Нядаўна на абшарах інтэрнэту з’явіўся сайт mova.how і выклікаў вялікі ажыятаж у сацыяльных сетках. Сайт уяўляе сабой калекцыю беларускамоўных разнастайных анлайн-рэсурсаў. Як высветлілася, беларускія карыстальнікі насамрэч чакалі з’яўлення такой пляцоўкі, дзе будуць кампактна сабраны ўсе сайты і дапаможнікі, так ці інакш звязаныя з беларускай мовай.
mova.how
Пра ідэю стварэння сайта, попыт на беларускасць у грамадстве і сучасныя тэндэнцыі ў беларускім сегменце інтэрнэту пагаварылі з Уладзіславам — маладым праграмістам і заснавальнікам праекта mova.how.
На мову ў штодзённым жыцці я яшчэ не перайшоў, — папярэджвае Уладзіслаў перад пачаткам гутаркі, хаця на справе гаворка яго гучыць вельмі пісьменна, — таму магу ўжываць шмат русізмаў, альбо ўвогуле магу завіснуць у пошуках нейкага слова. Я з Беларусі, дзесяць год пражыў у Мінску. У 2021 годзе пераехаў у Польшчу і зараз знаходжуся тут, у Кракаве. З’ехаў збольшага праз палітычныя абставіны. Пэўнай пагрозы асабіста для мяне не існавала, але я ўваходзіў у катэгорыю людзей, у якіх гэта пагроза можа з’явіцца ў нейкі момант. Было даволі цяжка эмацыйна знаходзіцца ў Беларусі. Да таго ж, шмат знаёмых з’ехалі з краіны. Паколькі ў Беларусі я працаваў праграмістам, то ў мяне была магчымасць займацца тым жа і пасля пераезду, што я і зрабіў.
Сайт mova.how я стварыў усяго два тыдні таму, хаця нейкія ідэі былі і раней, і нейкая праца ўжо была праведзена. На мой погляд, трафік неблагі: за два тыдні амаль дзесяць тысяч унікальных карыстальнікаў. Толькі палова з іх з Беларусі, шмат людзей з Польшчы, Злучаных Штатаў, Германіі і Расіі.
На дадзены момант рэсурс прадстаўляе сабой проста статычную старонку, гэта нават не паўнавартасны сайт, бо там толькі тэкст і спасылкі. Усе спасылкі я паспрабаваў разбіць па пэўных раздзелах: слоўнікі, якімі я сам скарыстаюся; курсы для вывучэння мовы і іншыя праекты, якія таксама сваёй мэтай ставяць распаўсюд беларускай мовы. Ёсць спасылкі на рэсурсы з літаратурай і кнігамі. Ёсць яшчэ партал з перакладамі і нейкімі кароткімі мастацкімі тэкстамі, аўдыякнігамі і г. д. Таксама ёсць раздзел з сацыяльнымі сеткамі, каб людзям было прасцей падпісацца і бачыць больш мовы ў анлайне.
Зараз у мяне фокус непасрэдна на збор кантэнту, то-бок я хачу дадаць яшчэ больш спасылак і зрабіць нейкую больш глыбокую структуру. Дарэчы, на старонцы «разнастайнае» ўжо проста хаос: шмат несістэматызаваных рэсурсаў. Калі буду лічыць, што кантэнту ўжо дастаткова, і мусіць, стамлюся гэтым займацца, то планую зрабіць асобны сайт, дзе будуць фільтрацыя і пошук. Ёсць яшчэ планы дадаць некалькі допісаў аб тым, як пераключыць на беларускую мову пэўныя прылады, тэлефон і камп’ютар. Насамрэч я менавіта з гэтага хацеў пачаць сваю дзейнасць, але потым пераключыўся на спасылкі на іншыя праекты.
Увогуле ідэя прыйшла праз асабісты досвед. Я сам спрабую перайсці на мову. Калі не шукаеш беларускамоўныя праекты, то яны самі не прыходзяць. Трэба прыкласці пэўныя намаганні, каб знайсці штосьці. Я пачаў збіраць такія карысныя крыніцы, на штосьці сам падпісваўся, хаця чытаць усе часу няма. Падпісваешся на адзін рэсурс, пачытаеш штосьці на ім — знаходзяцца яшчэ пяць. Спасылак станавілася ўсё болей.
Я бачу, што ёсць попыт на беларускамоўныя рэсурсы. І ў сацсетках гэта тэма падымаецца. Напрыклад, у Twitter шмат хто пераходзіць на беларускую. Я падумаў, што гэта можа спатрэбіцца камусьці апроч мяне. Людзі актыўна дзеляцца маім праектам, робяць рэпосты, таму даволі шмат карыстальнікаў ужо дазналіся пра мой сайт.
Раблю праект адзін, але на сайце ёсць форма зваротнай сувязі, праз якую можна штосьці дадаць. Пакуль некалькі дзясяткаў паведамленняў прыйшло. Часцей за ўсё людзі скідваюць спасылкі розныя цікавыя беларускамоўныя старонкі. Адна дзяўчына скінула некалькі дзясяткаў інстаграм-акаўнтаў.
А вось у майго праекта, наадварот, няма сацыяльных сетак. Па-першае, я ніякі кантэнт не ствараю: гэта толькі агрэгатар іншых праектаў. Па-другое, каб весці сацыяльныя сеткі, трэба больш часу. У мяне на сайце ўсё проста: тэкст і спасылкі, а ў сацсетках трэба, каб было штосьці прыгожае.
Падаецца, што зараз беларускамоўных рэсурсаў становіцца ўсё больш, хаця можа гэта мая памылка, бо я іх пачаў шукаю. Але вось у тым жа Twitter людзі пераходзяць на мову, а ўсё больш розных новых каналаў ствараюцца ў рэжыме рэальнага часу. Літаральна пару дзён таму Андрэй Хадановіч зрабіў свой Ютуб-канал, а тыдзень таму з’явіўся сайт audiobooks.by, на якім сабраны ўсе беларускія аўдыякнігі.
Канал Андрэя Хадановича. Крыніца: youtube.com
Калі казаць пра мае ўлюбёныя рэсурсы, то гэта тыя, якімі я карыстаюся кожны дзень. Па-першае, гэта корпус беларускай мовы, па-другое, slounik.org, бо для мяне зараз галоўная праблема перакласці штосьці і пазбегнуць русізмаў. Па слоўніку я, зразумела, перакладаю, на корпусе я правяраю, ці ўжываецца насамрэч такая форма слова ў мастацкай літаратуры.
Акрамя таго мне падабаюцца такія прыгожыя старонкі ў інстаграме як «Забі Зяпу» і «Гутарка». Ёсць яшчэ такі тэлеграм-канал «Супер Мова», дзе публікуецца шмат тэкстаў і анонсаў падзей у анлайн і афлайн-прасторах, звязаных з беларускай мовай. Такі карысны канал, таксама ў нейкім сэнсе агрэгатар.
Тэлеграм-канал «Супер Мова». Крыніца: https://t.me/supermova
Здаецца, што беларускамоўных праектаў усё ж насамрэч становіцца больш, таму што попыт на мову расце. Я лічу, што попыт расце менавіта праз вайну ва Украіне. Праз заяву Расіі пра суайчыннікаў, праз нянавісць да ўсяго рускага. У 2020 годзе, напрыклад, я не заўважыў, каб людзі пераходзілі на беларускую мову, а зараз гэта цяжка не заўважыць.
Менавіта я пачаў пераходзіць на беларускую мову не праз вайну, а праз пераезд у Польшчу. Выглядае так, што трэба вывучаць польскую, але ў мяне наадварот з’явілася больш цікавасці да беларускай. Я на гэтым фоне пачаў чытаць штосьці на беларускай, перавёў прылады на беларускую. Потым яшчэ і пайшоў на курсы гутарковыя. Калі пачаў ствараць праект гэты, то і больш часу звязана з мовай у маім жыцці.
У грамадскім дыскурсе даўно існуе пытанне: наркамаўка ці тарашкевіца? Мне асабіста падаецца, што няма тут ніякай розніцы, на які стыль мовы чалавек будзе пераходзіць. Думаю, што большасці будзе прасцей перайсці на наркамаўку, бо яе вывучаюць у школе. Мне прасцей ужываць менавіта яе.
Дапаможнік «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча.
Калі камусьці падабаецца тарашкевіца, і ён здолее адразу перайсці на яе, то таксама добра. Калі я свой пераход скончу, то таксама буду старацца ўжываць больш тарашкевіцы: у ёй няма гэтай савецкай спадчыны, і мне падабаецца, як на пісьме перадаецца мяккасць. Галоўнае пытанне, улічваючы, колькі людзей у краіне размаўляюць па-беларуску, — гэта менавіта сам пераход на мову.
Д.Г. budzma.org