Прэм’ера спектакля «Хам» паводле твора Элізы Ажэшкі адбудзецца ў РТБД

27 і 28 сакавіка адбудзецца прэм’ера спектакля «Хам» — сцэнічнага даследавання чалавечых узаемаадносін па матывах аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры, двойчы намінанта на Нобелеўскую прэмію Элізы Ажэшкі.

Afiša

У беларускай вёсцы літуе час. Рыбак Павел, удавец, якога вабіць толькі бязмежны прастор Нёмана і рыбная лоўля, сустракае Франку — распусную гарадскую дзяўчыну, чыё з’яўленне цалкам змяняе яго размеркаванае жыццё. Ці гэта стасункі, у якіх па-біблейску даруюцца правіны? Ці гэта гісторыя сапраўднай жарсці, што не ведае меж і не прабачае слабасці?

Жанр стваральнікі спектакля вызначылі як «маліт-ва аб адолен-ні грахоў-ных звы... звычак». Гэта свядомая гульня з формай і сэнсам, якая з аднаго боку адсылае да чытання па складах, а з іншага — да сюжэта твора.

У сваім культавым рамане «Хам» Эліза Ажэшка даследуе жыццё Нёманскага краю. Аднак спектакль пераносіць літаратурных герояў у прастору па-за часам, акцэнтуючы ўвагу не на гістарычных ці сацыяльных падзеях, а на чалавечых узаемаадносінах і перажываннях.

Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Анастасія Васілевіч аб праекце: «Нам як Цэнтру беларускай драматургіі важна працаваць не толькі з п’есамі, а яшчэ і з інсцэніроўкамі беларускай класікі. Твор Элізы Ажэшкі — этапны для беларускай літаратуры. «Хама» ставілі не часта і зразумела чаму: складаная тэма, адчувальны містыцызм і нуарнасць. Ажэшка, як і іншыя аўтары пачатку XX ст., знаходзілася ў пошуку новай мовы і праблематыкі. Гэтым яе аповесць набліжаецца да «новай драмы» пачатку XXI ст., якая таксама прапануе новыя формы і пераасэнсаванне вечных тэм. Аднак «Хам» — гэта найперш гісторыя пра чалавека, яго выбар і пытанні, што ўзнікаюць час ад часу ў кожнага. Галоўнае з якіх: «А што гэта значыць — быць чалавекам?» Мы ведаем, што вера, любоў і міласэрнасць могуць выратаваць чалавецтва. Аднак часам жыццёвыя абставіны складваюцца так, што вера таксама становіцца выбарам, які патрабуе намаганняў».

Эліза Ажэшка — беларуская пісьменніца ХІХ стагоддзя, якая ў 1905 і 1909 годах была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Яе творчасць прасякнута асветніцкімі ідэямі, вылучаецца псіхалагізмам і глыбінёй характараў.

Падрабязней пра спектакль «Хам» і даты бліжэйшых паказаў можна знайсці на старонцы спектакля.