Этнаспявачка Наста Хмель, вакалістка гуртоў Kriwi і «Джамбібум», зараз, як і многія беларускія творцы, у эміграцыі. «Вельмі важна рабіць нейкія беларускія кропкі і так злучаць беларускае праз іншыя гарады, іншыя краіны», — кажа Наста. Як ёй удаецца ствараць гэтыя самыя кропкі і аб’ядноўваць людзей, пра самае балючае і пра тое, што дае надзею, Наста шчыра распавяла ў размове з Рыгорам Сапежынскім на budzma.org
Наста Хмель, фота аўтара
Наста Хмель з мужам і двума дзецьмі апошнія гады стала жыла ў вёсцы Залессе ля балота Дзікое. Тут была аграсядзіба сям’і Хмель. Тут было тое самае, душэўнае месца для творчасці і працы з традыцыяй. З 2021 года сям’я па іншы бок Белавежскай пушчы.
«У 2021 годзе выехала, напрыканцы года, — распавядае Наста Хмель. — Па-першае, дзеля дзяцей. Дзеці ў пачатковай школе, і я пачала ўяўляць, што яны вось ужо хутка — пасля пачатковай — пачнуць чуць у школе, я не хацела, каб маіх дзяцей усяму гэтаму “ідэалагічнаму”, так бы мовіць, вучылі. І ўвогуле, тое, чым я займалася, станавілася таксама нечым кшталту падазроным для дзяржавы... карацей, баялася я. У нас была аграсядзіба, людзі прыязджалі на адпачынак, на імпрэзы, і ўжо за людзей мне было так трошачкі страшна — адказнасць такая. Так што было прынята такое рашэнне».
Тым больш, паводле Насты Хмель, не было магчымасці ўжо і спяваць, бо «мы спяваем у Kriwi, мы хочам выказацца, падтрымаць увесь гэты рух, а тут гэта рабіць з кожным днём станавілася ўсё больш і больш небяспечна». «І ўсёй бандай з’ехалі. У нас Вераніка Круглова (лідарка Kriwi) ужо даўно ў Берліне жыве, а мы вось з Валерыяй-Акварэліяй нашай (Валерыя Валадзько, спявачка Harotnica mix і KRIWI, выкладчыца, звольненая з дзяржаўнай школы за свае погляды — budzma.org) з’ехалі ў Польшчу разам з сем’ямі», — кажа Наста.
«Аграсядзіба чакае, усё там пазамыкалі, пазабівалі, паабкручвалі палатном… Часам нашыя сябры, праязджаючы па дарозе, заходзяць, пытаюцца, ці можна там пасядзець. Вядома, можна, добра, каб там хоць хто быў такі свой. Дасылаюць нам фоткі, відэа, што я аж паплакала. Кажуць: якая тут энергія, а вас няма. Карацей, сэрданька проста разрываецца», — дадае спявачка.
Туга і сум — новая версія
На нядаўнім канцэрце ў Вільні Наста не раз узгадвала пра «гэтыя нашыя адвечныя беларускія тугу і сум».
«Гэта сёння не толькі пра тыя старадаўнія тугу і сум, напрыклад, я спявала сёння аб тым, як маці з дочкай разлучаюцца, як яны не могуць пабачыцца, пра чужую старану. Калісьці для мяне гэта была проста прыгожая лірыка, а зараз я проста адчуваю гэта праз сябе, гэта ўжо тое, што я асабіста адчуваю. Таму што я рэальна не магу бачыцца з мамай, яна ў Беларусі засталася, — кажа Наста Хмель. — Як і ў шмат якіх людзей, якія зараз не могуць пабачыцца з блізкімі. У гэтых песнях часта і пра тое, як забіраюць у салдаты — і зараз гэта зноў актуальна! Мяне асабіста не тычыцца, але гэта вайна — не можаш спакойна жыць, ведаючы, што там адбываецца. Там і нашыя гінуць...
На жаль, мы зноў павінны прайсці тое ж самае, гісторыя з намі паўтараецца. І гэта вельмі балюча. Нейкая сансара: пакуль не навучыцеся, будзеце адрабляць вось гэтыя заданні. Такая цудоўная зямля, столькі розуму ў людзей — і вось. Так шкада».
Беларусь кропкавая
У Кракаве ўжо год працуе пад кіраўніцтвам Насты Хмель этнагурт «Лялея»: «І ў нас там вакол яго ўжо такая этнасуполачка сфармавалася. Выступаем. Увогуле ў нас шмат-шмат людзей, ёсць лакацыі, дзе ўсе збіраюцца, дзе беларуская дзвіжуха такая вельмі-вельмі насычаная».
Наста Хмель, фота аўтара
«Тое, што я раблю, гэты мой аматарскі гурток, я называю — робім нашу маленькую Беларусь у выгнанні. Гэта такое месца, якое прыцягвае людзей, якія не хочуць проста знікнуць у іншым краі, у іншым грамадстве, — распавядае спявачка. — Канечне, асіміляцыя хочаш — не хочаш пэўная адбываецца, уліваемся неяк у гэтую супольнасць. Але хочацца сваё, і я ствараю месца, дзе людзі могуць прыйсці і вучыцца гэтаму свайму, традыцыі, спевам.
Мы таксама праводзім абрады, святы — Гуканне Вясны, Купалле, Каляды, каб туды хадзілі сем’ямі, каб дзетак вадзілі, каб дзеткі ведалі. Мая дачка, напрыклад, вось ужо ведае: ага, вясна падыходзіць, птушачкі, гукаць трэба — яна ўжо ведае, што ідзе свята. Хочацца, каб было такое натуральнае атачэнне. Мы так ствараем, спрабуем гэтую традыцыю зрабіць жывой, не проста, каб людзі прыйшлі пастаялі-паглядзелі. Мы заўсёды, калі робім, то пішам у анонсе, што ўсе ўдзельнічаюць, усе спяваюць, падпяваюць, прыносяць гэтых птушак, напрыклад, калі на Гуканне, на Купалле таксама».
Галоўнае, паводле Насты Хмель, што цікавасць — відавочная: «Мы вельмі адказна рэпетавалі гэтае Гуканне вясны, рыхтаваліся. Некалькі соцень чалавек прыйшло ды прыехала, хаця было такое надвор’е, сакавік, вецер моцны і халодны. Але было класна бавіцца і дзецям, і дарослым. І пасля мы штосьці джэмім, знаёмімся ў беларускай дыяспары.
Я лічу, што вельмі важна рабіць нейкія нашы кропкі, і мне зараз цікава таксама, што робяць у іншых гарадах, у іншых краінах такія, як я, актывісткі, актывісты беларускага традыцыйнага руху. Важна, што можам падзяліцца нейкім досведам, нейкую супольнасць стварыць.
Ведаю, што ў Вільні ёсць “Беларускі цуд”, гурт, дзе мае сяброўкі і знаёмыя спяваюць, Святлану Чакушку ведаю яшчэ па сваіх мясцінах, нейкія яна мерапрыемствы арганізоўвала ў Пружанскім палацыку. Ведаю, што ў Варшаве пачалі спяваць беларусы, у Гданьску ёсць, і гэта крута, я вельмі ўсцешаная, што такое адбываецца.
Нашыя заўзятары, як магніты, прыцягваюць усіх людзей, і тады адбываецца жывая культура, людзі самі нешта робяць, а не толькі ўспрымаюць — слухаюць ці чытаюць». І гэтыя кропкі потым перанясуцца ў Беларусь, я проста веру, я вельмі веру, што я яшчэ вярнуся».
Наста Хмель, фота аўтара
«Я не ведаю, ці я вярнуся туды вось так жыць-жыць, можа, нейкія тут карані пушчу, таму што, напрыклад, дзіцёнак пойдзе ў школу, зараз вельмі шмат пра гэта ў мяне такіх думак, трэба тут гэта давесці да нейкага лагічнага развіцця… Так, канечне, мы вельмі сумуем, мы вельмі хочам. І спяваю гэтыя песні, залескія, белавежскія, таму што гэта проста неверагодна, тое, што мы там адчувалі, гэтыя балоты, гэтыя пахі, мох, птушкі. Проста такая прырода, яднанне з гэтым. Гэтага не забыць і гэтага ў мяне не забраць, я буду да гэтага імкнуцца, пакуль я жывая», — дадае Наста.
Новае ад Кriwi
«З Кriwi зараз рыхтуемся ехаць у Дрэздэн, у нас будзе выступ, будзем прэзентаваць Беларусь на фестывалі розных культур, якія прадстаўленыя ў Дрэздэне. А так мы патроху запісваем нейкія песні, патроху робім відэа да гэтага, — падзялілася Наста Хмель. — Таксама не выключаны праект у нейкай рэзідэнцыі, каб можна было разам паехаць і разам нешта парабіць. Таму што лагістычна гэта цяжкавата збірацца — мы жывем у Польшчы, Вераніка Круглова — у Нямеччыне. І трэба шмат тут працаваць, каб проста жыць. Зараз гэта займае задужа часу, каб творчасці можна было выдзеліць нармальна часу, колькі трэба. Але мы імкнемся».
Апошняе ад Кriwi:
Рыгор Сапежынскі, budzma.org