Беларускія рублі з выявамі нацыянальных класікаў, у бел-чырвона-белым афармленні і з «Пагоняй» — ці такое можна сабе ўявіць? Калі сёння гэта выглядае як (далёкая ці не вельмі) фантастыка, то ў 1993 годзе магло стаць рэальнасцю.
На другім годзе незалежнасці Нацыянальны Банк краіны пад кіраўніцтвам Станіслава Багданкевіча стаяў на раздарожжы. Скончыўся абарот савецкага рубля. Купюры з выявамі зайцоў і вавёрак узору 1992 года лічыліся часовым плацёжным сродкам. Інфляцыя імкліва знішчала вартасць грошаў.
Тагачасны прэм’ер Кебіч верыў у непазбежнасць адмовы ад «зайчыка» і інтэграцыі ў «рублёвую зону РФ». Яго апаненты лічылі, што Беларусь мусіць умацоўваць нацыянальную валюту, як адзін з атрыбутаў незалежнасці.
З тых часоў ходзіць легенда пра «тоны новых банкнот» (па адных звестках — «талераў», па другой — рублёў), якія былі нібыта надрукаваныя ў Германіі на замову Нацбанка, але так і не дачакаліся ані палітычнага рашэння кіраўніцтва краіны, ані ўтаймавання інфляцыі, і ўрэшце сталі ахвярай змены сімволікі.
2021 года амерыканскі грамадзянін беларускага паходжання Павел В. здолеў набыць на аўкцыёне і патрымаць у руках сапраўдныя ўзоры беларускіх рублёў дызайну 1993 года, з партрэтамі Коласа, Купалы, Багдановіча і Скарыны.
Набытыя грошы не ёсць купюрамі, прызначанымі для абароту. Гэта пробныя ўзоры, якія маглі б пайсці ў серыйны друк, калі б іх зацвердзіў Нацыянальны Банк.
Павел распавёў «Новаму Часу» пра калекцыю, яе пяцігадовы пошук, і сваё стаўленне да легенды аб «сховішчы з талерамі».
— Упершыню пра існаванне такіх купюр я даведаўся ў жніўні 2016, калі на амерыканскім аўкцыёне Stack’s Bowers з’явіўся сэт з шасці купюр, за які запытвалі 6 тысяч долараў. Пра гэта тады напісалі беларускія СМІ як пра сенсацыю, самі купюры лічыліся ўнікальнымі. Лот так і застаўся непрададзеным. Безумоўна, мяне ён зацікавіў — але 6 тысяч за яго было зашмат.
Больш сур’ёзна я звярнуў увагу на гэтую тэму ў 2017 годзе, калі іншы сэт выставілі на аўкцыён у Маскве. Тады з розных крыніц з’явілася інфармацыя, што такіх набораў (купюры наміналам 1, 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў) захавалася як мінімум трынаццаць.
І вось на гэтым этапе я ўсур’ёз загарэўся здабыць іх у сваю калекцыю. Мой пошук цягнуўся амаль пяць год.
Павел карыстаўся сайтам NumisBids, які адначасова маніторыць усе буйнейшыя аўкцыённыя дамы ў Еўропе і Амерыцы, дзе прадаюцца боны і манеты.
За ўвесь гэты час толькі двойчы беларускія рублі ўзору 1993 года з’явіліся ў продажы. Першы раз набор быў падзелены, купюры прадаліся паасобку, па 200-250 долараў за кожную.
Другім разам гандляр захацеў за калекцыю 3000 долараў, і трымаўся за гэты кошт... паўтары гады.
— Я перапісваўся з ім шмат месяцаў і спрабаваў пераканаць, што кошт завышаны як мінімум удвая. Ён упіраўся, казаў, што набыў па гэтым кошце сам і танней прадаваць не будзе. У выніку я спыніў спробы пераканаць яго і вельмі сумняюся, што ён змог знайсці пакупніка.
Нарэшце, увосень 2021 года Павел набыў увесь сэт (6 купюр) за 1400 долараў. Гэтую суму ён і лічыць сапраўдным рынкавым коштам на сённяшні момант.
— Кожная банкнота запакаваная ў г.зв. «слаб» (футарал — НЧ) ад PMG — гэта сусветна вядомая кампанія, якая пацвярджае сапраўднасць і якасць папяровых купюр. Усе ў стане gem uncirculated (то-бок не былі ў абароце і ідэальна захаваліся), з пазнакай exceptional paper quality. Апошняе, на маю думку, дадаткова пацвярджае звесткі пра тое, што наклад друкаваўся ў Германіі.
На вадзяных знаках усіх купюр намаляваная жанчына ў вянку. Мне чамусьці падаецца, што гэта Алаіза Пашкевіч (Цётка), але магу і памыляцца.
Павел ведае пра папулярную легенду аб надрукаваных у Германіі на пачатку незалежнасці тонах беларускіх грошай, якія нібыта былі завезеныя ў Беларусь самалётамі, а потым згнілі або былі знішчаныя ў таемным сховішчы ў Мачулішчах.
Але калекцыянер лічыць, што беларускія рублі ўзору 1993 года наўрад ці існавалі па-за межамі пробнага накладу, і да гіпотэзы аб іх серыйным друку ставіцца скептычна.
— Я пакуль не вельмі веру ў гэтую версію. Лічу, маларэальна было б знішчыць некалькі мільёнаў купюр такім чынам, каб не засталося ўвогуле аніводнай паперкі.
У сусветнай гісторыі нумізматыкі і баністыкі бывалі гісторыі калі нейкая бона альбо манета фізічна існавалі, потым іх наклад знішчаўся. Але тады ўсё адно заставаліся хоць нейкія асобнікі.
Пакуль жа не існуе аніводнага доказу існавання беларускіх купюр узору 1993 года без надпісу Specimen на іх.
Фота прадастаўленыя героем публікацыі.