Калі згадваюцца славутыя беларускія мастакі ХХ стагоддзя, называюць Марка Шагала, Хаіма Суціна, Леона Бакста ды іншых (пераважна мужчын). Але незаслужана абмінаюць жанчын, сярод якіх і не менш значная постаць Надзеі Лежэ. Пра яе распавядаем у новым матэрыяле «Будзьма».
Малевіч, Шапэн і Парыж
Надзея Хадасевіч, у будучыні Лежэ, нарадзілася ў 1904 годзе ў вёсцы Асецішчы ў небагатай сям’і. Мастацтва прыйшло ў яе жыццё ў вельмі маладым, нават дзіцячым, узросце. У 15 гадоў Надзея пераехала ў Смаленск, дзе паступіла ў мастацкую студыю да Уладзіслава Страмінскага — аднаго з вучняў Казіміра Малевіча і заснавальніка ўнізму. У Смаленску яна пазнаёмілася і з філіялам УНОВИС — авангардным мастацкім аб’яднаннем, якое Малевіч заснаваў у Віцебску. Імаверна, у Малевіча Надзея таксама вучылася, прынамсі, была з ім знаёмая. Так, ён спаў на яе ложку, калі прыязджаў у Смаленск у тыя часы.
Надзея Лежэ
У 16 гадоў, пасля Рыжскага міру, Надзея памяняла імя і намінальна перайшла ў каталіцтва, каб мець магчымасць пераехаць у Варшаву, дзе неўзабаве паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Каб пражыць у незнаёмым горадзе без сваякоў і сяброў, яна працавала мадысткай і нянькай. Але менавіта ў Акадэміі яна пазнаёмілася з хлопцам з заможнай і кансерватыўнай сям’і Станіславам Грабоўскім, з якім, насуперак бацькам хлопца, яны ажаніліся. Цікава адзначыць, што бабуляй Грабоўскага была першая нявеста Фрыдэрыка Шапэна.
Жорж Бак'е, Ліля Брык, Надзея Лежэ, Луі Арагон, Эльза Трыёле, Васіль Катанян
У 1924 годзе, калі Надзеі было 20, гадоў, яны з мужам пераехалі ў Парыж, дзе мастачка працягнула навучанне ў Акадэміі сучаснага мастацтва, кіраўніком якой быў Фернан Лежэ. У Парыжы ў маладой сям’і нарадзілася дачка, але сумеснае жыццё са Станіславам не склалася, і яны ў хуткім часе развяліся. Нягледзячы на гэта, сям’я Грабоўскіх з Польшчы фінансава дапамагала Надзеі і яе дачцэ. Але яна значную частку атрыманых грошай накіравала на фінансаванне выдання новага авангарднага часопіса «L’Art Contemporain — Sztuka Współczesna».
Падчас Другой сусветнай вайны яна ўступіла ў французскі рух Супраціву, распаўсюджвала ўлёткі, актыўна займалася падпольнай працай, дапамагала пацярпелым. Яшчэ да вайны Надзея стала асабістай асістэнткай Фернана Лежэ, а ў 1950-я, неўзабаве пасля смерці жонкі мастака, атрымала ад яго прапанову ажаніцца.
Пікаса, Мона Ліза і Ордэн Ганаровага легіёна
Пасля вяселля сужэнцы пераехалі ў дом непадалёк ад Парыжа. Але разам яны пражылі ўсяго тры гады, у 1955-м Фернан Лежэ памёр, пакінуўшы жонцы свае творы, дом і вялікую спадчыну.
Надзея Лежэ
У далейшым Надзея Лежэ прыклала велізарныя намаганні для прасоўвання творчасці свайго славутага мужа. У 1950-х гадах яна стварыла Музей-ферму Лежэ ў вёсцы Лізор, а ў 1960-м адкрыла музей Лежэ (будынак для якога быў адмыслова пабудаваны) у горадзе Біёт. У яго адкрыцці ўдзельнічалі такія знакамітыя мастакі, як Пабла Пікаса, Марк Шагал і Жорж Брак. Варта адзначыць, што гэта быў першы ў свеце персанальны музей мастака, які апярэдзіў нават музеі Далі і Пікаса. Пазней Надзея падаравала музей Францыі, за што была ўзнагароджаная Ордэнам Ганаровага легіёна.
Лежэ, Фурцэва і Плісецкая
Надзея Лежэ ладзіла выставы карцін Фернана ў СССР, але гэтаксама спрыяла аналагічным выставам савецкіх мастакоў у Францыі. Яе можна лічыць сапраўдай культурніцкай менеджаркай, якая зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё культуры, спрыяла цыркуляцыі твораў мастацтва між рознымі культурніцкімі прасторамі. Так, менавіта дзякуючы ёй і яе сувязям (у прыватнасці, яна была знаёмая з Пікаса, Мальро, Брык, Арагонам, Шагалам, Плісецкай, Фурцавай і іншымі) атрымалася зладзіць у СССР выставу твораў Пікаса і прывезці карціну «Мона Ліза».
Поп-арт і П’ер Кардэн
Лежэ была не толькі культурніцкай арганізатаркай, менеджаркай, папулярызатаркай мастацтва, не толькі прамоўтаркай творчасці памерлага мужа, але і самастойнай паспяховай мастачкай. Яна была аўтаркай і наватаркай, якая працавала ў розных кірунках і тэхніках, ад жывапісу да мазайкі.
Лежэ з міністрам культуры БССР
Некаторыя французы лічаць Надзею Лежэ адной са стваральніц пасляваеннага поп-арту, чые працы сёння пачынаюць адкрываць наноў, яны набываюць новыя сэнсы і атрымліваюць папулярнасць. Цікава адзначыць і той факт, што знакаміты П’ер Кардэн стварыў упрыгажэнні па эскізах, якія зрабіла Надзея Лежэ.
Намаганнямі экспертаў і аматараў мастацтва творчасць Лежэ і яе асобу паступова папулярызуюць і на радзіме. Так, у 2019 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася выстава «Надзя. Да 115‑годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч», на якую прыехаў і яе ўнук Нікаля Ценье.
Кірыл Стаселька, Budzma.by