Беларуская спявачка Юстына Карпіловіч у свае 16 гадоў выпусціла другі аўтарскі альбом, на беларускай мове. У запісе 14 трэкаў альбома пад назвай «Летапіс» паўдзельнічалі члены сям’і Юстыны, а таксама яе сябры. Усё гэта — 14 розных жыццёвых гісторый з розных перыядаў жыцця дзяўчыны, у якіх слухачы могуць пазнаць сябе, піша «Наша Ніва».
Музыка Юстына Карпіловіч нарадзілася ў Мінску, цяпер жыве ў Польшчы. Яе бацька — вядомы пісьменнік і бард Зміцер Бартосік. Фота з асабістага архіва артысткі
Маці Юстыны Таццяна Карпіловіч сыграла для альбома на баяне, брат Геральд Бартосік — на калімбе, флейце і бубне.
«Альбом быў падтрыманы Клубам беларускіх мецэнатаў і дзякуючы ім ён меў магчымасць з’явіцца на свет. Але сама ідэя прыйшла мінулым летам, калі мая маці задала вельмі лагічнае, але даволі неадназначнае пытанне: а чаму б нам не запісаць новы альбом? Мой першы досвед быў зусім іншы, і я не ведала, якім чынам магу ўзяцца за новую працу. Але ўзялася — і праз памылкі і слёзы, радасць і сяброўства, любоў і цярпенне дабралася да гэтага моманту.
Мая мэта гучала так: аб’яднаць паміж сабой розныя матывы і кантрасты, якія ёсць у нашым жыцці і разам з тым даць слухачам магчымасць самім выбіраць — што з гэтага ўзяць да сваёй душы. Унутры вы знойдзеце шмат — ад кахання да нянавісці, ад смерці да жыцця, ад няволі да свабоды, ад страху да смеласці, ад адчаю да шчасця. І цяпер я запрашаю вас у падарожжа да закуткоў вашага ўласнага сэрца і спадзяюся, што хаця б адна нота вам адгукнецца і хаця б адзін адказ на самыя балючыя пытанні будзе нарэшце знойдзены», — распавяла Юця.
Акрамя аўтарскіх тэкстаў, у альбоме гучаць песні на вершы Таццяны Сапач, Анхелы Эспіносы Руіс, Антаніны Хатэнка, а таксама паэта пад псеўданімам Тадэвуш Карась. Вакал Юстыны — вельмі высокі і надрыўны, а вядучая партыя яе гітары стварае атмасферу вячорак у вогнішча.
Юстына Карпіловіч. Фота з асабістага архіва