Што рабіць доўгімі восеньскімі вечарамі? Калі ўсе цікавыя серыялы вы ўжо перабралі, а ад кніг вочы лезуць на лоб, то вушы, верагодна, яшчэ могуць успрымаць новыя меланхалічныя рэлізы беларускіх артыстаў. Уключайце кожны з трэкаў па чарзе, заплюшчвайце вочы — і адчувайце як мага глыбей!
Душэўную кампазіцыю выпусціў вядомы гурт J:Mopc, які мы даволі даўно не чулі, але ўсё ж такі чакалі. Сінгл мае назву «Святло», і гэта яшчэ адна песня ў капілку эмігранцкай лірыкі. Як бы я не паважаў Уладзіміра Пугача і кампанію, але мая меламанская душа ў істэрычных канвульсіях крычыць «хопіць!», бо на тэме тых, хто з’ехаў, у гэтую восень можна сапраўды паехаць дахам.
Сама песня спрадзюсавана так якасна, што любы беларускі артыст-пачатковец, напэўна, аблізнуўся б не адзін раз падчас праслухоўвання. Кампазіцыя паступова развіваецца, і ў інструментал з кожным радком дадаецца частка чагосьці новага з ноткай драматызму. Агулам усё гэта выклікае асацыяцыю са змрочным тунэлем, але не без промня святла ў канцы!
Аўтары выдатна гуляюцца як з музычнай, так і з тэкставай формай на працягу 2 хвілін і 55 секунд, не адпускаючы слухача ні на крок улева і ведучы за руку, быццам бы бацькі на лінейку ў першы клас.
І хоць казырная карта эмігранцтва, якая, як магніт, прыцягвае да сябе слухачоў, ужо ўздоўж і ўпоперак апісаная, апетая і разыграная, але немагчыма не сказаць, што песня выйшла кранальнай, а націснуць на «рэпіт» даўно не было так прыемна.
Пасля папярэдняй светлай і меладычнай кампазіцыі самы час пагрузіцца ў дэкаданскія хвалі разам з Янам Клапоцкім. Малады музыка з рэлізам «На поўдзень» уражвае маштабам сваёй сусветнай тугі і дэпрэсіўнага стану ў кожным узятым акордзе.
Ад трэка да трэка музыка Яна ўсё больш ідзе па тэндэнцыі змяшання фарбаў у агульную чорна-шэрую палітру. Падаецца, з гэтай восеньскай тугі няма выйсця, і нават тэкст не дае ратавання, бо ён спрэс прасякнуты тэмамі згубленасці свайго жыццёвага шляху, страчаным каханнем і ўнутранай фрустрацыяй. І калі цяпер выканаўца б задумаўся напісаць штосьці больш вясёлае для сваёй публікі, гэта з вялікай верагоднасцю гучала б не менш сумна за песню П’еро.
Беларуская музыка знайшла для сябе музычнага інтэлектуала, але не кожнаму такія глыбокія пакуты могуць быць да душы.
Апошнім часам шматлікімі адгалінаваннямі жанру здзіўляе не толькі рок, а яшчэ і рэп. Гэта ў сваім новым трэку «Кола» даказвае гурт «Сербкий Нож».
Хлопцы спусціліся ніжэй за андэрграўнд, на ступень настолькі абстрактнага хіп-хопу, што знізу нават не пагрукалі. У іх свая філасофія, сваё бачанне свету і свой шлях. Напрыклад, цікава заўважыць, як звычайны зэдлік у гэтай кампазіцыі набывае статус інструмента, які выкарыстоўвае ледзь не кожны, каб пачаць свой шлях да зор і дацягнуцца да мараў. Альтэрнатыўнае бачанне свету тут выдаецца за адзінае зразумелае, вернае яго тлумачэнне.
Сінгл наўмысна зроблены з ухілам у «брудны» гук і абыякавую, але рытмічную чытку. Усё, што з зямлі бярэцца — у зямлю і вяртаецца. Менавіта так можна апісаць гэты трэк і тое, што праз яго хацелі б перадаць аўтары.
Хатні Томпсан, budzma.org
Чытайце яшчэ: Этнаспявачка Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі