Беларусь на Еўрабачанні. Як гэта было

16.03.2021 Музыка

На мінулым тыдні вельмі гучнай была тэма ўдзелу Беларусі ў міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2021» у Ротэрдаме. 9 сакавіка Белтэлерадыёкампанія абвясціла канкурсанта, які будзе прадстаўляць Беларусь. Ім стаў баранавіцкі калектыў былых «КВЗшнікаў» «Галасы ЗМеста». Сёння Budzma.by вырашыла ўспомніць гісторыю ўдзелу беларусаў у Еўрабачанні.

З гісторыі Еўрабачання:

Упершыню конкурс прайшоў у траўні 1956 года. У Еўрабачанні ўдзельнічаюць краіны, што належаць да Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Дзякуючы конкурсу такія калектывы, як ABBA, Dschinghis Khan і спявачка Селін Дыён атрымалі сусветную папулярнасць.


Беларусь удзельнічае ў у конкурсе з 2004 года, дзе яе ўпершыню прадставіў дуэт з Барысава «Аляксандра і Канстанцін» з песняй «My Galileo». Першапачаткова дуэт выконваў каверы на сусветна вядомыя творы, але з канца 1990-х пачаў спяваць свае творы ў стылістыцы мадэрн-фолк і поп-рок. Пасля выхаду першага альбома «За ліхімі маразамі» ў 2001 годзе дуэт атрымаў рэспубліканскую вядомасць, стаўшы лаўрэатам шматлікіх нацыянальных конкурсаў. На Еўрабачанні-2004 дуэт не здолеў выйсці ў фінал, заняўшы 19-е месца ў паўфінале.

1) Аляксандра і Канстанцін.png

Аляксандра і Канстанцін

У 2005 годзе ад Беларусі на конкурс паехала Анжаліка Агурбаш з песняй Love Me Tonight, але, заняўшы 13-е месца ў паўфінале, у фінал спявачка не трапіла. Падобная гісторыя адбылася і ў наступным годзе, калі Паліна Смолава, атрымаўшы 10 балаў у паўфінале, заняла 22-е месца, што з’яўляецца найгоршым вынікам за ўсю гісторыю Беларусі ў конкурсе Еўрабачання.

2) Анжелика Агурбаш promoter.by.jpg

Анжаліка Агурбаш, фота promoter.by

3) Полина Смолова vipartist.ru.jpg

Паліна Смолава, фота vipartist.ru

Толькі ў 2007 годзе прадстаўнік Беларусі здолеў выйсці ў фінал. Дзмітрый Калдун, пераможца расійскай «Фабрыкі Зорак – 6», стаў першым у нацыянальным адборы на Еўрабачанне з песняй Філіпа Кіркорава Work Your Magic. У фінале конкурсу Дзмітрый Калдун заняў 6-е месца, што на сённяшні дзень з’яўляецца найвышэйшым дасягненнем беларусаў на конкурсе. У 2008-м (Руслан Аляхно) і 2009-м (Пётр Ялфімаў) гадах канкурсанты не выйшлі ў фінал, заняўшы ў паўфінальным адборы 17-е і 13-е месцы адпаведна.

4) Дмитрий Колдун gubdaily.ru.jpg

Дзмітрый Калдун, фота gubdaily.ru

У 2010 годзе гурт 3+2 разам са шведскім піяністам Робертам Уэлсам заняў у фінале 24-е месца з 25-ці магчымых з песняй Butterflies, напісанай расійскім прадзюсарам Максімам Фадзеевым. 

5) 3+2 eurovision.tv.jpg

3+2, фота eurovision.tv

Пасля 2010 года ўдзельнікі ад Беларусі выходзілі ў фінал толькі ў 2013-м, 2014-м, 2017-м і 2019 годзе. Асаблівай увагі заслугоўваюць фіналісты 2017 года – гурт NaviBand, бо гэта былі першыя ўдзельнікі Еўрабачання, якія прадстаўлялі Беларусь з песняй на беларускай мове. Нягледзячы на тое, што гурт, набраўшы 83 балы, заняў 17-е месца, яго выступ выклікаў вялікі рэзананс і станоўчыя водгукі ў грамадстве.

6) NAVIband eurovision.tv.jpg

NaviBand, фота eurovision.tv

У 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса ў свеце конкурс «Еўрабачанне-2020» быў адменены. Сёлета ад Беларусі плануюць адправіць баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста». 

Малады малавядомы гурт распачаў сваю дзейнасць увесну 2020-га. Ён складаецца з былых удзельнікаў баранавіцкай каманды «КВЗ» — «Клуб любителей жизни». Вядома што франтмен Дзмітрый Бутакоў — прадпрымальнік, які скончыў Інстытут замежных моваў Міністэрства абароны СССР. У інтэрв’ю Tut.by заяўляў што: 

«Я вообще, честно говоря, „совок“ самый настоящий — до сих пор развала страны большой не могу пережить. Беларусь как отдельное самостоятельное государство? Мне сложно это принять».

Гурт неаднаразова ўдзельнічаў у праўладных аўтапрабегах.

7) Галасы ЗМеста 4esnok.by.jpg

Фота 4esnok.by

У сваёй творчасці гурт высмейвае тэлеграм-каналы, пратэсты і страйкі ў Беларусі. Пасля абвяшчэння гурта «Галасы ЗМеста» з песняй «Я научу тебя» ўдзельнікам конкурсу на арганізатараў пасыпалася вялікая колькасць каментароў і лістоў з патрабаваннем не дапускаць гурт да Еўрабачання. У выніку 11 сакавіка арганізатары выдалілі са свайго YouTube-канала відэа гурта і запатрабавалі замяніць песню ці прадставіць новага выканаўцу.

Антон Шаранкевіч, budzma.org