«Беларус беларусу беларус, нават калі гэты беларус — казах». Душэўнае відэа пра педыятарку Маю Церакулаву, вымушаную з’ехаць за мяжу

Мая — папулярная блогерка, яна піша на медычную тэму, а да эміграцыі ў Польшчу пісала таксама пра жыццё ў Беларусі вачамі казашкі. У Бабруйск педыятарка пераехала разам з трыма дзецьмі, тут яны жылі сем месяцаў. Але Маю ўнеслі ў «спісы нядобранадзейных», звольнілі з паліклінікі, а ў некалькіх іншых месцах, куды яна звярталася, не далі магчымасці ўладкавацца. Так беларускай казашцы давялося чарговы раз мяняць месца жыхарства, насуперак моцнаму жаданню застацца, піша 1387.by.


63.jpg

У гэтым душэўным відэа — апошнія дні Маі ў Бабруйску. У час шпацыру па Сацыялцы яна кажа:

«Я хацела, каб мая сястра сюды прыехала, і мы разам прайшліся па гэтай вуліцы. Хацела б паспрабаваць зайсці ў адну з гэтых кватэр (прым. у старых камяніцах), пасябраваць з кім-небудзь, хто жыве ў такіх будынках».

Таксама яна з цеплынёй кажа пра людзей, пра беларускую мову — якую пачала вучыць (першым настаўнікам быў сябар-армянін), пра кватэру — у якой паспела наладзіць быт, пра кнігі — якія так шкада пакідаць тут, бо Мая любіць дамы, у якіх багата кніг. Яна расказвае пра дапамогу дзецям з інваліднасцю, пра акалічнасці звальнення і тое, чаму ўзнікла неабходнасць з’язджаць.

«Беларус беларусу беларус, нават калі гэты беларус — казах. Так мне аднойчы сказалі, і я гэта назаўсёды запомню», — кажа Мая Церакулава.