Беларуская Арт-рэзідэнцыя «Дом Творцаў» у Варшаве рыхтуецца паказаць канцэрт-містэрыю «Бег зямлі». Усе месцы на прэм’еру былі зарэзерваваныя за некалькі гадзінаў. Распавядае «Радыё Рацыя» адзін з арганізатараў Арт-рэзыдэнцыі Сяргей Доўгушаў.
— У нас ёсць ужо цяпер свой будынак, свой дом, мы супрацоўнічаем разам з беларускім хабам. Твор паўстаў, як вынік музычнай рэзідэнцыі. У снежні былі запрошаны беларусы, якія граюць на розных інструментах. Асноўны кампазітар — Вольга Падгайская і Віталь Эпаў, а таксама Аляксей Варсоба, ён праводзіў заняткі па імправізацыі і гэта таксама стала тым, што ўвайшло ў твор.
«Бег зямлі» будзе прадэманстраваны 29 снежня ў Беларускім моладзевым хабе, што на Пляцы Канстытуцыі 6 у Варшаве. Не выключаюцца паўторныя паказы. Будзе і анлайн-прэзентацыя. Наступная рэзідэнцыя ў «Доме Творцаў» напачатку будучага году стане тэатральнай. Да ўдзелу запрашаюцца беларускія драматургі, акторы, мастакі, пісьменнікі, кампазітары і музыкі. Далей плануюцца асобныя рэзідэнцыі для літаратараў і культурніцкіх менеджараў.