Выстава «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі

З 13 кастрычніка 2025 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко».

Afiša

Фатограф Сава Уладзіміравіч Сіўко (1888-1978) нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля беларускага мястэчка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 год. Ён яскравы прадстаўнік так званай сельскай фатаграфіі, якая сёння па-ранейшаму з’яўляецца недастаткова вывучаным напрамкам у гісторыі фатаграфічнай справы. І калі размаўляць пра жанравы складнік творчай працы фатографа, можна прасачыць перавагу партрэтнага жанру ва ўсёй яго разнастайнасці.

Фатаграфічная спадчына Савы Сіўко — гэта перш за ўсё збор важных і каштоўных візуальных дакументаў, якія праз адлюстраванне асноўных этапаў чалавечага жыцця, праз абліччы і вобразы людзей, якія жылі ў той час, даюць магчымасць прасачыць змену цэлых эпох.

На выставе прадстаўлены фотаздымкі самых характэрных момантаў штодзённага жыцця беларускага мястэчка, унікальнай і надзвычай цікавай з’явы нашага мінулага, якое арганічна спалучае ў сабе рысы вясковага і гарадскога жыцця. Наведвальнікі выставы змогуць пабачыць кранальныя сямейныя гісторыі: сямейныя партрэты, вяселлі, фотаздымкі немаўлят і выпускнікоў школ. Сава Сіўко, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, бачыў прыгажосць і гармонію ў простых імгненнях штодзённага жыцця і сваім майстэрскім рамяством рабіў яе яшчэ прыгажэй.

Гістарычныя эпохі змяняюць адна адну, але нязменна — бацькоўская любоў. Сям’я была і застанецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў.

Выстава працуе па 2 лістапада 2025 года.