Нобэлеўскі ляўрэат Бяляцкі расказаў пра сваю новую фундацыю

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі стварае міжнародную праваабарончую фундацыю, які будзе працаваць ня толькі зь Беларусьсю. Бяляцкі застанецца старшынём праваабарончай арганізацыі «Вясна», аднак будзе займацца ў асноўным міжнароднымі справамі, паведамляе «Радыё Свабода».

Alieś BialiackiАлесь Бяляцкі. Фота: Lokkby.media

«Мы будзем імкнуцца да паляпшэньня сытуацыі з унівэрсальнасьцю правоў чалавека, з рэгіянальнай бясьпекай, зь міжнародным правасуддзьдзем, зь мірабудаўніцтвам, якое асабліва важнае для нашага рэгіёну. Мы павінны нагадваць пра каштоўнасьць правоў чалавека, пра ўнівэрсальнасьць гэтых правоў, — што яны належаць усім, дзе б людзі ні жылі», — сказаў Нобэлеўскі ляўрэат Свабодзе.

Алесь Бяляцкі кажа, што хоча скарыстацца тымі магчымасьцямі, якія дае яму статус Нобэлеўскага ляўрэата.

«Фундацыя Алеся Бяляцкага» зарэгістравана і будзе базавацца ў Польшчы, але працаваць будзе як міжнародная арганізацыя і значная частка яе працы мае быць зьвязана з падтрымкай моладзі і моладзевых ініцыятываў, накіраваных на разьвіцьцё і захаваньне правоў чалавека ў розных краінах.

«Фінансаваньне фундацыі будзе ісьці фактычна так, як і ўсіх іншых няўрадавых арганізацый — з разнастайных праграм, якія падтрымліваюць глябальныя міжнародныя праекты і намаганьні грамадзкіх актывістаў».

Паводле Бяляцкага новая арганізацыя патрэбная, бо правы чалавека парушаюцца ў многіх краінах рэгіёну.

«Улічваючы крызісную сытуацыю ў нашых суседзяў, украінцаў, бо ідзе вайна Расеі супраць Украіны, улічваючы крызісную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у некаторых іншых постсавецкіх краінах, дзе мы маем падобны рэжымы, — такія як Азэрбайджан, Узбэкістан. Вельмі хутка пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека ў Кіргізстане. Ёсьць вялікія праблемы ў Грузіі для працы няўрадавых арганізацый і для апанэнтаў існуючай улады».

Алесь Бяляцкі таксама патлумачыў, што ў новай фундацыі будуць працаваць грамадзяне розных краінаў, сярод якіх, маюць быць два ці тры цяперашнія праваабаронцы «Вясны».