Ці магло Слуцкае паўстанне быць удалым?

31.12.2025 Гісторыя

У апошні дзень снежня 1920 года скончыўся не толькі бягучы каляндарны год, але таксама і адна з самых важных падзей у гісторыі ХХ стагоддзя для беларусаў — Слуцкае паўстанне, больш вядомае пад назвай Слуцкі Збройны чын. Давайце паспрабуем разабрацца, а ці магло яно быць паспяховым?


Каб разважаць падобнымі катэгорыямі, варта адразу звярнуцца да гісторыі — а ці было нешта падобнае наогул у свеце і ў рэгіёне ў прыватнасці акурат у той час? Вядома, што так. І нават больш за тое — некаторыя ніжэйпададзеныя падзеі так ці іначай напрошваюцца на наўпроставыя паралелі, бо гэтаксама павязаныя з паўставаннем мадэрных нацый і абвяшчэннем незалежнасці іх краінаў. Пры гэтым важна трымаць у галаве той факт, што ўсе гэтыя параўнанні вельмі і вельмі ўмоўныя.

Велікапольскае паўстанне ў Познані

Адразу на думку прыходзіць Велікапольскае паўстанне ў Познані ў снежні 1918 года — адно з нямногіх польскіх, якое скончылася поспехам для паўстанцаў і ўрэшце прывяло так званую Вялікую Польшчу ў склад адноўленай у лістападзе 1918 года Польшчы. Там доўга рыхтаваліся да таго, каб нарэшце адным дакладным рыўком вырвацца з-пад нямецкага кантролю. Але адыграла сваю важную ролю таксама і геапалітычныя сітуацыя.

Колішнія ўладары Вялікай Польшчы пры ўсім жаданні не маглі і не змаглі б навесці парадак, бо Першая сусветная вайна была імі прайграная ўшчэнт. Кайзераўская імперыя развалілася, Аўстра-Вугорская ішла следам, і немцам на месцах ужо ніхто не змог бы дапамагчы, нават каб і хацеў. Неўзабаве і саму Нямеччыну пачне так добра ліхарадзіць, што на яе землях з’явіцца Веймарская Рэспубліка, якая запомніцца па сваіх ну вельмі ўжо разняволеных для таго часу норавах.

Powstanie_wielkopolskie_1919.jpg
Салдаты Велікапольскай арміі ў акопах на фронце. Фота з Вікіпедыі

Велікоднае паўстанне ў Дубліне

Другі эпізод, які падобны да беларускіх падзей — Велікоднае паўстанне ў Дубліне. Там увесну 1916 года малаколькасныя прыхільнікі незалежнасці Ірландыі паднялі ўзброенае паўстанне супраць улады брытанцаў і пацярпелі сакрушальную паразу. Арганізатары выступлення былі пакараныя смерцю, а многія мірныя, але не лаяльныя да брытанскай кароны сябры палітычнай партыі «Шын Фейн», што азначае «Мы самі», і ўдзельнікі разнастайных рэспубліканскіх гурткоў былі арыштаваныя або зазналі рэпрэсіі. 

The_shell_of_the_G.P.O._on_Sackville_Street_after_the_Easter_Rising_(6937669789).jpg
Руіны на вуліцы Саквіл (пазней вуліца О’Конэл) у Дубліне пасля паўстання 1916 года. Фота з Вікіпедыі

Адметнасцю гэтага паўстання было тое, што яно не карысталася падтрымкай насельніцтва. Гэта сёння ў Ірландыі ўдзельнікаў Велікоднага паўстання згадваюць як безумоўных герояў, якія зрабілі для сваёй краіны ўсё магчымае — ахвяравалі ўласнымі маёмасцю, здароўем, свабодай, а часам нават і жыццём у імя святых ідэалаў. У 1916 годзе было абсалютна іначай.

Пачаць трэба з таго, што ўласна паўстанцаў было не так і шмат для нацыі, якая складалася з некалькіх мільнёнаў толькі на мацерыку. У Дубліне ў збройным змаганні з брытанцамі ўзялі ўдзел троху больш за 1200 чалавек. А па ўсёй Ірландыі супраць акупантаў выступіла яшчэ некалькі тысяч. Сумарна добра, калі назбіралася 5 тысяч чалавек, але і гэтага ўжо было дастаткова для таго, каб іх чын стаў легендарным.

Абцяжарвала сітуацыю тое, што ірландскім рэспубліканцам у літаральным сэнсе давялося змагацца не толькі са служкамі брытанскай кароны, якія былі прысланыя з туманнага Альбіёну або мясцовымі раялістамі, але таксама і з уласна ірландцамі, якіх яны нібыта і хацелі вызваліць. Самыя звычайныя дублінцы не хацелі нешта мяняць і таму вельмі агрэсіўна паставіліся да ўзброеных рэспубліканцаў, нават больш таго — тыя з ірландцаў, хто быў уключаны ў палітычны працэс таго часу, палічыў гэтыя дзеянні па-просту правакацыяй, якая ставіла сабе за мэту дыскрэдытацыю ірландскага палітэсу ў вачах брытанцаў.

Так ці іначай, але партыя «Шын Фейн» змагла ў 1918 годзе сфармаваць свой урад і абвесціць незалежнасць. У выніку гэта правяло да кровапралітнай вайны 1919-1921 гадоў, калі дарэчы і з’явіўся брэнд добра вядомы нам цяпер — Ірландская Рэспубліканская Армія. Іншая справа, што ў той час гэта было больш-менш рэгулярнае войска, якое падтрымлівалася грамадствам, але ніяк не зграя тэрарыстаў у масках з аўтаматамі ў руках.

Але вернемся да Беларусі.

Дык ці магло Слуцкае паўстанне быць паспяховым?

Калі звяртацца да досведу палякаў у Познані, якія доўгі час рыхтаваліся выступіць супраць немцаў і ў пэўны момант зрабілі гэта — адназначна не. Бо там былі задзейнічаны ўсе сферы тагачаснага польскага грамадства — ад простых прадаўцоў у крамах і да вайсковых, якія мелі досвед службы ў прускім войску. Працэс падрыхтоўкі уключаў у сябе ўсе сферы і заняў не адзін год. Калі ж браць ірландскі досвед, дык таксама не выпадае нібыта казаць пра нейкі поспех — Велікоднае паўстанне хаця і не карысталася папулярнасцю, але з часам здолела разбудзіць звычайнага жыхара Ірландыі. Хай сабе і не ў 1916, але ўжо праз год ці два — многія жыхары паўвыспы далучыліся да рэспубліканскага руху.


У беларусаў жа была адваротная сутуацыя — маблізаваных ў 2 слуцкія палкі стральцоў па розным ацэнкам было ад 2 да 4 тысяч чалавек. А ў рэзерве значылася да 6 тысяч чалавек. Баі з бальшавікамі, асабліва з кітайскімі наймітамі, якія бязлітасна душылі паўстанне, сапраўды адбываліся. Вось толькі сілы былі відавочна няроўныя.

Не хапала зброі на ўсіх ахвочых, бракавала падрыхтоўкі — далёка не ўсе з мабілізаваных стральцоў мелі рэальны баявы досвед. Фактычна яго мелі толькі тыя, хто быў прызначаны Радай Случчыны ў кіраўніцтва палкамі. Але самай галоўнай праблемай выявілася адсутнасць палітычнага кіраўніцтва. Бо фармальна, што зацверджана дэкларацыямі і адозвамі, случчакі браліся бараніць ідэалы БНР. Але на той момант існавала ўжо 2 урады рэспублікі, якія да ўсяго варагавалі між сабою.

І вось тут сітуацыя аказалася патавай. Бо яшчэ за год да гэтага адбыўся раскол на Народную і Найвышэйшую Рады БНР, кожная з якіх аспрэчвала права легітымнасці ўлады ў канкурэнтаў. Найвышэйшая Рада БНР, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Язэпа Лёсіка і Антона Луцкевіча, была ўмоўна «прапольскай», і тут быў відавочны плюс, бо палякі акурат як мініму не заміналі случчакам, а як максімум дапамагалі, праз што сучасныя бальшавікі закідваюць ім «прапольскасць».

Вось толькі праблема палягала ў тым, што ў гэтай Рады БНР не было ніякіх сілаў, акрамя сімвалічных. Нават Беларуская Вайсковая Камісія не магла паўплываць на тых афіцэраў, якіх сама ж выслала да паўстанцаў з Польшчы. На лінію ўмоўнага фронту даехалі далёка не ўсе. Куды болей сілаў мела Народная Рада БНР начале з Ластоўскім, якая ў той час сядзела ў Коўне. У той момант на тэрыторыі Літвы былі свае беларускія вайсковыя адзінкі, якія ў тэорыі маглі б неяк падтрымаць сукрэвічаў.

Аднак Літва з канстрычніка 1920 года знаходзілася ў жорсткім супрацьстаянні з Польшчай з-за Вільні і Віленскага краю, якія мусілі адысці да іх. Але перадачы рэгіёну так і не адбылося праз хітрую камбінацыю Юзафа Пілсудскага і Люцыяна Жалігоўскага, які кіраваў «беларуска-літоўскай дывізіяй», якая ўласна і забрала ў выніку Вільню на карысць палякаў у канцы кастрычніка 1920 года.

Груба кажучы, случчакі, які падняліся з нізоў, банальна не мелі ніякай міжнароднай падтрымкі. Бо ні ў Коўне, ні ў Варшаве не думалі пра тое, як дапамагчы тым беларускім барацьбітам, што насамрэч «пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». А пры такіх раскладах чакаць нейкага іншага выніку было б марна, бо сілы былі відавочна няроўныя.

У самы апошні дзень 1920 года, то бок 31 снежня, рэшткі паўстанцаў спынілі збройнае змаганне, перайшлі раку Лань і былі раззброеныя ды інтэрнаваныя палякамі. Істотная частка іх аказалася ў канцэнтрацыйным лагеры ў Беластоку. Прабыўшы там каля года, яны былі адпушчаныя — нехта таемна вярнуўся дамоў, хтосьці асеў на Беласточчыне і працягнуў змаганне за беларускую справу, але ўжо ў шэрагах мясцовага падполля, якое мела левы ўхіл. Камусьці вярэдзіла, і ён дасылаў у віленскія выданні свае лісты, поўныя паняверкі і расчаравання.

Так ці іначай іхны ўнёсак у Беларускую справу непераўзыдзены, бо Слуцкае паўстанне ці не адзіны прыклад, калі беларусы самі падняліся за сваю дзяржаўнаую свабоду і незалежнасць. І вось тут маем дакладна браць прыклад з ірландцаў — нават калі паўстанне і не абярнулася перамогай, мусім быць удзячнымі за тое, што яно наогул было.

Ф. Т. , Budzma.org