Пасля Другой сусветнай вайны ў Нью-Ёрку выходзіў беларускі часопіс «Веда». На яго старонках эмігранты аргументавалі, чаму не прызнаюць назвы «Беларусь» і прапаноўвалі іншыя варыянты. Самы папулярны можа вас здзівіць.
Часопіс «Веда». Крыніца: Kamunikat.org
Часопіс «Веда» выдавала ў 1951 — 1954 гг. у Нью-Ёрку Крывіцкае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны (захавана арыгінальнае напісанне назвы). Таварыства было заснавана 23 чэрвеня 1946 г. у Рэгензбургу (Германія). Уражвае, як у разбуранай вайной краіне нашы суайчыннікі думалі не толькі пра выжыванне, а і пра беларускую справу. З 1949 г. арганізацыя дзейнічала ў Нью-Ёрку. Навукова-літаратурны часопіс «Веда» вырашылі друкаваць, каб зрабіць дасяжнымі для больш шырокіх колаў даклады, якія гучалі на пасяджэннях Таварыства. Часопіс выдаваўся па-беларуску, кірыліцай. Некаторыя артыкулы суправаджала рэзюмэ па-англійску.
Ян Станкевіч. Крыніца: Вікіпедыя
Галоўным рэдактарам часопіса «Веда» быў ураджэнец вёскі Арляняты Ашмянскага павета (цяпер Смаргонскі раён) Ян Станкевіч, гісторык, мовазнаўца, грамадскі дзеяч і брат больш вядомага мовазнаўцы, ксяндза Адама Станкевіча. Рэдактар быў і аўтарам вялікай часткі тэкстаў у «Ведзе». Ён публікаваў там сваю версію кароткай гісторыі Беларусі, даследаванні беларускіх дыялектаў. Мы пагарталі электронныя копіі некаторых выпускаў часопіса (яны дасяжныя на сайце Kamunikat.org) і заўважылі, што вельмі істотнай тэмай было абмеркаванне назвы роднай краіны.
Крывічы
Ужо ў першым нумары часопіса «Веда» ў студзені 1951 г. рэдакцыя задэкларавала (тут і далей у цытатах захаваная арыгінальная арфаграфія і пунктуацыя):
Таварыства нашае завецца «Крывіцкім» — старым сапраўдным назовам нашага народу; але пакуль гэты назоў агульна й канчальна ня прыняты, як адзіны сучасны назоў нашага народу, у «Ведзе» могуць і будуць ужывацца таксама іншыя назовы, як другі праўдзівы назоў нашага народу «Літва», «Ліцьвіны», і як накінены Масквою, але нядаўна пашыраны і цяпер яшчэ ўжываны назоў «Беларусы».
Да таго ж, рэдакцыя часопіса «Веда» не выкарыстоўвала, бадай, больш звыклай для сучаснага беларуса формы «Крывія». Ян Станкевіч пісаў Крывічы-Беларусь, тлумачачы сваю пазіцыю:
Этнографічная тэрыторыя Крывіч-Беларусі
Цяперашнія этнографічныя Крывічы або Беларусь мяжуюць на заходзе з Польшчаю, на паўночным заходзе з Лятувою, Латвою й Эстоняй, на поўначы а ўсходзе — з Расіяй, на паўдні — з Украінаю.
Крывічы — гэта ня толькі праўдзівы назоў народу,... але й хорма ягоная, як назову зямлі, краю, чыста славянская й крывіцкая; гэтую-ж хорму падаюць старыя памяткі. Гэта такая-ж хорма, як Прусы, Чэхі а іншыя і як шмат якія тысячы нашых назоваў географічных (Радашкавічы, Баранавічы, Клімавічы). Калісь нашыя прашчуры казалі: «Ідзём у Крывічы, жывём у Крывічох, я з Крывіч»... Хормы назоваў краёў на —ія або —ыя (Расія, Латвія, Баўгарыя) — не славянскія.
Літва
Ужо ў другім нумары «Веды», за люты-сакавік 1951 г., чытач, што падпісаўся як А. Махноўскі, уступіў з рэдакцыяй у палеміку:
ПРА ДРУГІ НАШ НАЗОУ «ЛІТВА»
(Ліст у Рэдакцыю)
Апошні час я прыходжу да перакананьня, што назоў «Літва» павінен-бы быць нашымі гісторыкамі й палітыкамі больш папулярызаваны і што гэта і з палітычнага гледзішча нам ня шкодзіла-б, а, наадварот, памагала-б. Я думаю, я перакананы, што борзда прыйдзе тый час, калі ўвесь наш народ на першым конгрэсе ў Бацькаўшчыне задумаецца над гаспадарствавым назовам. І нічога лепшага ня знойдзе, як назоў «Літва». Гэта-ж адраджэньне нашае магутнае гісторыі!
Ужо й цяпер мы ўсе адчуваем. Што «Беларус» альбо «туташні» нам не падыходзяць. Ластоўскі й Вы і цэлы сьцяг іншых рабілі спробы шукаць у мінуласьці іншы назоў — «Крывічы». Дарма што на гэтыя «Крывічы» кінулася цэлае «зарубежжа», дарма што й «незалежнікаў» частка не згадзілася зь ім, але «шуканьнікі чыстай праўды» ўжо гэтым шуканьням першыя паказалі ўсёй грамадзе патрэбу зьмены назову...
Я думаю, што пытаньне пра назоў «Літва» не паўстала адно таму, што Беларусы надта сарамлівыя і калі бачаць, што ў іх хтось прысабечыў нешта, дык толькі кажуць: «Няхай сабе, што-ж ты парадзіш!?» Гэта не благая рыса, але я перакананы, што ў сучасны мамэнт мы павінны заганарыцца і ўзяць тое, што нам подле гістарычнага права належыла й належа. «Літва» — наш назоў, і нікому мы яго не аддамо. Тое самое і з эмблемамі. Нашага гэрбу мы ня будзем перарабляць, дарма што і Лятувісы яго ўжываюць.
А. Махноўскі
На гэты ліст рэдакцыя адказала на старонках часопіса:
Рэдакцыя «Веды» ўважае што ані ня шкодзе, калі адныя з нас будуць пашыраць назоў «Крывічы», а другія — «Літва», бо абодва назовы нашыя й добрыя, і перамога аднаго зь іх будзе залежыць ад тых абставінаў, у якіх наш народ у будучыні апынецца.
Беларусь
Аднак, сярод чытачоў сустракаліся і іншыя меркаванні. Напрыклад, у апошнім нумары «Веды» за 1951 г. апублікаваны ліст Янкі Скуратовіча з Дэтройта з такімі словамі:
Вы заўсёды настойліва абстайваеце што не беларуская мова а крывіцкая. Хаця назоў Крывія ёсьць факт гістарычны, але у сучасную эпоху ніхто з Беларусоў нячуў гэтага назову і на мой погляд, што назоў Крывія трэба было ужываць выключна для гісторыі пры тлумачэнні аб развіцці Беларусі.
Гэтаму чытачу рэдакцыя параіла ўважліва вывучыць папярэднія публікацыі ў «Ведзе», падсумоўваючы: Крытык мусіць знацца на крытыкаванай ім рэчы.
Варта адзначыць, што жывучы ў дэмакратычнай краіне, рэдакцыя «Веды» імкнулася адлюстраваць усе пункты гледжання на важныя для беларусаў пытанні, нават калі погляд не супадаў з яе ўласным.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Крыўская ідэя» і фінт Ластоўскага