Гэтымі днямі ў Варшаве праходзіць фэст DaVoli, прысвечаны гадавіне падзей 2020 года. Яго ладзіць Інстытут беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0». Круглы стол «Будзьма беларусамі!», што стаўся нагодай пагаварыць пра беларусаў як нацыю, 5 жніўня даў старт фестывалю. Удзельнікі дыскусіі ў Dom Spotkań z Historią паразважалі пра тое, чаму беларусы за столькі стагоддзяў так і не здолелі сфармуляваць нацыянальную ідэю, чаму мы так лёгка асімілюемся з іншымі народамі і што варта зрабіць дзеля таго, каб попыт на беларушчыну быў заўсёды высокі і задавальняўся ў поўнай меры.
У якасці мадэратара дыскусіі выступіў журналіст Зміцер Лукашук.
Зміцер Лукашук
— Мы лічым дату 9 жніўня кропкай адліку, момантам абуджэння, калі беларускі народ масава прачнуўся і вырашыў: «хопіць», «даволі», — адкрываючы фестываль, адзначыла Галіна Казіміроўская, адна з заснавальніц «Інбелкульт 2.0». — Назваць гэтую дату святам мы не можам, але не можам яе таксама абмінуць сваёй увагай. Таму гэтым фэстам хочам паказаць, што і сёння беларусы разам, мы не забыліся, не даравалі, што нам не ўсё роўна.
Галіна Казіміроўская
Круглы стол распачаўся з прагляду мультфільма «Будзьма беларусамі!», які за 5 хвілін паказаў асноўныя падзеі беларускай гісторыі да 1991 года.
Ніна Шыдлоўскя і Андрэй Радаман
Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» расказала, чаму ў 2008 годзе распачалася гэтая шырокая медыякампанія, на які запыт грамадства яна адказвала ў той час і чым зʼяўляецца сёння:
— Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» паўстала каля 30 гадоў таму, калі жалезная заслона была разбураная і мноства людзей атрымала магчымасць паяднацца са сваёй гістарычнай радзімай, якую яны раней пакінулі, ратуючыся ад рэпрэсій. Беларуская інтэлігенцыя з розных бакоў замежжа ініцыявала стварэнне суполкі, што была б паўнамоцным прадстаўніком інтарэсаў нашай дыяспары ў самой Беларусі. Першым прэзідэнтам «Бацькаўшчыны» быў Васіль Быкаў. Мы ўсе гэтыя гады працавалі з беларусамі замежжа, але заўважалі, што, зʼязджаючы за мяжу, нашы суайчыннікі, вельмі хутка забываліся на тое, што яны беларусы. Асабістыя сувязі заставаліся, але праявы прыналежнасці да беларусаў як нацыі сціраліся. Людзі далучаліся да ўкраінскай, польскай, рускай дыяспар, яны не былі актыўнымі ў грамадскім і сацыяльным жыцці.
У той жа час, пасля 1991 года шмат культурніцкіх арганізацый у Беларусі пачало працаваць з пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці. Але пасля 1997 года ўся гэтая праца заганялася ў падполле, маргіналізавалася ўладамі. Пераследы за пазіцыю, за беларускасць былі і тады, праўда, не такія страшныя, як сёння. Час ад часу мы перажывалі перыяды пэўнай адлігі, калі нават у дзяржаўнай прэсе друкаваліся артыкулы пра дзеячаў БНР. Але за тыя кароткія прамежкі палёгкі не ўсе паспявалі начытацца, пераасэнсаваць важныя рэчы — як зноў усё ішло па коле: дзеячы беларускай культуры траплялі пад забарону, а ў масавай свядомасці людзей, акрамя Якуба Коласа і «яго жонкі» Янкі Купалы, нічога не заставалася.
Так склалася, што ў 2008 годзе пайшоў запыт на культуру, менавіта тады мы вырашылі масава і публічна, абʼяднаўшы высілкі многіх дзеячаў, казаць пра тое, што мы ёсць беларусамі. Працягваем гэтую справу і сёння.
На жаль, для многіх беларусаў і цяпер быць беларусам — гэта мець сіні пашпарт, але не мець падмурак культуры, свядомасці. Але ж беларушчына — гэта не толькі зброя, але шчыт суверэннасці нашай нацыі.
Славамір Серакоўскі
Польскі публіцыст, сацыёлаг Славамір Серакоўскі параўнаў падзеі 2020 года ў Беларусі з часамі «Салідарнасці» ў Польшы:
— Мне падаецца, што беларусы ўспрымаюць падзеі 2020 года і тое, што адбываецца пасля, надта песімістычна. Так, сёння карціна жыцця малюецца змрочная, але можна казаць не толькі пра рэвалюцыю свядомасці, але і пра палітычную рэвалюцыю, поспех якой адкладзены ў часе. Можа гадоў 10 спатрэбіцца на тое, каб беларусы рэалізавалі свае чаканні. З Польшчы гэта ўсё добра чытаецца. Тое, што здарылася ў Беларусі ў 2020-м, можна назваць аналогіяй падзей 1980-га ў нас. Тады ўсе таксама былі расчараваныя, што нічога не атрымалася, што камунізм будзе вечна тут, але тады дні рэжыму ўжо пачалі зваротны адлік.
Калі мы кажам пра тое, то маем падручнік па гісторыі Польшчы, то напраўду гэта не зусім так. Гэта падручнік па гісторыі палякаў, бо ў розныя часы прадстаўнікі нашай нацыі жылі па-рознаму. І калі, напрыклад, для шляхты, інтэлігенцыі гістарычная, нацыянальная традыцыя не перарывалася, то сяляне, рабочыя перажывалі зусім іншы вопыт. І сёння ў Польшчы таксама актуальная гаворка пра тое, што варта перапісаць гісторыю з пункту гледжання класаў.
Беларусы маюць сваю мову, прэсу, культуру, нацыянальную літаратуру і пэўнае міжнароднае прызнанне. Што яшчэ патрэбна для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці? Да таго ж сёння размаўляць па-беларуску сэксі, а Пагоню ведае ўвесь свет. І гэтую любоў, прызнанне беларусы здабылі вельмі хутка, менш як за два гады.
Нават палякі раней не ведалі нічога пра Беларусь, хоць мы зʼяўляемся суседзямі. Я сам не меў ніякага ўяўлення пра краіну, а калі паехаў у Мінск, то быў шакаваны, які прыгожы гэта горад, добрыя дарогі, чыстыя вуліцы. У раёне дзе я жыў, у той час пачаўся рамонт, які паспяхова завяршыўся. Тое, што працу распачалі, а потым завяршылі, шмат што азначае ва Усходняй Еўропе. Цяпер жа мы будзем памятаць пра беларусаў і Беларусь, бо мы іх ведаем. Цяпер самі беларусы маюць усе карты ў руках. І лепш казаць пра тое, што будзе, чым пра тое, што калісь рабілі, але так і не здолелі зрабіць.
Славамір Серакоўскі, Ніна Шыдлоўская, Андрэй Радаман
Беларусі гісторык, спецыяліст па праве і дзяржаўнасці Андрэй Радаман заўважыў, што цягам доўгага часу рухавікамі развіцця беларушчыны былі асобныя суполкі і яскравыя персоны:
— На Беларусі ва ўсе часы былі невялічкія асяродкі сапраўднай беларускасці, гэта, напрыклад, «Майстроўня» Ларысы Сімаковіч, «Талака» Сержука Вітушкі і суполка «Нашчадкі», якую ў 1983 годзе заснаваў Генадзь Сагановіч. Яны не былі масавымі, але адыгрывалі вельмі важную ролю. Бо калі б не было «Майстроўні», іншых такіх суполак, то беларуская культура была б іншай. Яшчэ ў 1995 годзе, пасля рэферэндума, мы дакладна ўсведамлялі, што барацьба за нацыю будзе доўгая. І мы выбралі шлях працаваць, сумленна рабіць сваю справу. Можа, тое, што я зрабіў з таго часу, і не было такім яркім і заўважаным, якім магло б стаць, але нашы набыткі, напрацоўкі ёсць. Як ёсць наробак маіх калегаў, паплечнікаў, якія таксама ўвесь гэты час займаліся сваёй справай. Не магу сказаць, што мы шмат страцілі, мы шмат набылі. Дзякуючы Адаму Мальдзісу, Андрэю Катлерчуку, нават шведскаму паслу Стэфану Эрыксану, іншым выбітным беларусам і небеларусам у нас атрымалася зрабіць вельмі многа.
Іншае пытанне: хто перашкаджае нам быць беларусамі штодня? Без розніцы — гэта ў Беларусі ці на чужыне. Беларускасць пачынаецца тут і цяпер, і кожны гэта мусіць вырашыць менавіта сам для сябе і за сябе.
Павел Баркоўскі
Філосаф Павел Баркоўскі прапанаваў разглядаць беларускую нацыянальную думку з пазіцый посткаланіяльнага дыскурсу:
— Тое, што адбываецца з беларусамі за апошнія гадоў 300, трэба разглядаць з пункту гледжання посткаланіяльнага дыскурсу. На фармулёўку самасвядомасці, стварэнне нацыянальнага дыскурсу павінен быць запыт — знутры грамадства ці неяк зверху. У нас жа не было нават магчымасці мець нацыянальную інспірацыю цягам 300 гадоў. Гісторыя для розных слаёў грамадства цякла па-рознаму. Ад часоў Рэчы Паспалітай з яе паланізацыяй і існаваннем шляхты ва ўмовах польскай культуры у беларусаў былі праблемы з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. На іх жа пазней наклалася мэтанакіраваная палітыка Расійскай імперыі.
Наўрад ці тое былі найлепшыя ўмовы для паўставання нацыянальнай самаідэнтычнасці. Хіба толькі супрацьходам, праз барацьбу, на якую пагаджалася нязначная частка народа і ладзіла паўстанні. Але потым тыя людзі гінулі, зʼязджалі, высылаліся... Перыяд беларусізацыі пачатку ХХ ст. атрымаўся вельмі кароткім, бо хутка прыйшлі рэпрэсіі 1930-х. Я да таго, што ўвесь гэты час беларусы не мелі магчымасці сфармуляваць нават патрэбу ў нацыянальным праекце, кодах ідэнтычнасці, якія мы потым маглі б трансляваць вонкі. Сваю прыхільнасць да беларушчыны трэба было хаваць.
Беларускасць — гэта знак бяды, як кажа Валянцін Акудовіч, і яна можа мець розныя наступствы. Сапраўды, ідэнтычнасць — гэта наша траўма. Але 2020 год стаў для нас новым пунктам адліку, калі беларусы заклапаціліся пра мову, культуру. Калі стала балець пра сваё роднае.
Такім чынам, што нам, усім беларусам, трэба зрабіць найперш, каб заставацца ў нацыянальным дыскурсе, нават жывучы ў розных краінах? Паслухаўшы выступы экспертаў, мы склалі вось такія рэкамендацыі:
- Казаць пра выбітных беларусаў, пра нашы рэгіёны, дзе ва ўсе часы захоўваліся асяродкі беларускасці.
- Вяртаць забытыя імёны творцаў, іх музыку, літаратуру, навуковыя адкрыцці.
- На грунтоўнай навуковай аснове ствараць нацыянальную міфалогію: хай тое будуць адсылкі да паходжання беларусаў, значныя моманты гісторыі ці згадкі пра падзеі 1991 — 2020 гадоў.
- Ствараць медыяпрадукты, даступныя шырокаму гледачу і чытачу: мультфільмы, кіно, альбомы, кнігі, коміксы па-беларуску.
- Напаўняць кожную сферу жыцця прыкладамі пра сувязь з Беларуссю. Напрыклад, кажам пра NASA — згадваем Барыса Кіта.
- І памятаць: сёння быць беларусамі — сэксі, гэта зона нашага росту, той пакуль гнуткі падмурак, які толькі пачынае закладацца, але мае шанец стаць трывалай асновай нацыі ў будучыні. Важна не страціць гэты шанец, злавіць момант і дапамагчы парасткам стаць моцнымі дрэвамі.
Марына Весялуха, budzma.org
Фота Аліны Коўшык