гаспадарчыя будынкі, упарадкуецца стары парк, закладаецца новы.

27.jpgФота: fotobel.by

Палац быў узведзены двухпавярховы, з якаснай чырвонай цэглы ў стылі эклектыкі. Меў невялічкую вежу з шатровым дахам, які быў аздоблены спічаком. Над гатычнымі вокнамі як элементы дэкору былі зроблены імітаваныя байніцы. Парадны і паркавы ўваходы былі вылучаны рызалітамі і зверху дэкараваныя выявамі кілішкаў, якія можна пабачыць і сёння.

28.jpg

Пасля Другой сусветнай вайны ў палацы месцілася вясковая школа. Калі з 1970-х школа пераехала ў іншы будынак, палац пачаў занепадаць. Знікла падлога, шыфер з даху, прадпрымальныя месцічы пачалі вымаць цэглу і са сценаў для ўласнага выкарыстання. У 2014 годзе будынак колішняй сядзібы быў прададзены з аўкцыёна. Зараз стаіць у будаўнічых лясох.

29.jpg

У прысядзібным парку можна пабачыць рэшткі заезнай брамы. Побач з палацам захаваўся агромністы склеп, былы жылы флігель і афіцына.

30.jpg
Фота: planetabelarus.by

31.jpgФота: fotobel.by

Вндруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.

ПЖ, budzma.org