ТОП-15 кніг, каб зразумець гісторыю Беларусі (анлайн!)

Думка пра чалавека залежыць ад яго біяграфіі. Думка пра народ — ад яго гісторыі. Беларусы часам падаюцца агістарычнымі, асабліва — на фоне суседзяў. Але — толькі на першы погляд. Сваю «біяграфію», наўпрост трэба ведаць. Ды — умець распавесці.

Свой топ-15 кніг па гісторыі Беларусі склаў Алесь Кіркевіч — папулярызатар гісторыі, пісьменнік, журналіст, сцэнарыст відэапраектаў «Трызуб і Пагоня», «Сармат», «Смаленне вепрука».

Скласці топ-15 кніг па гісторыі Беларусі — задача, здаецца, нерэальная. Тут мае быць топ-100 ці топ-150. Але вялікая лічба адразу пужае чытача, таму давялося скарачаць. Другі момант: далёка не ўсё ў нас пакуль апісана, выдадзена, а тым больш — не ўсё можна знайсці анлайн.

Хай не крыўдуюць аўтары, працы якіх пакуль не адлічбаваныя або недасяжныя на публічных пляцоўках. У ніжэйшы спіс трапілі зусім розныя кнігі. Як папулярныя, якія з цікавасцю прачытае неафіт, так і кнігі больш навуковага характару.

Выбірайце, чытайце ды — складайце свае топ-лісты!

1. Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі

sahanovič

Базавая праца па гісторыі краіны, must know. Аўтар бярэ пласт ад старажытнасці да канца XVIII ст., падзелаў Рэчы Паспалітай. Умоўна, «Стары запавет» айчыннай гісторыі. Дарэчы, больш папулярная праца ў тым жа кірунку — «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» ад таго ж Сагановіча і Уладзіміра Арлова, яе таксама можна знайсці анлайн.

2. Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі 

ablamiejka

Чаму Каліноўскі настолькі важны ў нашай гісторыі? У чым сэнс яго ахвяры? Сэнс яго слова? Урэшце, ці была б Беларусь без яго? Чаму кожнаму пакаленню варта вяртацца да тэкстаў Каліноўскага? Аўтар занураецца ў перыяд Паўстання 1863-1864 гадоў, каб даць адказы на прынцыповыя пытанні пачатку нашай мадэрнай палітычнай гісторыі.

3. Алесь Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага 

03-rrautsevicz.jpg

Больш за пяць стагоддзяў нашай гісторыі — гэта перыяд ВКЛ. Чаму стаўся той неймаверны пасіянарны выбух, які зрабіў з княства «імперыю»? Што гэта была за краіна? Хто ёй кіраваў? Аўтар разбірае пачатковы перыяд гісторыі дзяржавы і падае сваю візію. Калі любіце сярэднявечча, пашукайце таксама іншыя працы Краўцэвіча: «Міндоўг», «Майстар наш продак», «Рыцары і дойліды Гародні» і г. д.

4. Уладзімір Арлоў. Імёны Свабоды 

arloŭ

Кніга, якую можна чытаць з любой старонкі, бадай, штодня. Гэта галерэя партрэтаў з нашай гісторыі. Адзін чалавек — адна біяграма, эсэ. Геніюш, Каліноўскі, Грынявіцкі, Баршчэўскі, Філістовіч... Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае не толькі паходжанне, але і прага Свабоды. Зборнік біяграмаў вытрымаў шмат перавыданняў, прырастаў імёнамі, але не згубіў актуальнасці.

5. Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі 

vićbič

Што мы ведаем пра антысавецкую барацьбу ў 1920-х? Архівы закрытыя, і невядома, калі да іх дабяруцца даследчыкі. Юрка Віцьбіч, эмігранцкі аўтар, спрабуе сабраць з фрагментаў цэльную карціну, каб паказаць, наколькі вайна з савецкай уладай была шырокай і паўсюднай. Таксама пашукайце кнігу Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» ды працу Ніны Стужынскай «Беларусь мяцежная». Што да Віцьбіча, то раю таксама яго краязнаўчую працу «Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман».

6. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР 

šupa

25 сакавіка — адна з ключавых дат нашай гісторыі. Хто стаіць за гэтай датай? Ці адбылася БНР як дзяржава? Як выглядалі нашы стасункі з немцамі, украінцамі, палякамі, бальшавікамі? Чаму Урад БНР на эміграцыі склаў паўнамоцтвы на карысць БССР?.. Кніга Шупы — пуцяводнік па Беларусі 1917-1920-х гадоў, які не дае згубіцца між прозвішчаў і дат, дае разуменне і адказы на ключавыя пытанні.

7. Генадзь Сагановіч. Невядомая Вайна 

sahanovič

Кніга стала сапраўднай «бомбай» пасля выдання ў 1995-м. Ніхто не думаў, што кожны другі (!) беларус некалі загінуў у вайне з... Масквой. Таму, уласна, вайна 1654-1667 гг. і лічыцца «невядомай», забытай. Пра яе наўпрост не было каму распавесці. Аўтар дае слова дакументам, з якіх паўстае жудасная апакаліптычная карціна сапраўднага патопу, які накрыў ВКЛ у сярэдзіне 17 стагоддзя.

8. Янка Запруднік. Дванаццатка 

zaprudnik

Кніга адчыняе дарогу ў свет беларускай паваеннай эміграцыі. Доўгі час тэма была забароненай, маўляў, на Захад пасля 1944-га з’ехалі «беглыя злачынцы» і «здраднікі» (знаёма, праўда?). Аўтар сабраў лісты, эсэ, успаміны і абразкі з жыцця маладзёнаў, якія апынуліся чужымі на чужой зямлі. Працавалі на будоўлях, вугальных шахтах, трымаліся адно аднаго ды — захоўвалі Беларусь у сваіх сэрцах.

9. Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі 

miranovič

Гэта сціслы пераказ нашай гісторыі ад канца ХІХ ст. да 1990-х гадоў. Для неафітаў — гэта база па нашай найноўшай гісторыі, для чытачоў «у тэме» — магчымасць узгадаць, адсвяжыць свае веды. А, магчыма, зірнуць на беларускі шлях у ХХ ст. новымі вачыма.

10. Адам Мальдзіс. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі

maĺdzis

Гэта рэдкі для нашай гістарычнай літаратуры прыклад «гісторыі штодзённасці». Дзе жылі, што елі, пілі, як працавалі, адпачывалі, жаніліся, маліліся і ваявалі нашы продкі 300 гадоў таму? Адзіны мінус — кніга пісалася за савецкім часам, таму аўтар злоўжывае крытыкай шляхты і магнатаў. Больш сучасны погляд на штодзённасць, а менавіта — кулінарны ракурс — можна адшукаць у кнігах Алеся Белага.

11. Міхась Чарняўскі. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі 

čarniaŭski

Гэта экскурс у «далетапісную» Беларусь. Што тут было да Рагвалода і Рагнеды? Хто тут жыў — готы, кельты, балты, славяне? Што пакінулі па сабе гэтыя людзі?.. Як не заблытацца ў назвах археалагічных культур, якія ў школе мы часта завучвалі, без аніякага разумення?.. Аўтар дае папулярную панараму страчаных тысячагоддзяў нашай гісторыі.

12. Зміцер Бартосік. Забіць упалмінзага 

bartosik

Кніга з дзіўнай назвай належыць не гісторыку, а журналісту. Бартосік сабраў унікальныя вусныя ўспаміны пра саветызацыю заходнебеларускай вёскі ў паваенныя гады ды — барацьбу з саветамі. «Упалмінзаг» — абрэвіятура для чыноўніка, які займаўся загатоўкамі (чытай — грабяжом) вяскоўцаў, быў сімвалам улады ды — выклікаў шчырую нянавісць...

13. Юры Туронак. Людзі СБМ 

turonak

Праца прысвечана Саюзу Беларускай Моладзі — арганізацыі, якая стала кузняй кадраў моладзевага актыву Беларусі 1940-х. Шматкроць савецкая прапаганда дэманізавала СБМ, вінаваціла ў «фашызме»... Зрэшты, пасля прачытання кнігі паўстае зусім іншы вобраз цэлага пакалення, лозунгам якога было: «Беларусь перадусім!». Раю таксама класічную працу Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», яе можна адшукаць па-беларуску і па-польску.

14. Міхась Чарняўскі. Дзесяць Бітваў 

čarniaŭski

Папулярны нарыс па мілітарнай гісторыі Беларусі. Орша, Клецак, Кірхгольм, Хоцім, Полацак... — месцы нашай вайсковай славы, якія варта ведаць кожнаму. Для больш прасунутага чытача раю кнігі Юрыя Бохана, напрыклад, «Зброя Вялікага Княства Літоўскага». Таксама — працы Міхася Ткачова, Міколы Плавінскага, Міколы Волкава і Віктара Якубава.

15. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы

navumčyk

Ці сапраўды беларусы атрымалі незалежнасць... выпадкова? Або гэта вынік барацьбы, свядомы выбар?.. Аўтар, удзельнік тых падзеў, апісвае крах СССР, ГКЧП, ролю БНФ і — паразу камуністаў. У далейшых кнігах-пагадоўках, ажно да 96-га, мы бачым рэванш камуністычнай рэакцыі. Асэнсаваць той час, думаю, асабліва важна сёння, каб не паўтараць памылак і — заўжды карыстацца магчымасцямі, якія дае гісторыя.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org