Беларусь у капсуле часу. Людзі з пазаўчора пішуць у паслязаўтра

14.04.2025
У Беларусі працягваецца чэлендж з закладкай капсул часу. Усярэдзіне — пасланні нашчадкам, якія маюць адкупорыць яго ў ...2125 годзе. Каб тыя атрымалі «зарад бадзёрасці» ды — не забыліся адзначыць 180-годдзе «перамогі савецкага народа...» Будзільнік, выстаўлены на 100 год наперад.

Kapsula času  

Калі збяруся пісаць антыўтопію «Беларусь-2125», то пачынацца гісторыя будзе акурат са знаходкі капсулы часу. Уявіце. Выпаленая пустыня. Ніводнага дрэўца. Постапакаліпсіс. Пляшывы сабака галоўнага героя-сталкера адкопвае капсулу. А там — «наказ потомкам беречь мирную и процветающую Беларусь, чтить память победителей, быть достойными...» і далей у такім стылі.

«Священные знамёна в ваших руках...»

Іронія ў тым, што адносна нядаўна, у 2017-м, па ўсім былым СССР адкупорылі аналагічныя капсулы з 1967 года... У Беларусі — таксама. Тады, у 1967-м, закладкі капсул рабіліся на 30-годдзе ленінскай рэвалюцыі. Каб нашчадкі прачыталі пасланні ўжо на стагоддзе Кастрычніка. Канешне, са спадзяваннем, што ў 2017-м камунізм пераможа ва ўсім свеце, а ў кожным дзіцячым летніку будзе касмадром для палётаў на Месяц.

Kapsula času

Вось фрагмент паслання, якое выцягнулі з Кургана Славы ў Гомелі ў 2017-м:

«...Вы наследники всех богатств Великой Отчизны, (...) Трудными дорогами первооткрывателей шли мы долгие десятилетия, но всегда на нашем красном знамени ярко горели заветы Великого Ленина, благородные принципы коммунизма: Мир, Труд, Свобода, Равенство и Счастье для всех народов. Сегодня эти священные знамёна в ваших руках».

Смешна? Так. Тым больш, у 1967-м, нягледзячы на прэсінг ідэалогіі, Ленін з Чапаевым ужо былі героямі анекдотаў. А прыход «залатога веку» — камунізму — адсоўваўся ўсё далей і далей, пяцігодка за пяцігодкай. Разам з тым капсулы закладаліся на 50 гадоў наперад. То-бок, іх мелі адкрыць яшчэ пры жыцці «закладчыкаў». Нейкае спадзяванне на лепшае заўтра — прысутнічала.

Ілюзія будучыні, каб запоўніць пустку 

Сённяшнія ўдзельнікі флэшмобу, якія закладаюць свае капсулы ў дзіркі ў валунах, пастаменты пад танкамі Т-34, падмуркі лякарняў, «прачэкалі» момант. Таму — на 100 гадоў наперад. Каб ужо не было з каго спытаць за ўсё напісанае ў капсуле. І не было з каго горка пасмяяцца. Але жыць зусім без будучыні неяк не салідна, таму варта стварыць хаця б яе ілюзію.

Kapsula času

Атрымліваецца — ілюзія будучыні ў краіне без будучыні. Краіне, якая лепш за ўсё навучылася жыць сённяшнім днём, без аглядкі на тое, што будзе заўтра. А тым больш — паслязаўтра. Больш за тое, у краіне — якая сама пераўтварылася ў капсулу часу. Бо ўсе сілы кладуцца акурат на тое, каб нічога не змянялася. Каб заўтра было падобным на ўчора.

Філасофія часу — вельмі цікавая штука. У свеце, дзе time is money — будучыня дынамічная, непрадказальная, на яе можна ўплываць, урэшце — працаваць на яе. Гэта перамога над фаталізмам. Як пісала Сара Конар на драўлянай сталешніцы недзе на амерыкана-мексіканскім памежжы: No fate.
Зусім іншы падыход, калі ты ўпэўнены, што заўтра будзе падобным да ўчора. А лепш — на пазаўчора. Гэта сусвет традыцыйнага грамадства, дзе змяняюцца толькі паравіны году. Пустка запаўняецца працай, каб не думаць лішняга: каляндар патрэбны, каб ведаць, калі араць, а калі — сеяць. А яшчэ ёсць базавы міф загадкавых «победителей», пра якіх спявае рэпер Сярога. Ну і — усё. Капсула замыкаецца.

Час капсул 

Кажуць, што ўсе фільмы пра гісторыю насамрэч здымаюцца пра сёння. Тое самае з пасланнямі ў капсулах часу. Усе гэтыя тэксты маюць сэнс толькі ў той дзень, калі пішуцца. І ніколі больш. Бо заўтра выклікаюць толькі іронію. Паслязаўтра — пераўтвараюцца ў анекдот. 

Адзінае пасланне нашчадкам — гэта рэальныя дасягненні. Тады акурат няма патрэбы вучыць будучыя пакаленні, як ім жыць. Бо — усё і так відавочна. Ну, а калі з дасягненнямі праблемы — надыходзіць час капсул. Старыя вымаем, новыя ставім. Мяняем толькі інтэрвалы, калі даставаць: праз 50, 100, 150 гадоў?..

Алесь Кіркевіч, Budzma.org