На запыт «почему украинский и белорусский языки смешные» гугл адказвае некалькімі старонкамі спасылак на сэрвісы з пытаннямі, дзе расейцы супольна спрабуюць высветліць, чаму ўкраінская і беларуская мовы здаюцца ім такімі смешнымі. Адказы суадносна запыту: карыстальнікі пішуць пра штучнасць гэтых моў, узгадваюць старыя анекдоты і нават дзеляцца мемамі, дзе кот раз’юшаны не можа зразумець, чаму яго па-ўкраінску называюць «кіт». Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што на такія пытанні звычайна шмат адказаў і «ў падтрымку» беларускай або ўкраінскай моў. Карыстальнікі тлумачаць, чаму роднасныя мовы могуць здавацца смешнымі, і гэта ніяк не сведчыць пра ўмоўную якасць такіх моваў. Сам факт, што расейцаў забаўляе гучанне беларускай і ўкраінскай моваў, можна было б палічыць за пацверджанне іх напышліва імперскіх поглядаў. Аднак лінгвісты лічаць, што справа тут больш складаная.
Скрыншот з сайта otvet.mail.ru
У англійскамоўнай сацыялінгвістычнай літаратуры часта сустракаецца тэрмін «linguistic arrogance», які можна творча перакласці як «моўная фанабэрыя». Гэты тэрмін выкарыстоўваюць адносна носьбітаў англійскай мовы, якія кпяць з тых, для каго англійская мова не родная. У масавай культуры шмат распаўсюджаных жартаў наконт акцэнтаў і граматычных памылак іншаземцаў. Навукоўцы лічаць гэта праявай моўнай фанабэрыі англамоўных.
Вокладка відэа англійскамоўнага лінгвіста пад назвай «Лінгвістычныя гонар і прадузятасць». Крыніца: youtube.com
Лінгвіст расейскага паходжання Ілля Магін у працы «Why ukrainian is funny for Russians? Linguistic aspect» ужывае той жа самы тэрмін адносна расейцаў, якія смяюцца з украінскіх слоў. Сапраўды, цяжка падабраць лепшы тэрмін, але здаецца, такая аналогія паказвае, што расейцы ставяцца да ўкраінскай мовы як да «сапсаванай» рускай.
«Як па-ўкраінску будзе “Самосвал повез стулья на завод”? — Самопэр попэр пидсрачники до винокуры», — анекдот, шмат каму з нас вядомы з дзяцінства. На жаль, у дзяцінстве мы не мелі анлайн-перакладчыка і не маглі дазнацца, што гэты жарт не мае нічога агульнага з рэальнасцю.
Так у людзей, якія ні разу ў жыцці і не чулі сапраўдную ўкраінскую мову, фармуецца стэрэатып аб тым, якая яна недарэчная.
У выпадку з беларускай мовай расейцаў смяшыць яшчэ і арфаграфія. Калі расейцы наведваюць Беларусь, многія з іх ледзь не да слёз смяюцца, пабачыўшы надпісы «вакзал» і «выхад». Гэтыя словы выглядаюць для іх як расейскія, напісаныя з памылкамі непісьменнымі беларусамі.
Шыльда ў Мінску. Крыніца: drive2.ru
Адрозненне ж нашых моў у тым, што ў беларускай арфаграфіі пераважае фанетычны прынцып будавання. Гэта нашае знакамітае «як чую — так і пішу». Тым часам, як у рускай арфаграфіі пераважае марфалагічны прынцып. Напрыклад, калі ў корані пад націскам пішацца «о», то ва ўсіх аднакарэнных словах таксама будзе пісацца «о», незалежна ад таго, што там прамаўляецца. Ці не лагічней было б запытаць расейцаў, ці не смешна ім ад таго, што ім трэба пісаць «выход», прамаўляючы «выхад»? Але беларусы такіх пытанняў не задаюць.
Аднойчы ў Мінску на канцэрце югаслаўскага музыкі Горана Брэгавіча, калі ён па-англійску звярнуўся да публікі, з апошніх радоў прагучаў хрыплаваты мужчынскі голас:
Давай па-сербску, мы не разумеем анічога!
Горан Брэгавіч на канцэрце ў Мінску. 1 снежня 2011 года. Крыніца: livejournal.com
Наўрад ці беларус, звярнуўшыся да музыкі з такой просьбай, быў выпускніком кафедры славянскай філалогіі і добра ведаў сербскую мову. Хутчэй за ўсё, у аматара сербскай было ўяўленне, што любая славянская мова яму будзе больш-менш зразумелая. Сапраўды, хто з нас не шукаў у інструкцыі да тэлевізара балгарскую мову, бо ўсе іншыя замежныя для нас зусім не зразумелыя? Хто падчас турыстычнай паездкі не дамаўляўся ў чэшскім рэстаране з афіцыянтам на мяшанцы трасянкі і актыўнай жэстыкуляцыі? Хто не глядзеў украінскія шоу без перакладу?
Славянскія мовы сапраўды блізкія адна да адной. Калі мы возьмем для параўнання, напрыклад, германскія мовы, то наўрад ці англічанін і немец, размаўляючы кожны на сваёй мове, змогуць адзін аднаго зразумець. Тым часам як мы з «братамі-славянамі» больш-менш спакойна дамаўляемся. Праз гэтае падабенства моў таксама паўстаюць нагоды для жартаў.
Напрыклад, аэрапорт па-польску завецца «liotnisko». Ці не смешнае гэта для беларускага вуха слова «лётніско»? Беларускі лінгвіст Антон Сомін лічыць гэта нармальнай з’явай, калі роднасныя мовы здаюцца нам смешнымі.
Расейскі лінгвіст Ілля Магін лічыць, што смешнае для расейцаў гучанне беларускіх і ўкраінскіх слоў абумоўлена не толькі іх роднасцю, але і асаблівасцю развіцця гэтых моў.
Літаратурны варыянт рускай мовы фармаваўся ў XVIII стагоддзі ў эпоху класіцызму. Рускі моўны стандарт склаўся ў адпаведнасці з тэорыяй трох рэгістраў. Гэтыя рэгістры дзеляцца на высокі (уласцівы для напісання паэзіі), нейтральны (уласцівы прозе) і нізкі (уласцівы камедыі). Кожны рэгістр мае сваю стылістычна адмысловую лексіку. Возьмем, напрыклад, рускае слова «лицо». У верхнім рэгістры хутчэй за ўсё будзе ўжыта слова «лик», у нейтральным — «лицо», у нізкім — «морда». У якасці лексікі вышэйшага рэгістру выступалі царкоўнаславянскія словы. У якасці нейтральнага і нізкага — размоўныя рускія словы.
Тым часам, украінская і беларуская літаратурныя стандарты фармаваліся ў XIX стагоддзі ў эпоху рамантызму. Культура рамантызму фіксавалася на фальклоры і ўнікальных нацыянальных рысах. Калі мы возьмем тое ж слова «твар» у беларускай мове, то будзем мець сінонімы толькі для нейтральнага рэгістра — «аблічча», або для нізкага «пыска», «лыч». Узнёслых слоў для высокага рэгістра мы не маем.
Праблема адсутнасці высокага рэгістра ў беларускай і ўкраінскай мовах, дарэчы, прыводзіць да складанасцей з перакладам паэзіі і прозы.
Параўнайце, напрыклад, радкі з рамана «Яўген Анегін» у арыгінале і ў перакладзе Аркадзя Куляшова.
Вокладка кнігі «Яўген Анегін». Крыніца: facebook.com
«Так думал молодой повеса,
Летя в пыли на почтовых,
Всевышней волею Зевеса
Наследник всех своих родных..».
«Гуляка малады імчаўся
Да дзяздзькі з думкаю такой,
Ён з ласкі боскае застаўся
Як спадчыннік радні ўсёй..».
***
«Что было для него измлада
И труд, и мука, и отрада,
Что занимало целый день
Его тоскующую лень..».
«Што з дзён малых яго займала,
Пакутаю і шчасцем стала,
Што асвятляла, як прамень,
Яго ляноты кожны дзень...».
Дзеля цікавасці можаце самастойна зрабіць тое самае практыкаванне, параўнаўшы пераклад Яўгена Анегіна ці якога-кольвек іншага твора на беларускую мову. Хутка заўважыце, што знайсці эквівалент такім словам як «Зевес», «отрада» і «измлада» ў беларускай вельмі складаная задача.
Не спяшайцеся верыць сцвярджэнням кшталту «беларуская мова — бедная мова». Насамрэч у кожнай мове ёсць шмат безэквівалентнай лексікі. Складанасці перакладу мы заўважым у перакладзе тэкстаў з якой-кольвек мовы на якую-кольвек іншую мову. Нездарма шматлікія рускамоўныя фанаты «Уладара пярсцёнкаў» або «Гары Потэра» гучна спрачаюцца аб тым, пераклад якога аўтара лепшы.
Адсутнасць прамых эквівалентаў слоў з адной мовы ў іншай мове сведчыць толькі пра розныя сацыяльныя ўмовы фармавання, але не пра багацце, беднасць ці другаснасць.
Дакладна мы можам сказаць і тое, што ўкраінская і беларуская — ні ў якім разе не скажоны варыянт рускай мовы. Але можам сказаць, што мовы гэтыя прынцыпова розныя ў шматлікіх аспектах.
Д. Г., budzma.org