Лявон Вольскі распавядае пра тое, як у мінулым годзе разам з беларусамі Нідэрляндаў адзначаў Купальле на беразе Паўночнага мора, і прапануе «экспартаваць» на цэлы сьвет нашае фірмовае Купальле" ды зрабіць яго новым сусьветным брэндам.
Сьвет страсаюць войны ды крызысы. Здавалася б, пра якія сьвяты можа весьціся ў гэтай непрагляднай цямрэчы, у гэтым змроку, які агарнуў нашыя жыцьці, і якому не відаць канца-краю? Але людзі ўсё адно адзначаюць і будуць адзначаць сьвяты — асабістыя ды агульныя. Відаць, так лягчэй перажыць гэты цёмны час.
Калі выключыць з жыцьця народзіны, Каляды, Новы год, дык будзе зусім ужо беспрасьветна. А яшчэ Дзень Сьвятога Патрыка, Сьвятога Валянціна, Хэлаўін — тыя, што прыйшлі зь іншых культураў, але надзейна замацаваліся ў нашых інтэрнацыянальных календарах. Гэтыя запазычаныя сьвяты адрозьніваюцца ад нашых родных хіба ўжо тым, што іх мы адзначаем толькі раз на год. Свае ж спрадвечныя пры жаданьні можна адзначаць двойчы — як Каляды, Новы год. Як Купальле. Яго адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня, ці то з 6 на 7 ліпеня. То бок, ужо хутка.
Я ня буду распавядаць тут пра традыцыі сьвяткаваньня — скокі праз вогнішча, купальскае кола, папараць-кветку, варажбу ды вянкі на вадзе. Вы ўсё гэта й безь мяне ведаеце, а як раптам не, дык у інтэрнэце поўна размаітай інфармацыі, калі каму цікава. А мне цікава ўжо тое, што гэтае старое язычніцкае сьвята захавалася да нашых дзён.
Ня ведаю, як сьвяткавалі (і ці сьвяткавалі) за савецкім часам Купальле ў вёсках, а мы, гарадзкія хлопцы й дзяўчаты, ехалі на электрычцы ў лес і там ладзілі сьвята. Улады ставіліся да адзначэньня некамуністычных сьвятаў раўніва — аднаго разу ўсю кампанію «купальцаў» павязалі і прымусілі пісаць тлумачэньні — што рабіў у лесе, якія песьні сьпяваў, і што за сымболіка (ці не фашыстоўская?) гэта ўсё суправаджала. Потым былі рэпрэсіі на працы ці то ва ўнівэрсытэце — за ўдзел у сумнеўным мерапрыемстве. Але неўзабаве часы зьмяніліся, і выезды ў лес на Купальле набылі масавы характар — ужо з намётамі-спальнікамі ў суправаджэньні бардаў і фольк-гуртоў. А яшчэ пазьней зьявіліся цэлыя музычныя фэстывалі з нагоды гэтага старога летняга сьвята.
Ня ведаю, ці адзначаюць цяпер у Беларусі Купальле. А калі адзначаюць — якая музыка гэта ўсё суправаджае? Вярнуліся да фольк-фармату? Ці, паводле новае традыцыі, запрашаюць якога Газманава ці то іншую расейскую эстрадную зорку?
А вось за мяжою гэтае сьвята беларусы ахвотна адзначаюць. І геаграфія вельмі шырокая — Злучаныя Штаты, Эстонія, Бэльгія-Нідэрлянды, Польшча, Швецыя... Летась давялося граць на Купальлі на Паўночным моры блізу Гаагі.
Лявон Вольскі на Купальлі каля Гаагі, 2024 г. Фота Вольгі Краевай, інстаграм: marabynl
Сабралося шмат людзей — некалькі сотняў — і гэта не было нешта выбітнае, адмысловае, проста звычайнае шараговае сьвяткаваньне. Купальля. На Паўночным моры. У Нідэрляндах.
Парадаксальна, але факт. Мяйсцовыя са зьдзіўленьнем і цікавасьцю глядзелі на тое, што адбываецца і пыталіся: што за сьвята? Беларускае? Традыцыйнае? Штогадовае? Цікава, цікава...
Купальле на Паўночным моры, 2024 г. Фота Вольгі Краевай, інстаграм: marabynl
Магчыма, на наступнае Купальле яны далучацца да беларусаў і таксама будуць скакаць праз вогнішча і кідаць вянкі на ваду. І сьпяваць нашыя традыцыйныя ды сучасныя песьні. Мы ж адзначаем Дзень Сьвятога Патрыка. «Імпартнае» ірляндзкае сьвята, вельмі сымпатычнае й прыцягальнае, якое 17 сакавіка пераможна «крочыць на плянэце», калі карыстацца моваю колішніх савецкіх ідэолягаў.
Дык чаму б нам, беларусам, не «экспартаваць» на цэлы сьвет нашае фірмовае Купальле? Рэклямуйце яго, далучайце да сьвяткаваньня сваіх замежных сяброў ды сябровак, і праз колькі гадоў мы народзім новы сусьветны брэнд. Пазытыўны, станоўчы, але й загадкавы і таямнічы — усё як належыць.
Сьвяткуйма ж нашае Купальле — на беразе мора ці то акіяну, у пустэльні ці стэпе, у нетрах джунгляў ці то высока ў гарах, у беларускім лесе на беразе рэчкі ці возера!
Купальле можа стаць сусьветным брэндам. Малюнак Лявона Вольскага
І пакуль парадаксальны, непрадказальны, трывожны час, як калісьці той «аксамітны летні вечар», ахінуў зямлю, нашыя сьвяты дапамагаюць яго перажыць.
Лявон Вольскі, Budzma. org