Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Чым славілася Каралеўства Русі? З якой прычыны дзяржава аслабна? Якім чынам спрабавалі пераадолець палітычны крызіс? Як сітуацыя ў галіцка-валынскім княстве сутыкнула між сабой ліцвінскіх і польскіх ваяроў? Чаму князь з роду Гедэмінавічаў стаў уладаром Валыні і як з гэтым звязана Залатая Арда? Што стала прычынаю аб’яднання ўсёй дзяржавы пад кіраўніцтвам ліцвінскага князя?
На гэтыя пытанні дае адказ гісторык Алесь Краўцэвіч у чарговай відэалекцыі.
Расшыфроўка відэа
Магутная некалі дзяржава — Галіцка-Валынскае княства, у XIII ст. самая магутная ва ўсім усходнеславянскім свеце, вядомая ў Еўропе як Каралеўства Русі, у першыя дзесяцігоддзі наступнага XIV ст. неяк хутка аслабела і стала здабычай мацнейшых суседзяў. Чаму так сталася? На тое склалася некалькі прычын. Найперш Залатая Арда, потым выгасанне ўласнай кіроўнай дынастыі, сквапнасць суседзяў, ласых на багатую і людную краіну, і ўрэшце прыватныя інтарэсы мясцовага баярства.
Татарскія паходы ў 1258 і 1259 гг. навязалі палітычную залежнасць ад Залатой Арды. Асабліва моцным ударам для краіны стаў наезд цёмніка Бурундая ў 1259 г., які прымусіў збурыць умацаванні вакол гарадоў, што зрабіла іх бездапаможнымі перад татарскай конніцай. Галіцка-валынскія князі разам з татарамі, часта па прымусу, хадзілі ў паходы на Літву, як у 1258, 1275, 1277 гадах, не мелі ад іх карысці, але, наадварот, трацілі ўплывы на Панямонні.
Палітычны крызіс у Галіцка-Валынскім княстве распачаўся каля 1323 г. пасля смерці апошніх князёў з дынастыі Раманавічаў Андрэя і Льва, якія сышлі з жыцця пры невядомых абставінах, магчыма, былі забітыя ў сутычцы з татарскім войскам. Тады і аказалася, што галоўнай цэментуючай сілай дзяржавы была дынастыя. Баярская арыстакратыя, якая здаўна мела моцныя палітычныя ўплывы ў Валыні і Галіччыне, больш дбала пра захаванне асабістых уладанняў, чым дзяржавы.
Крызіс прыпыніўся на некалькі гадоў праз прызванне на галіцка-валынскі трон у 1323 г. князя Баляслава Трайдэнавіча з Мазоўша — сына галіцка-валынскай княжны і мазавецкага князя. Папярэдне Баляслаў мусіў перахрысціцца з каталіцтва ў праваслаўе (адсюль і падвойнае імя ў гістарыяграфіі Юры-Баляслаў). Аднак новы князь на бяду сваю і краіны выявіўся рэлігійным фанатыкам, менавіта гарлівым каталіком. У выніку, па сведчанні польскага храніста, мясцовыя баяры яго атруцілі за тое, што «намагаўся змяніць іх правы і веру». Вось тады ў 1340 г. і пачаўся сапраўдны крызіс, што прывёў дзяржаву да пагібелі.
На смерць Юрыя-Баляслава першым адрэагаваў польскі кароль Казімір ІІІ. У 1340 г. ён двойчы наскокам спрабаваў заняць краіну, першы раз самастойна, другі — з венгерскай падмогай. Але мясцовае баярства прызвала на дапамогу татараў з ліцвінамі і адбілася. На галіцка-валынскі трон баяры вырашылі пасадзіць Любарта Гедымінавіча, у праваслаўі Дзмітрыя, які меў легітымнае права на яго «па кудзелі» як муж мясцовай князёўны і не выклікаў падазрэнняў, што пачне наводзіць свае парадкі і змяняць веру.
Любарт валадарыў на Валыні, пры гэтым мясцовае баярства захавала свае ўплывы, а Галіччынай афіцыйна кіраваў знатны баярын Дзмітро Дзедзька з дзіўнаватым тытулам «кіраўнік Рускай зямлі» (так было пазначана ў адной лацінамоўнай грамаце — capitaneus terre Russie).
Законным князем Любарта прызнала Залатая Арда — фармальны сюзерэн Галіцка-Валынскага княства, ханы якой Узбек і ягоныя наступнікі дасылалі яму падмогу супраць іншых прэтэндэнтаў — польскага і венгерскага каралёў. Баярын Дзьмітро Дзедзька ўмела лавіраваў паміж трыма, нават чатырма агнямі. Заключыў нейкую дамову з польскім каралём (дзіва на тыя часы — кароль на роўных дамаўляўся з баярынам). Дакладны змест яе невядомы, ведаем толькі, што абодва прысягнулі яе не парушаць. Даследчыкі мяркуюць, што дамова датычылася ўмоваў міру і фармальнага васалітэту. Потым Дзедзька заключыў яшчэ адну дамову — ужо з венгерскім каралём.
Гісторыкі вывелі, што галіцкі баярын вёў самастойную палітыку, фармальна прызнаўшы сябе васалам адначасова трох суседніх уладароў: Любарта, Казіміра ІІІ і венгерскага караля Людовіка Анжуйскага. А яшчэ ў аддаленні маячыў вярхоўны сюзерэн — хан Залатой Арды.
Дзмітро Дзедзька памёр у 1344 г., і Любарт Гедымінавіч заняў Галіччыну. Польскі кароль, які актыўна збіраў грошы і войска на вайну за галіцка-валынскую спадчыну, на той момант не адважыўся яе распачаць. Ведаў, што за Любарта стане ўся Літва на чале з Альгердам і Кейстутам. Аднак ад сваіх планаў не адмовіўся, толькі адклаў іх. І такі момант настаў праз пяць гадоў, калі зімой 1349 г. аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага было разбітае Тэўтонскім ордэнам каля ракі Стрэве. Казімір ужо як след падрыхтаваўся, і вайна за Галіччыну і Валынь разгарэлася з новай сілай.
Падрабязна пра разгром ліцвінскага войска глядзіце па спасылцы