Што паслухаць на святы? Калядны плэйліст ад Лявона Вольскага

Неяк незаўважна (для мяне, прынамсі) мы апынуліся на парозе Калядаў. Хтосьці будзе сьвяткаваць Каляды 24–25 сьнежня, хтосьці аддасьць перавагу Новаму году, выконваючы савецкі звычай «Новы год — сямейнае сьвята» — з ігрыстым віном, аліўе ды футрам, хтосьці будзе адзначаць Раство разам з расейскай, сэрбскай і грузінскай праваслаўнымі цэрквамі — 7 студзеня. Што ж паслухаць беларусам у гэтыя сьвяточныя дні, якім саўндтрэкам расфарбаваць у цудоўныя зімовыя колеры навакольле?

Лявон Вольскі склаў свой калядны плэйліст.

Lavon Volski
Лявон Вольскі. Фота: Nastya Kassiopea (з асабістага архіву Лявона Вольскага)

Пасьля стварэньня супольнага музычнага праекту «Сьвяты Вечар-2000» мінула шмат гадоў, і цягам гэтае чвэрці стагодзьдзя я неаднаразова вяртаўся да думкі, што «можам паўтарыць», то-бок запісаць яшчэ адзін супольны калядны альбом. Каб зноў ён быў не ў суворым фольк-фармаце (гэтага ў нас хапае), а блізкі і зразумелы кожнаму, карацей, зімовая сьвяточная пап-музыка, як прынята ў сьвеце. 

Але думкі думкамі, а суворая рэчаіснасьць дыктавала свой сцэнар: то брак бюджэту, то занятасьць музыкаў, то рэпрэсіі на радзіме (якія пэрыядычна разгортваліся і да гераічнага 20-га, калі хто ня ведае), але за гэты час задума ня спраўдзілася.

Але беларускія музыкі напярэдадні Калядаў рэгулярна рабілі сьвяточныя рэлізы. Выпускаліся яны і да «Сьвятога Вечара». 

sviaty-vieczar-01.jpgМалюнак Лявона Вольскага

Прапаную вам паслухаць тое-сёе з багатай беларускай калядна-навагодняй сьпеўнай спадчыны. Гэта ніякі ня топ-20, бо тут ня той выпадак. Ніхто ні з кім не змагаецца, няма ніякага спаборніцтва. Вы можаце слухаць гэтыя творы ў адвольным парадку — як вам спадабаецца. І яшчэ — я не прэтэндую на аб’ектыўнасьць і на штосьці абавязкова забудуся, ці гэтае штосьці ў свой час прайшло міма мяне, такое таксама пэрыядычна здараецца.

Такім чынам:

«Песьняры» — «Калядачкі»

Хіт з далёкіх савецкіх часоў. Мне болей падабаецца старэйшая кантры-вэрсія за пазьнейшую ф’южн-джаз-рокавую.

Кася Камоцкая — «Чаканьне Калядаў»

Словы Міхала Анемпадыстава. Прывітаньне зь 90-х. Пранікнёная задуменная песьня пра Каляды і жыцьцё.

Аляксандр Памідораў — «Цуд На Каляды»

З праекту «Сьвяты Вечар-2000». Сьвяточны аўтарскі гангста-рэп, папулярны ва ўсе часы.

«Крамбамбуля» — «Калядная Песьня»

Музыкі вельмі стараліся стварыць калядны настрой. Ці атрымалася, вам меркаваць.

«Крамбамбуля» — «Партызаны Каляднага Лесу»

Зусім іншая па стылі і гучаньні песьня гурту, які вымушана «сышоў у лясы», каб займацца партызанскім супрацівам. Іранічная.


Віктар Шалкевіч — «Балада пра Сьвятога Мікалая»

Песьня, якая ў нармальнай дзяржаве мусіла б круціцца па радыё й тэлевізары напярэдадні і падчас сьвятаў.

Віктар Шалкевіч + «Дзеці» — «Сьвяты Мікалай»

Са «Сьвятога Вечара-2000». Аповед пра Сьвятога Мікалая для маленькіх слухачоў. Мы з вамі таксама можам паслухаць і акунуцца ў дзяцінства.

«Палац» — «Сьвяты Вечар (Merry Christmas)»

Сплаў розных моваў і жанраў (на дзіва арганічны) у адной песьні з тых часоў, калі гурт «Палац» даваў канцэрты ў менскай філярмоніі.

«Палац» — «Звон Зьвініць»

Вольнае, нават вельмі аўтарызаванае прачытаньне сусьветнага каляднага хіту № 1 — Jingle Bells. У арыгінале, дарэчы, пяецца пра тое, як добра ехаць зь дзяўчатамі на санках, паганяючы каня, па сьнегавых віхурах і завеях. У палацавай вэрсіі ўсё спрасьцілася да «Калядны мой вазок / Сьпяшаецца ізноў / Прывезьці падарункі ўсім, / Павіншаваць сяброў». Але ўсё адно цяжка ўявіць сабе зімовыя сьвяты бяз гэтае песьні.

Neuro Dubel — «З Новым годам, родны край!»

Навагодняя песьня з абсурднаватым, як любіў Саша, тэкстам, дзе ёсьць усе атрыбуты сьвяткаваньня ў «родным краі» — аліўе, бумбокс кітайскае вытворчасьці, танцы, карацей, народнае гуляньне. 

Зьміцер Вайцюшкевіч — «На Каляды»

Гэты плённы артыст штогод радуе нас каляднымі рэлізамі. Найвядомейшы зь іх — «На Каляды» (на словы, безумоўна, Уладзіміра Някляева), але можна сьмела дадаваць у плэйліст і «Каляднае Сьвятло», і «Калядку», і «Каляднае Танга».

NAVIBAND — «Сумнае Сьвята»

Сапраўды сумная, але сьветлая калядная песьня часоў масавае эміграцыі беларускіх музыкаў.

«Каляды ў Менску» 

Песьня-надзея на лепшае з праекту «Эмігранты». 

Апроч усяго пералічанага варта паслухаць беларускія фольк-гурты. Кожны зь іх мае некалькі песень на калядную тэматыку. 

І ў тым самым «Сьвятым Вечары-2000», апроч «Цуду на Каляды» і песьні Віктара Шалкевіча, ёсьць беларуская вэрсія «Ave Maria» Шубэрта ў выкананьні Веранікі Кругловай, традыцыйная (у альбомнай вэрсіі — рок-н-рольная) «Глёрыя» ў жвавым выкананьні Аляксандра Памідорава і таксама традыцыйная «Новая Радасьць» у маім прачытаньні. 

І будзем спадзявацца на тое, што наступным годам сустрэнем Каляды ў Менску пад гукі навастворанага супольнага музычнага праекту «Сьвяты Вечар-2026».

Лявон Вольскі, Budzma.org