Сталі вядомыя месца і дакладны час развітання з Мікітам Мелказёравым

Раней паведамлялася, што на аўторак 30 снежня ў Варшаве прызначана развітанне з раптоўна памерлым у ноч з 20 на 21 снежня 37‑гадовым беларускім журналістам Мікітам Мелказёравым. Цяпер ягоная жонка Ліна Цапава і сябар Аляксандр Івулін паведамілі дакладны адрас і час, піша «Наша Ніва».

Mikita Miełkazioraŭ
Мікіта Мелказёраў. Фота: «Наша Ніва»

«Развітанне з Мікітам адбудзецца 30 снежня з 12:00 да 15:00. Месца: Fosa 19a, 02‑768 Warszawa», — напісала Ліна Цапава, папрасіўшы не прыходзіць на цырымонію загадзя і не прыносіць штучныя кветкі.

Таксама яна нагадала пра выказаную яшчэ раней просьбу не праводзіць у памяшканні для развітання фота— і відэаздымку, за гэтым будзе сачыць ахова.

Па факце раптоўнай смерці Мікіты Мелказёрава польская пракуратура пачала расследаванне. Было праведзена ўскрыццё цела, вынікі экспертызы стануць вядомыя праз некалькі месяцаў.