У Бельску Падляшскім пройдзе юбілейны фестываль «Бардаўская Восень». Што ў праграме?

Фонд Tutaka запрашае на юбілейны XXX Фестываль Беларускай Бардаўскай і Аўтарскай Песні «Бардаўская Восень» (24–25 кастрычніка, Бельск Падляшскі). У гонар юбілею арганзітары вярнулі традыцыйны конкурс выканаўцаў аўтарскай песні, і яго пераможца — Юстына Карпіловіч — выступіць на сцэне фэсту разам з вядомымі артыстамі. Апроч канцэртаў, гасцей фэсту чакаюць паказ фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», паэтычны стэндап Віталя Рыжкова, уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава ды іншыя мерапрыемствы.

Afiša

Сёлета Фестываль святкуе юбілей: тры дзесяцігоддзі «Бардаўская Восень» з’яўляецца важнай культурнай платформай, што яднае пакаленні слухачоў і выканаўцаў, для якіх беларускае слова і музыка з’яўляюцца сродкам захавання ідэнтычнасці і спосабам быць разам. 

«Пасярод шэрай восені «Бардаўская восень» — ідэальны момант, каб сустрэцца, паслухаць якасную музыку і пабыць разам», — кажа адна з арганізатарак фэсту Ілона Карпюк.

Што ў праграме?

Месца: Bielski Dom Kultury, ul. 3 Maja 2, Bielsk Podlaski

24 кастрычніка, пятніца (17:00–21:00)

Праграма «Звышверш» Віктара Сямашкі з удзелам Хору вольных беларусаў «Гук цішы».

Размова аб Бардаўскай Восені (мадэратарка — Ілона Карпюк).

Выступ пераможцы конкурсу выканаўцаў — Юстыны Карпіловіч.

Канцэрт Anduś Kapeły.

25 кастрычніка, субота

13:00 — Лекцыя-прэзентацыя «Дзяды — абрад і літаратура» Гражыны Харытанюк-Міхей.

14:30 — Паказ фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» і сустрэча з рэжысёрам Юрыем Сямашкам і выканаўцам галоўнай ролі Вячаславам Кмітам (мадэратарка — Дар’я Бялькевіч).

17:00–19:30:

Паэтычны стэндап «Гітара. Швэдар. Вогнішча» Віталя Рыжкова.

Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава.

Выступ Кміт-ансамбля.