У Роўне 10 чэрвеня адкрылася выстава «Гісторыя беларускага супраціву», арганізаваная дабрачынным фондам «Вільна Білорусь». Экспазіцыя прысвечана барацьбе беларусаў за свабоду і незалежнасць, а таксама сучаснаму супрацьстаянню расейскай агрэсіі і дыктатуры, піша racyja.com.

Сваякі Мірасалава Лазоўскага
Кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч падкрэслівае, што выстава мае не толькі гістарычнае значэнне, але і дае мажлвіасць распавесці ўкраінцам пра беларусаў і Беларусь:
– У зале былі прафесары, па адукацыі журналісты, задавалі пытанні: ці ёсць сёння ў Беларусі наогул журналістыка? Ці цяжка сёння журналістам у тых умовах выконваць сваю працу ў Беларусі? Яны нават не ведаюць, што ў Беларусі няма незалежнай журналістыкі. Шмат чаго не ведаюць украінцы пра нас. Зараз распаўсюджваецца інфармацыя, што з тэрыторыі Беларусі зноўку рыхтуецца наступ. Гэта таксама вельмі шмат каго тут турбуе.
Напярэдадні выставы прадстаўнікі беларускай супольнасці разам з роднымі Міраслава Лазоўскага ўсталявалі беларускі бел-чырвона-белы сцяжок на яго банеры на Алеі Славы ў Роўне.
– Самае галоўнае, што гэта зрабіў сын пляменніцы, які вельмі любіць Міраслава. Для іх гэта вельмі важна. Лазоўскі сучасны беларускі нацыянальны герой. Чалавек, які вельмі шмат чаго зрабіў для Беларусі. Амаль ва ўсіх значных падзеях ён прымаў удзел.
Таксама грамадскі саюз «Білоруська спільнота України» накіраваў у Роўненскую гарадскую раду зварот аб прысваенні Міраславу Лазоўскаму звання ганаровага грамадзяніна Роўна.
Акрамя таго, беларускія актывісты працуюць над адкрыццём у Роўне прадстаўніцтва «Білоруської спільноти України».

Міраслаў Лазоўскі, вядомы пад пазыўным «Мыш», нарадзіўся ў Мінску 10 ліпеня 1973 года. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У 1995 годзе ўступіў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. У тым жа годзе ён стаў адным з заснавальнікаў спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая дзейнічала ў Беларусі да пачатку 2000‑х гадоў і займалася выхаваннем і навучаннем моладзі.
Пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі напрыканцы лета 2021-га Міраслаў пераехаў ва Украіну. Загінуў ён 16 мая 2023 года пры абароне Бахмута ад расійскіх захопнікаў.
Чытайце яшчэ:
Змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі. У памяць пра беларускага патрыёта Міраслава Лазоўскага