Нездарма Мінск называюць Горадам-Феніксам: ён шмат разоў гарэў і паўставаў, зноў і зноў, з попелу і папалаў. Нават першыя згадкі Мінска ў пісьмовых крыніцах — гэта аповеды пра спусташэнні і пажары.
Драўляныя будынкі, іх невялікі аб’ем, шчыльнасць забудовы і вузкія вуліцы — і вось, любая пабытовая неахайнасць ці наўмысны падпал, — і горад ахоплены спусташальнымі пажарамі. Калі такое здаралася даволі часта ў спакойны час, то няма чаго казаць пра знішчальныя войны, што хвалямі пракотваліся па нашых землях. Буйныя пажары ў мінулым горада зафіксаваны амаль у кожным стагоддзі, але добрая іх частка адбылася, як не дзіўна, у мірныя часы.
Парадоксам гісторыі развіцця горада з’яўляецца факт, што чым мацней палаў Мінск, тым якаснейшай і прыгажэйшай была ягоная адбудова. Так цягнулася стагоддзямі. І толькі ў новы і найноўшы час падпалы і пажары пачалі ставіць адмоўны «канчатковы дыягназ» архітэктурна-прастораваму абліччу і парадыгме развіцця горада...
Першыя пажары
У перыяд Высокага Сярэднявечча (прыблізна ХІ—XIV стст.) пажар у горадзе быў адначасова і абыдзеннай справай (напрыклад, калі знішчалася менш за 100–200 дамоў, то да XV ст. такія падзеі нават не адлюстроўваліся ў пісьмовых крыніцах — пра іх нам вядома толькі з археалагічных даследаванняў), так і сапраўднай агульнагарадской катастрофай: у летапісах пажары згадваюцца і як адзін з эфектыўных спосабаў скарэння ворагаў — так адбылося з Менскам у 1067, 1084, 1104 гг. і, верагодна, у пазнейшыя часы. Хуткаму распаўсюду агню, безумоўна, спрыялі лёгказгаральныя матэрыялы будынкаў: драўніна, салома, чарот, а таксама ўжыванне ў памяшканнях небяспечных крыніц асвятлення (лучын, лампадак, паходняў).
На мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу бачна, як гараджане або княскія слугі заліваюць агонь вадою з вялікай ёмістасці кшталту бочкі і расцягваюць баграмі падпаленыя ўчасткі гарадской забудовы
Нізкі ўзровень грамадскай арганізацыі і тэхнічнай культуры, саслоўнасць феадальнага грамадства мелі адмоўны ўплыў на барацьбу з наступствамі папалаў. З працэсам умацавання дзяржаўнасці рабіліся спробы змяніць становішча. У прыватнасці, стала ўводзіцца адказнасць за падпалы, нядбайнае абыходжанне з агнём. Ужо ў XI ст. зборнік законаў, вядомы як «Руская праўда», усталёўваў, што падпальшчык і чальцы яго сям’і за зробленае навярталіся ў рабства, а іх маёмасць ішла ў казну. Аднак нашмат часцей, у бягучых пытаннях на месцах, усё вырашалася няпісаным звычаёвым правам, трактоўкі якога маглі быць адвольнымі і не ўсімі выконвацца.
На мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу сапёры варожага войска падпальваюць і нішчаць адну з фартыфікацыйных вежаў горада, у той час як абаронцы з другой вежы сыплюць на іх гаручыя матэрыялы. Што ў такіх умовах магло застацца ад горада — няцяжка ўявіць
На жаль, на перыяд XIII–XIV стст. Мінск амаль цалкам выпадае з пісьмовых крыніц, і мы абмежаваныя ў магчымасцях уявіць сабе, як цярпеў ад агню і аднаўляўся цэнтр Менскага княства. Па археалагічных даных, у першай палове ХІІІ ст. значная частка горада была знішчана пажарам. Што цікава, горад не толькі цалкам адбудаваўся, але з вялікай дакладнасцю паўтарыў старую планіроўку: новыя дамы літаральна ўзводзіліся на месцы былых, часам нават падхопліваючы рэшткі старых падвалінаў.
Адно з сучасных мастацкіх уяўленняў аб Менску старажытным ХІ—ХІІІ стст. Калі адкінуць прыклад так і не дабудаванага першага каменнага храма, культавыя будынкі Мінска на працягу стагоддзяў узводзіліся з дрэва. Да другой паловы XVII ст. амаль усе яны загінулі ў агні, але дзякуючы рэгулярным пажарам мясцовая архітэктура паўстала з больш вогнеўстойлівага матэрыялу — камянёў і цэглы
Маецца археалагічны прыклад, як на месцы будынка ХІІ ст. за два з паловаю стагоддзяў запар было ўзведзена пяць дамоў, кожны раз фактычна на месцы папярэдняга — гэта дастаткова красамоўны факт, што забудова старажытнага Менска не была хаатычнай, а з гарадской планіроўкай нашыя продкі былі знаёмыя і амаль тысячу гадоў таму.
Менск майдэборскі ў агні
Першы ж упамін Менска як удзельнага княства, васальнага Гедзімінавічам, пачынаецца... ну так, з апісання яго спусташэння. У 1434 г., падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ, менчукі адмовіліся падпарадкавацца мяцежнаму князю Свідрыгайлу, за што горад моцна пацярпеў: Свідрыгайла «возме град Менеск и сожьже, а людии много в полон поведоша, мужи и жены». Праўда, дзесяцігоддзем пасля ў прывілеі вялікага князя і караля Казіміра Менск упамінаецца як адзін з 15 найважнейшых гарадоў ВКЛ, таксама высока ацэнены і віленскімі купцамі.
Вобраз горада і ягоных храмаў у агні, з якім змагаюцца месцічы, баграмі і ёмістасцямі з вадою (з маскоўскага «Ліцавога зводу» XVI ст.). На гэтай мініяцюры гарыць горад Уладзімір-Залескі. Але ж на такі капыл гарэў і Менск вялікалітоўскі. А з XVI ст. — не толькі ад рукі «паганцаў»-крымчакоў, але і ад ліхой «дружбы» ўсходняга суседа...
Паводле падання, у 1390 г. вялікі князь Ягайла заснаваў у Менску першы касцёл. Драўляны будынак згарэў разам з местам у 1505 г., калі татарскае нашэсце дашчэнту спаліла Менск (паводле іншых звестак, касцёл згарэў яшчэ 14 жніўня 1409 г.). Падобныя лёсы будуць мець амаль усе драўляныя храмы горада на працягу наступных двух стагоддзяў.
На парозе XIV і XV стст. на землях, якія фармавалі Вялікае Княства Літоўскае, паступова распаўсюджваюцца заходнееўрапейскія нормы ў форме нямецкага права («Саксонскае люстра», «Вейхбільд» і інш.), звязанага з пашырэннем магдэбургскіх правілаў гарадскога самакіравання. Што характэрна, у гэтых дакументах, складзеных крыху раней, у ХІІІ—XIV стст., таксама закранаюцца праблемы пажараў (пошук вінаватых, ацэнка наступстваў, кампенсацыі і інш.), аднак у першую чаргу яны скіраваныя на абарону прыватных інтарэсаў, а не на вырашэнне агульнагарадскіх праблем.
Магдэбургскае права Мінска, які і іншых вялікалітоўскіх гарадоў, склалася з розных крыніц, узыходзячых да нямецкага права («Weichbild» (аркуш рукапісу ад левай), «Саксонскага люстра» (аркуш рукапісу ад правай), пастановаў суда шэфенаў Магдэбурга і інш.) і тлумачыла розныя віды праваадносін
Верагодна, калектыўны ўдзел у барацьбе з агнём ў XIV–XV стст. першапачаткова рэгуляваўся нормамі звычаёвага права, але да моманту кадыфікацыі заканадаўства ВКЛ набыў паўсюдны характар. У гэты ж час у буйных гарадах намеснікамі-«дзяржаўцамі» ці самімі мяшчанамі пачынаюць уводзіцца абавязковыя пастановы па правілах пажарнай бяспекі, якія нягледзячы на скаргі супраць «тое новіны для огню», паступова аформіліся ў так званыя «огністыя порадкі». У іх, акрамя разнастайных забарон і імкнення скараціць выкарыстанне агню ў цэлым, было замацавана, што тушэнне пажару — абавязак усіх без выключэння гараджан. Тых, хто ўхіляўся, прымушалі або сурова каралі.
Па вызначэнні і ў Статуце 1529 г., і ў Статуце 1588 г. «пожог(а)» — наўмысны пажар — гэта адное з цяжкіх злачынстваў, побач з гвалтам, забойствам, збіццём і «наездам»: пакаранню за ўжыванне ці дапушчэнне «агню злачыннага» прысвечана некалькі артыкулаў кадыфікаванага права ВКЛ. Аднак агулам супрацьпажарная справа не была арганізацыйна аформлена, не існавала спецыяльнага заканадаўства, адмысловых пажарных каманд, а праблема ўзнікнення і распаўсюду пажараў у кожным горадзе вырашалася па-свойму
Месцічы ў выпадку ўзнікнення «гвалту ад агню» павінны былі з’яўляцца да месца здарэння з простым ручным інвентаром. Кіраваў працэсам тушэння, як правіла, асабіста бурмістр. Можна з упэўненасцю казаць, што так было і ў Менску, але факталагічна пацвердзіць таго мы не можам, бо... ну так, дакументы канца XV ст. — першай паловы XVI ст. згарэлі падчас пажару ў ратушы.
Развіццё рамёстваў, асабліва металургіі і кавальскай справы, у магдэбургскім горадзе прыносіла не толькі добры даход, але і неспадзяваныя пажары. На гравюры да трактата гуманіста Георга Баўэра (Агрыколы), якая паказвае металургічны цэх у час падрыхтоўкі руды да плаўкі, на левай сцяне заўважныя проціпажарныя прылады XVI ст.: скураныя вёдры, крукі ці багры, шчотка і вялізны латуневы «шпрыц» (Georgii Agricolae de re Metallica Libri XII, Basileae 1556; public domain). Трэба зазначыць, што праца нямецкага навукоўца «Аб прыродзе металаў» мела агульнаеўрапейскі поспех яшчэ на працягу двух стагоддзяў пасля яе выдання
На барацьбу з агнём уставалі як простыя мінчукі, так і спецыяльныя каманды. Пра існаванне ў ВКЛ пажарнай аховы згадваецца ў хроніках XIV–XV стст. Такая служба мелася ў гарадах з магдэбургскім правам, да якіх належаў і Мінск.
Трэба прызнаць факт, што найбольш прасунутыя тэхналогіі барацьбы з пажарамі мелі заходнееўрапейскія краіны — Англія, Францыя, Галандыя. Так, Жак Бесон, пратэстанцкі матэматык і інжынер XVI ст., апісаў канструкцыі мностваў прыбораў, механізаваных лесапільняў, вадзяных рухавікоў, такарных станкоў. Не абышоў сваёй увагай французскі навуковец і пытанні проціпажарнай бяспекі ў гарадак: на малюнку з ягонага трактату «Відовішча прыладаў і механізмаў», які доўга перавыдаваўся на розных еўрапейскіх мовах, можна ўбачыць палівальную помпу незвычайнай канструкцыі (Iacobi Bessoni, Theatrum Instrumentorum et machinarum. Lugduni, 1578; public domain). Аднак праз свой невялікі аб’ём такая прылада была эфектыўна толькі супраць лакальных папалаў. У Вільні, напрыклад, пасля пажару 1542 г. было праведзена каля сотні вадаправодных трубаў з помпамі
Гарадская ратуша, якая з’яўлялася сімвалам самастойнасці і вольнасці, як правіла, размяшчалася на цэнтральнай плошчы горада і мела шматярусную вежу, якая, апроч іншага, выконвала функцыю наглядальнага пункта для выяўлення пажару. Аднак і яна сама не раз пакутавала ад усепаглынальнага полымя.
Эпоха Рэфармацыі — гэта агульнаеўрапейская з’ява: і гуманісты, і вучоныя з’яўляліся не толькі ў далёкіх заходніх краях. Вялікі ўплыў на ўяўленне аб бяспецы жыхароў горада і абароны іх ад пажараў быў зроблены найбуйнейшым прадстаўніком польскага Адраджэння Анджэем Фрыч-Маджэўскім. У 1551 г. ім была апублікаваная ў Кракаве на лаціне праца «Аб удасканаленні дзяржавы» (O poprawie Rzeczypospolitej; public domain), у якой аўтар распрацаваў правілы «Аб пазбяганні пажараў і іх патушэнні» (частка II, раздзел XIII). Фрыч-Маджэўскі тлумачыў сваю зацікаўленасць пытаннямі пажарнай бяспекі тым, што «напісаў я іх з памкненняў міласэрнасці, паколькі не толькі ва ўсяго народа, але і ў вядомых мужоў бачыў бездапаможнасць і абыякавасць у барацьбе супраць пажараў», ад якіх «рэдка здараецца так, каб не згаралі цэлыя вёскі, а часам і цэлыя гарады». Хаця праз гаротны стан прыватных бібліятэк і гарадскіх архіваў мы шмат аб якіх працэсах навуковай і тэхнічнай эвалюцыі ў ВКЛ можам толькі здагадвацца, але трэба быць упэўненым, што падобныя да згаданых трактатаў былі добра знаёмыя і літвінскім гуманістам-інжынерам
Адна з першых згадак пра правядзенне архітэктурна-планіровачнага «ўпарадкавання» Менска адносіцца да 1547 г., калі «...замак менскі і месца менскае, з усімі маентнасцямі іх, падданых нашых, пагарэлі». Пасля пажару ў Менск прыехалі каралеўскія рэвізоры для «перанясення на іншае месца рынку і некаторых вуліц і ўпарадкавальнага будаўніцтва дамоў». З гэтага часу цэнтрам горада на доўгія гады робіцца пляц Верхняга рынку (сёняшняя пл. Свабоды), а забудова горада набывае больш спарадкаваны характар, паводле адзінага праектнага плана, складзенага на прынцыпах ідэальнага еўрапейскага горада эпохі Рэнесансу. Калі да сярэдзіны XVI ст. Менск быў цалкам драўляным горадам, то ў другой палове таго ж стагоддзя пачалося будаўніцтва першых камяніц, а ў 1600 г. была ўзведзена новая гарадская ратуша.
Месцкія дакументы апавядаюць пра загібель уласнай ратушы ў агні пажараў: «згарэла ў Мінску ратуша з кнігамі Магдэбургіі і цэлы рынак». І так паўтаралася, у розных маштабах бедства, у 1551, 1569, 1590, 1640, 1655 гадах. Пасля спусташальных пажараў горад упарта адбудоўваўся нанова (крыніца здымка: НГАБ)
У той жа час на Менскім замчышчы вядомы шэраг драўляных храмаў, сярод іх — царква Святога Мікалая і саборны храм Раства Багародзіцы. Святамікалаеўская царква і манастыр разам з домам мітрапаліта вядомыя з XV ст. З пачатку XVII ст. гэта ўжо рэзідэнцыя ўніяцкага мітрапаліта. Пасля пажараў сярэдзіны XVIII ст. Святамікалаеўская царква, відаць, так і не аднавілася.
На парозе зменаў: пажарная сітуацыя ў XVII ст.
У XVII стагоддзі ў арганізацыі пажарнай справы па ўсёй Еўропе адбыліся істотныя змены.
Гарадскімі магістратамі ўводзяцца выбарныя пасады «вогненных старшын» ці «стражнікаў ад агню», у чые абавязкі ўваходзіла кіраваць тушэннем пажараў і ажыццяўляць кантроль над выкананнем «парадкаў» у пэўнай частцы горада. «Клікуны» — своеасаблівыя пажарныя вартаўнікі-апавяшчальнікі, хадзілі па вечарах і нагадвалі пра асцярожнае абыходжанне з агнём. У гарадской культуры тых часоў нават з’яўляліся спецыфічныя мнеманічныя вершыкі-напамінальнікі неахайным гаспадарам, кшталту такога:
«Гэй, панове-гаспадары,
Час дзявяты на зэгары!
Пільнуй агня і зладзея,
Хоць на Бога ўся надзея,
Ды на хлопаў не ківайце —
Сваім вокам даглядайце!
Бо вагеньчык-Мацеюшка
Узлятае нібы птушка!
Сцеражыцеся агню!»
У XVII ст. у пытаннях пажарнай бяспекі на першае месца выходзяць галандскія інжынеры і навукоўцы. Працы Ганса Гаўча (1595–1670), Георга Бёклера (1617–1687), Яна ван дэр Гейдэна (1637–1712), Генрыха Цайзінга (? —1610) і Бернарда дэ Белідора (1698–1761) прыкладнога прызначэння разыходзяцца па краінах і друкарнях, нібы Біблія. На гравюры таленавітага мастака і інжынера Яна ван дэр Гейдэна з выдання «Параўнанне старых пажарных машын» — цэлая палівальная сістэма, «вадзяны вуж» (Jan van der Heyden, 1690; public domain)
У 1641 і 1646 гг. «пожар огнисты» ў Менску знішчыў Новае места, спустошыўшы безліч гарадскіх пляцаў — пацярпеў нават дамініканскі кляштар. Кароль і вялікі князь Уладыслаў IV Ваза выдаў «лібертацыю» (вызваленне ад падаткаў) менскаму магістрату як пацярпеламу ад пажару. Пасля пажару вымушаны былі прадаваць свае пляцы многія людзі, што жылі ў Верхнім горадзе. Ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада: Уладыслаў Ваза ў 1640-х гг. нават даў глейтавы (ахоўны) ліст мінскім «жыдам» з часовым вызваленнем выплатаў па абавязкам, «бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар».
Пажары не шкадавалі і камяніцы. У гэтым сэнсе паказальны лёс комплексу будынкаў бернардзінцаў: менавіта пажар 1644 г. змусіў адбудаваць касцёл св. Іосіфа ў камені, аднак комплекс гарэў і ў 1656 г., і ў 1740 г. (праз пажар жаночы кляштар рэканструяваны ў 1741 г.) і кожны раз адбудоўваўся ці перабудоўваўся. Канчаткова бернардзінскі комплекс пацярпеў ад пажараў 1832 і 1862 гг.
Сучасны малюнак, створаны па тле тагачасных гравюраў, паказвае, якой шчыльнасці забудовы маглі дасягаць гарадскія кварталы ў Рэчы Паспалітай
«Пераасэнсаванне пажару»: супрацьпажарныя захады ХVІІІ ст.
Урбанізацыйныя працэсы ў ВКЛ, якія распачаліся ў другой палове ХVІ ст., прыпыніліся ў часы так званага «разбуральнага стагоддзя» сярэдзіны ХVІІ — сярэдзіны ХVІІІ стст., калі шмат гарадоў у большай ці меншай ступені былі спалены ў выніку ваенных дзеянняў. І толькі ў другой палове ХVІІІ ст., разам са стабілізацыяй эканамічнага жыцця і ростам гарадскога насельніцтва, супрацьпажарная бяспека стала важным элементам гарадскога жыцця. Дакументы другой паловы ХVІІІ ст. сведчаць, што адказнасць магістрата за супрацьпажарную бяспеку ў гарадах заўважна павялічылася ў параўнанні з папярэднім часам.
Юзэф Асіньскі (1738–1802), польскі асветнік, аўтар шматлікіх прац у галіне фізікі, механікі і электрычнасці, у падручніку «Фізіка, пацверджаная эксперыментамі» апісвае прыстасаванне для «залівання агню» са шлангаў, праз якія пампуюць ваду, што нагадвае малюнак Яна ван дэр Хейдэна (шлангі дазваляюць падаваць ваду ўнутр палаючага будынка) (Józef Osiński, Fizyka doświadczeniami potwierdzona. Warszawa, 1777; public domain)
Маштабны пажар у Мінску ў чэрвені 1762 г. «з дня шостага на сёмы», пра які мала вядома ў літаратуры, узнік па віне парабка мінскага бурмістра Яна Давіда Шэйбы: позна ўначы ідучы спаць, хлопец «занёс агонь да стайні», і па яго неасцярожнасці пачаўся пажар, у выніку якога згарэла ледзь не палова горада. Пажар таксама знішчыў архівы мінскага ваяводства і Галоўнага Літоўскага трыбунала за больш чым 100 папярэдніх гадоў — усяго каля 358 рукапісных кніг за перыяд з 1641 па 1761 гг.
На жаль, стан дакументальнай спадчыны магістрата Мінска не дазваляе нам нават меркаваць, ці выкарыстоўваліся ў горадзе такія проціпажарныя прылады як, напрыклад, у Гародні. На малюнку — вазковая помпа гарадзенскіх пажарных, праект якой падаў на разгляд Скарбовай камісіі ВКЛ 14 красавіка 1766 г. каралеўскі архітэктар Ёган Георг Мёзер (Летувіскі дзяржаўны гістарычны архіў)
Створаны па рашэнні канвакацыйнага сойма 1764 г. першы дзяржаўны орган па наглядзе за эканамічнай сітуацыяй у краіне — Эканамічная рада літоўскага скарбу, ці Скарбовая камісія, павінна была клапаціцца пра павелічэнне паступленняў у скарб, вызначаць усе мажлівыя крыніцы яго папаўнення і не дапускаць стратаў. Гэта тычылася і супрацьпажарнай бяспекі, ад эфектыўнасці якой залежала і эканамічнае становішча горада і стабільнасць атрымання падаткаў. Важнасць супрацьпажарнай бяспекі ўпершыню была закранута і на агульнадзяржаўным узроўні — на сейме ў Варшаве ў 1766 г. і тычылася сталічнага горада Вільні. Сеймавыя пастановы і раней адзначалі разбуральнасць вогненнай стыхіі для гарадоў ВКЛ і вызвалялі насельніцтва спаленых гарадоў ад падаткаў.
Пажар у мястэчку Рэчы Паспалітай. Малюнак другой паловы ХVІІІ ст.
У сеймавай Канстытуцыі 1766 г. упершыню ўтрымліваўся пералік мерапрыемстваў, неабходных для ўзмацнення супрацьпажарнай бяспекі Вільні, і вызначаліся адказныя за гэта асобы. У другой палове ХVІІІ ст. некаторыя праекты па ўдасканаленні розных бакоў жыцця грамадства друкаваліся на старонках перыядычнай прэсы Рэчы Паспалітай. Як бачна, Рэспубліка Абодвух Народаў ішла сваім шляхам развіцця, пераадольвала цяжкасці, шукала спосабы пазбегнуць супярэчнасці і канфлікты ў грамадстве. Аднак ганебная змова трох буйных і драпежных дзяржаваў вырашыла яе лёс па-свойму...
Пажарная каманда канца ХVІІІ ст.
І ў заканчэнне. Па падліках сучаснага польскага даследчыка Анджэя Карпіньскага (Pożary w miastach Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku i ich następstwa ekonomiczne, społeczne i kulturowe), з XVI ст. да канца XVIII ст. па дакументах з тэрыторыі ВКЛ зафіксавана каля 465 выпадкаў пажараў. Многа гэта ці мала? Такая пастанова пытання насамрэч не мае сэнсу, бо тут трэба ўлічваць і шчыльнасць фіксацыі выпадкаў, і плошчу гаспадарства, і памеры гарадоў, шчыльнасць іх забудовы, колькасць насельніцтва, заканадаўчыя проціпажарныя акты, камплектнасць крыніц і шмат чаго іншага. Але, каб запэніцца, што не ўсё так дрэнна было ў нашым краі, проста прывядзем яшчэ некалькі лічбаў: колькасць пажараў у Малапольшчы за той жа перыяд — 902, у Вялікапольшчы — 1041, у Мазовіі і на Падляшшы — 667, ну а ўва каронных рускіх землях (сёняшняя Заходняя Украіна) — дык увогуле 1243(!) выпадкі.
(Працяг будзе)
Асноўныя крыніцы тэкстаў і ілюстратыўнага матэрыялу:
Wikimedia, polona.pl, histmag.org
Вольга Бабкова ...І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVII стагоддзяў
Ірына Кітурка. Пісьмовыя крыніцы пра пажары і пажарную справу ў гарадах ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст.
Andrzej Karpiński. Pożary w miastach Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku i ich następstwa ekonomiczne,społeczne i kulturowe. Katalog (2020)
Змітро Пілецкі, budzma.org