Ураджэнец Радашковічаў Павел Валужын дэбютаваў у нью-ёркскім Метрапалітэн-опера — адным з самых прэстыжных тэатраў у свеце. Інфармацыя аб гэтым з’явілася на сайце амерыканскага калектыва, піша zerkalo.io.
Павел Валужын. Фота: metopera.org
Павел Валужын выканаў партыю герцага Мантуанскага ў оперы Джузэпэ Вердзі «Рыгалета».
Павел Валужын нарадзіўся ў Радашковічах. Скончыў Маладзечанскую музычную вучэльню імя Агінскага, затым Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю. У 2013-2016-м — артыст Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі, у 2016-2018-м — саліст опернай трупы Вялікага тэатра.
У 2017-м адбыўся еўрапейскі дэбют Валужына ў Тэатры Базеля («Багема» Джакама Пучыні), потым выступаў у Нямецкай оперы ў Берліне, дрэздэнскай Земперапер, венскай Фальксопер, Оперы Тулона, на Брэгенцкім фестывалі. З 2018-га — саліст Дзяржаўнай оперы Штутгарта (Германія).
Да Валужына з ліку беларусаў на нью-ёркскай сцэне выступалі толькі салісты расійскага Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук і Ірына Гардзей, салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі Аксана Волкава, а таксама Аляксандр Раславец, саліст Гамбургскага опернага тэатра (Германія).