Бардаўская песня загучала ў касцёле

Бардаўскую песню ўсё часцей можна пачуць у нетрадыцыйных для музычных выступленняў месцах. Напрыклад, у касцёлах. Сваімі ўражаннямі ад канцэрту, які адбыўся ўчора ў касцёле Найсвяцейшай Троіцы горада Глыбокае, падзяліўся з “Будзьма!” Зміцер Бартосік, вядомы беларускі бард.

“Выступленне ў касцёле немагчыма ні з чым параўнаць. Цудоўная акустыка ў сілу архітэктурных асаблівасцяў касцёлу робіць гучанне больш моцным. З іншага боку, я не магу сабе дазволіць шмат саркастычных выказванняў і вольнасцяў, “ – адзначыў Зміцер Бартосік.

Гэты канцэрт – другі па ліку, які дае бард у межах кампаніі “Будзьма!”. Як і першы, што адбыўся ў Магілёве, ён быў “больш, чым”, па словах самога выступоўцы. “Народу было вельмі шмат, і ўсе даседзелі да канца канцэрту. Ніхто не ўцёк!” – заўважыў ён.

Наступны канцэрт Зміцера Бартосіка адбудзецца ў Мінску 19 лістапада. Больш падрабязную інфармацыю пра канцэрт вы можаце атрымаць пазней на сайце “Будзьма!”.

Тэгі: ,