Паводле апытання, праведзенага ў адным з беларускіх тэлеграм-каналаў у Грузіі, прысвечаных бізнесу, прыкладна 60% беларусаў, якія пераехалі ў Грузію і пачалі тут працаваць, складаюць айцішнікі. І таму адкрыццё беларускай камандай у Батумі кавярні стала справай у нечым унікальнай. А гісторыя гэтага адкрыцця — і ўвогуле незвычайная.
Проста таму, што раней ніхто з гэтай каманды не меў такога бізнесу і, адпаведна, досведу працы ў якасці ўладальнікаў кавярні.
Кавярню адкрыла, як анансавалася ў сацсетках, «каманда з Беларусі». Але насамрэч гэтая каманда — сям’я, распавядае адна з уладальніц бізнесу Аліна.
— Я, мой муж, свякроўка і яе муж, мы ўчатырох, такія вясёлыя людзі, вырашылі скарыць Грузію. Ідэя адкрыцця свайго бізнесу прыйшла ў галаву майму мужу Мікіту. У Беларусі мы бізнес не адкрывалі. А вось у Батумі вырашылі паспрабаваць. Чаму менавіта Батумі? Таму што тут амаль нулявая канкурэнцыя. Усе, хто да нас прыходзіць, кажуць: «Як крута, што ў Батумі адкрылася кавярня, дзе можна выпіць добрай кавы». Мы хутка сабраліся, мы хутка пераехалі, паўгода мы тут, і за гэтыя паўгода мы адкрылі сваю справу.
Мы не займаліся такім бізнесам у Беларусі, і наогул не займаліся ніякім бізнесам, мы ўвесь час працавалі дзесьці па найме. Уладзімір, які цяпер варыць каву, наогул працаваў у «хуткай дапамозе», і вось так кардынальна змяніў сферу дзейнасці. І да пераезду ў Грузію ніхто з нас ніколі ў гэтай краіне не быў. Гэта значыць, мы нават не ведалі, што нас чакае.
— Але ўсё ж такі: чужая краіна, чужыя законы... Цяжка было адкрываць свой бізнес?
— Вядома, цяжка. Мы, калі сюды ехалі, думалі, што тут усё будзе проста і лёгка, не трэба будзе палову дакументаў з тых, што патрэбныя ў Беларусі, але — не. Памяшканне, у якім мы хацелі рабіць і зрабілі кавярню, мы знайшлі літаральна за месяц. А астатнія пяць месяцаў мы атрымлівалі дазволы на рамонты, рабілі рамонт і гэтак далей. Так, было цяжка, але мы справіліся.
Мы разумелі, што нам патрэбныя былі людзі, якія нам дапамогуць, тыя ж самыя юрысты, архітэктарка нам дапамагала атрымаць дазволу на рамонт, будаўніцтва. Пры гэтым, як высветлілася, Google тут не працуе, тут усё робіцца праз Facebook, і мы шукалі тут праз Facebook усіх людзей, хто нам быў патрэбны.
На самой справе, тут на ўсё трэба атрымліваць дазвол. У нас дом лічыцца гістарычным помнікам, і аж да афарбоўкі сцен — на дазволе мы пісалі нават нумар фарбы, якой будзем фарбаваць. Пры гэтым мы не ведалі грузінскай мовы, нам людзі, якія здавалі кватэры, проста дапамагалі з перакладам. А потым з’явілася архітэктарка, дзяўчына, якая ведала і рускую, і грузінскую, яна нас проста за руку вадзіла па ўсіх гэтых інстанцыях, і з яе дапамогай мы ўсё перакладалі на грузінскую («Эліне — палымянае прывітанне», — кажа Уладзімір).
Грузінская мова — гэта асобная рэч і асобныя патрабаванні. У Грузіі ты павінен перакласці сваю назву на грузінскую, на якой бы мове яна ні была. І да таго ж, нічога не атрымаецца напісаць «дробным шрыфтам», як гэта любяць рабіць у Беларусі. Напрыклад, на шыльдзе грузінскія літары павінны быць не толькі таго ж памеру, як і «асноўная» назва, але таго ж стылю і такім жа шрыфтам.
— У чаце беларусаў Батумі шмат было нараканняў, што ў кавярні няма беларускага каларыту...
— Мы, шчыра кажучы, не пазіцыянуем кавярню як беларускую. У кавярні з беларускага — толькі мы. У нас бралі першае інтэрв’ю, напісалі, што мы — беларуская кавярня, і ўсе чакалі ўбачыць тут... Як нехта пажартаваў, «дранікі з мачанкай». Але мы разлічваем не толькі на беларусаў, — на вялікую аўдыторыю. Нам прыемна, калі прыходзяць беларусы, мы з імі можам абмеркаваць надзённы боль, але да нас ужо прыходзяць замежнікі, грузіны, хутка пачнецца турыстычны сезон...
Мы хочам варыць каву. Наша асноўная мэта —зрабіць смачную каву, зрабіць атмасферу, зрабіць прыемна людзям. Каб хацелася зайсці, выпіць кавы, і забыцца на нейкія праблемы і адпачыць.
Можна забыцца на праблемы, а можна пра іх і не забываць. Кавярня, у тым ліку, разлічана і на тых, хто хоча працаваць у прыемнай атмасферы. Каля кожнага стала адмыслова зробленыя разеткі. Хочаш — зараджай тэлефон, хочаш — ноўтбук пастаў. І плюс — заўсёды побач выпечка і смачная кава.
— Вы працуеце ўжо два тыдні. Па першых адчуваннях: правільна выбралі бізнес? Вы ўжо карыстаецеся папулярнасцю?
— Так, у першую чаргу мы папулярныя ў беларусаў.
Як бы на нас ні наракалі за «непатрыятызм», беларусы нас вельмі любяць. Я спадзяюся, што не хлусяць (смяецца). Заходзяць паглядзець, пагутарыць, падтрымаць. І калі такія беларусы заходзяць — гэта вельмі крута, ты адчуваем падтрымку.
Заходзяць расійцы, у асноўным пакуль ходзяць славяне. Прыходзяць і грузіны, у асноўным тыя, хто працуе ў суседніх будынках — паглядзець, што ж тут адкрылася, зацаніць каву.
Мы пазіцыянуем сябе як special-кавярня, мы і на прэміум-зерні працуем, і альтэрнатыўныя спосабы заварвання ў нас. Грузіны, дарэчы, заказваюць у асноўным чорную каву, — эспрэса, амерыкана. Прасілі зрабіць кавы па-турэцку. Яны звыклі да такога, гэта, бачна, тут традыцыя.
Між іншым, кавярня, на самой справе двухпавярховая. Уваход на другі паверх — невідавочны, і там ёсць невялічкая «чылаут-зона» з нізкім столікам і крэсламі-мяхамі. Побач стаіць паліца, на паліцы — настолка «Манаполія». Так, сюды можна прыйсці і ў гульні пагуляць. «Прыходзілі неяк грузіны, прыносілі сваю настолку, сядзелі, гулялі», — кажа Уладзімір. Так што тут можна і «завіснуць».
— Варта адзначыць, што вы рызыкнулі адкрыцца падчас эпідэміі covid-19, калі кавярні, хутчэй, зачыняюцца, чым адкрываюцца...
— Калі браць Грузію, то ўсе кавідныя абмежаванні, «зялёныя пашпарты», скарачэнне часу працы і гэтак далей, — мы неяк усё перажылі рамонтам. Гэта прайшло міма нас, мы адкрыліся пятага лютага, а першага лютага якраз адмянілі «зялёныя пашпарты». Мы, дарэчы, ўспрынялі гэта як добры знак. І цяпер у мяне няма такога страху, што мы закрыемся. Наадварот — хутка пачнецца турыстычны сезон, і ўсё пачнуць адкрываць назад. Турысты — асноўны заробак Батумі, усе чакаюць вясны і іх прыезду, зімой усё моцна замірае.
Мы думаем пра тое, каб пашырацца, наймаць іншых людзей... Не хацелася б усё жыццё самому працаваць, хочацца кіраваць (смяецца). І хочацца хоць бы Грузію паглядзець, а то мы прыехалі, і далей Батанічнага саду Батумі ды яшчэ пары месцаў паблізу нічога і не бачылі. Можна сказаць, што ўсё, што мы бачылі за паўгода — гэта мяхі цэменту (смяецца).
У летні час плануюцца столікі на вуліцы, каб падаваць каву «на вынас». Але стыль і выгляд столікаў і крэслаў, якія будуць стаяць на вуліцы, таксама трэба ўзгадняць. Яны павінны адпавядаць атмасферы гістарычнага цэнтра Батумі. Але гэта, па словах уладальнікаў кавярні, «усё атрымальна».
— Якія асноўныя складанасці з адкрыццём кавярні ў вас былі? Што б вы параілі тым, хто адкрывае бізнес у Батумі?
— Трэба вельмі ўважліва ставіцца да людзей, якія будуць працаваць, якія будуць займацца будаўніцтвам, перапланіроўкай. Ёсць тут добрыя спецыялісты, але над імі трэба стаць і стаяць. Як толькі ты кудысьці сышоў — яны збіраюць чамаданчык, і паехалі... Гэта самае асноўнае, чаму трэба надаць увагу ў Грузіі.
А калі зусім ужо шчыра: хочаш зрабіць добра — зрабі гэта сам. У нас так і атрымалася. Больш за палову з таго, што тут зроблена, зроблена нашымі рукамі. Нам давялося вучыцца яшчэ і будаўніцтву — і трубы самі клалі, і мэбля, за выключэннем бара, зробленая нашымі рукамі. Сцены, столі — усё гэта мы. Таму што тут з будаўнікамі вельмі складана: яны шмат абяцаюць, але мала робяць.
І, напэўна, трэба рызыкаваць, не баяцца. Усё ў вашых руках. Мы сюды прыехалі, не ведаючы нічога: ні горада, ні мовы, ні законаў, мы тут былі наогул ніхто. І нічога — справіліся. Калі ў нас, такіх валёнкаў, атрымалася, то ў кожнага атрымаецца.
Аліна Бялова, budzma.org