Воля — беларуска, якая апынулася ў Новай Зеландыі. Пераезд у краіну, якая так далёка ад роднага Палесся, падштурхнуў даследаваць свае карані: Вольга вядзе свой блог, дзе распавядае пра вясковыя традыцыі на родным опальскім дыялекце. Budzma.org паразмаўляла з Воляй пра жыццё ў Опалі, традыцыі Палесся ды пра тое, што новазеландцы ведаюць пра Беларусь.
Воля нарадзілася і да паступлення ва ўніверсітэт жыла ў вёсцы Опаль у Брэсцкай вобласці.
— Палессе — унікальны рэгіён з унікальнымі традыцыямі, абрадамі, мовай. Усе людзі ў палескіх вёсках размаўляюць на сваіх дыялектах, якія падпарадкоўваюцца нефармальным правілам. Гэтыя дыялекты адрозніваюцца ад вёскі да вёскі. З маленства палешукі камунікуюць, кахаюць, сварацца на гэтай мове.
Я таксама з дзяцінства размаўляла на опальскай мове. Мая мама была настаўніцай рускай мовы і літаратуры, яна спрабавала нас з сястрой прывучыць размаўляць па-руску. Быў такі стэрэатып, што калі ты размаўляеш па-руску, ты адукаваны. Але з сяброўкамі я заўсёды размаўляла па-опальску, так што ў мамы нічога не атрымалася. І дагэтуль я размаўляю з аднасяльчанамі, калі тэлефаную да сям’і, калі хтосьці прыходзіць да яе ў госці.
Усё жыццё палешука і паляшучкі — гэта праца на зямлі. І жывуць яны ад зімы да лета, адзначае Воля
— Летам жыццё ў вёсцы кіпіць, а ў халодныя месяцы людзі сядзяць па хатах, ходзяць адно да аднаго ў госці — на вячоркі, гэта называецца. Жанчыны часта збіраюцца і робяць нешта сваімі рукамі.
Традыцыі ў розных кутках Палесся адрозніваюцца. Напрыклад, ва многіх раёнах ладзяць Юр’еўскі карагод. Але ў Опалі такой традыцыі не было. Затое мы святкавалі Купалле: па значнасці і велічыні яно было амаль як Новы год для нашай вёскі.
Таксама ў нас своеасаблівыя традыцыі на вяселлі і пахаванні. Напрыклад, вясельны каравай у кожнай вёсцы ўпрыгожвалі па-свойму. У Опалі было прынята рабіць вельмі высокі каравай. Лічылася, што чым вышэйшы каравай, тым больш шчаслівае жыццё чакае маладых. Цеста намотвалі на высокія палкі, а пасля запякалі на кастры. А потым мы рабілі з каляровай паперы кветкі, і каравай яшчэ абмотвалі рушніком.
Для палешукоў тэма смерці вельмі важная, кажа Воля. Яны любяць успамінаць памерлых родзічаў, расказваць, куды тыя хадзілі. Ці могуць абмяркоўваць, як яны хочуць, каб іх пахавалі.
— На Палессі таксама ёсць спецыяльныя людзі, як правіла, гэта бабулі, якія дапамагаюць сем’ям зладзіць усё правільна, згодна з традыцыямі. У гэтым рэгіёне вельмі распаўсюджаныя плакальшчыцы — жанчыны, якія галосяць на пахаваннях. Гэтае галашэнне дапамагае перажыць гэтае гора разам, перажыць гэтыя эмоцыі.
Развітваюцца з чалавекам на працягу сутак ці нават двух. Дзверы хаты пакідаюць адчыненымі, і кожны можа зайсці і развітацца з чалавекам. У гэтым таксама ёсць пэўны сэнс: ты дазваляеш іншым увайсці ў сваё гора. Вядома, у горадзе такой традыцыі ўжо даўно няма.
Нядаўна нашая суразмоўца напісала кнігу «Мое баба — діректор морга»: Воля прысвяціла яе сваёй бабулі з Опалі.
— Мая бабуля была вельмі працавітай жанчынай, яна дапамагала аднасяльчанам. Па-першае, «радэтэ» чалавека, як мы казалі ў вёсцы — то-бок памыць яго, пакласці ў труну, а таксама зрабіць усе гэтыя абрады. Па-другое, яна таксама была і плакальшчыцай.
Пошук новага сэнсу прыйшоў па-за Палессем
Думкі збіраць матэрыял пра Палессе і бабулю былі даўно. Я пачала здымаць яе на відэа, запісвала яе жарты, яе гісторыі. На жаль, бабуля пайшла з жыцця ў 2020 годзе. У 2022 годзе ў маім жыцці адбыліся перамены — я пераехала ў Новую Зеландыю. Тут, у месцы, якое знаходзіцца вельмі далёка ад майго дома, я пачала шукаць новы сэнс. Усё гэта вылілася ў блог, дзе я распавядаю пра Палессе на сваёй опальскай мове, расказваю пра нашы традыцыі.
Таксама мне захацелася зафіксаваць свае ўспаміны пра бабулю. І ўсё гэта вылілася ў кнігу «Мое баба — діректор морга». Зараз мы робім фінальныя праўкі, і кніга вось-вось пабачыць свет. Я дала пачытаць кнігу беларускі пісьменніцам, і яны далі вельмі пазітыўныя водгукі. Таму я з заміраннем сэрца чакаю, што ж скажуць усе астатнія.
У Новую Зеландыю Воля пераехала, бо пазнаёмілася з новазеландцам. Па словах нашай суразмоўцы, мясцовыя няшмат чулі пра Беларусь
— Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне і было шмат навінаў, то, вядома, больш людзей даведаліся і пра Беларусь у тым ліку. Але, калі казаць агульна, то калі я кажу, што я з Беларусі, то часта мяне запытваюць: «А дзе гэта?». Увогуле новазеландцы больш падарожнічаюць па сваёй краіне ці лятаюць у Аўстралію ці Азію, бо да Еўропы далёка і дорага дабірацца.
Вядома, сваякі майго мужа ведалі пра Беларусь, і калі я прыляцела першы раз, яны маглі падтрымаць размову пра тое, што адбываецца ў краіне.
Культура некарэннага насельніцтва, па словах Волі, зусім іншая. Новазеландцы баяцца размаўляць пра смерць, для іх гэта табуяваная тэма.
— Але нядаўна я даведалася, што традыцыі карэннага насельніцтва, маёры, у нечым падобныя да палескіх. У іх таксама нябожчык знаходзіцца ў хаце дзень ці нават некалькі, дзверы таксама пакідаюць адчыненымі, каб людзі маглі развітацца. Таксама ў іх ёсць абрадавыя песні і нават танцы, якія яны выконваюць на пахаваннях.
Атрымліваецца, што народы, якія маюць самабытную культуру, у нечым падобныя. Цікава, як людзі ў розных частках свету прыходзяць да аднаго і таго ж.
Пасля кнігі яшчэ кніга
З планаў на будучыню — працягваць весці блог і папулярызаваць сваю кнігу, кажа Воля.
— Зараз я дамаўляюся з рознымі кнігарнямі, каб прадаваць там кнігу. Таксама ў планах зрабіць аўдыякнігу, каб людзі маглі пачуць гэтую мову, бо не ўсе ведаюць, як прачытаць гэтыя словы. Вядома, у мяне яшчэ шмат арт-ідэй, але пра гэта яшчэ рана казаць.
11 ліпеня ў Варшаве адбудзецца прэзентацыя кнігі Голі з Ополя «Мое баба — діректор морга». Пачатак а 18-й у варшаўскім клубе «House of Storks» па адрасе ul. Mickiewicza 18B.
Марта Радушкевіч, budzma.org