Сёння Венесуэла, заўтра Беларусь? Не-не...

06.01.2026
У 2005 годзе мы з сябрамі клеілі памаранчавыя налепкі «Сёння Украіна, заўтра — Беларусь!». Рэха таго першага ўкраінскага Майдану, які натхняў і абуджаў надзеі. Але сам гэты падыход — «сёння ў іх, заўтра ў нас» — фантазійны. Ён не працуе. І мы ўвесь час аб гэта абламваліся.

Таму, мне цяжка ўявіць, каб беларускага калегу Мадуры на верталёце «Апачы» ў піжаме разам з Умкай даставілі, напрыклад, на базу ў Рамштайне. А адтуль — пешкі! — павялі пад канвоем у Гаагу... Гэта сон. Усяго толькі сон. Фантазія.


Фота: pinterest.com

«Ён рэальна баіцца такога сцэнару, асабліва апошнія гады», — напісаў шаноўны Віталь Цыганкоў. Можа, і баіцца: усе мы чаго-небудзь баімся. Але гэта ягоны — страшны сон. І верталёты ў тым сне хутчэй расійскай вытворчасці, а не амерыканскай...

Лукашэнку пашчасціла на суседзяў

Мадура — не Лукашэнка. Венесуэла — гэта амерыканскае «падбрушша», даўняя зона інтарэсаў. Таму палітычнае і фізічнае жыццё Мадуры з прыходам у Белы дом Трампа было пытаннем часу. А паколькі Нікалас зусім не Уга, то і ўзялі яго цёпленькім — у піжаме. Чалавек жыў не ў бункеры, не на вайсковай базе, не спаў з аўтаматам або гранатай... Спаў дома. З жонкай. У піжаме.

Беларусь — не амерыканскае «падбрушша», а расійскае. Іншая зона інтарэсаў. Не ўяўляю, што павінен зрабіць Лукашэнка, каб за ім паслалі верталёты са спецназам «Дэльта». Ну вось што? Узяць у закладнікі Коўла? Падсцяліць пад Умкай амерыканскі сцяг? Пасадзіць Шэймана на запакоўку пасылак з гераінам?..

А ў Еўропе пакуль нават блізка няма чалавека маштабу Трампа, які б пляваў на міжнародныя нормы і рабіў тое, што лічыць правільным. Тыя нормы ўжо нікому не цікавыя, але ЕС будзе апошнім рэгіёнам, які іх трымаецца. Калі ўвесь свет будзе гарэць у ядзернай вайне, тут надалей будуць раскладаць смецце ў жоўтыя і блакітныя кантэйнеры. Лукашэнку пашчасціла на суседзяў.

Кейс Мадуры і планка адэкватнасці


tramp_060126.jpg5 студзеня Дзярждэп ЗША апублікаваў у сацсетцы X паведамленне з фатаграфіяй Дональда Трампа і подпісам: «Гэта наша паўшар'е, і прэзідэнт Трамп не дазволіць паставіць пад пагрозу нашую бяспеку». Фота: Дзярждэпартамэнт ЗША

Трамп — прагматычны. Ён вырашае праблемы ЗША, а не ўсяго свету. Венесуэла была амерыканскай праблемай. Канада ці Грэнландыя — зоны амерыканскага інтарэсу. Усё гэта кажа пра замацаванне сфераў уплыву. ЗША мае сваю дзялку, Кітай — сваю, Расія — сваю (хоць сама Расія — ужо кітайская дзялка). Беларусь уваходзіць у сферу кантролю Масквы. І я не бачыў, каб Трамп гэта аспрэчваў. Навошта?

Кейс Мадуры хутчэй дэманструе, што свет не абрынецца, калі Пуцін выкрадзе Пашыняна, а кітайцы, напрыклад, — прэзідэнта Манголіі. Свет нават не здзівіцца. Дзіўна будзе, калі ў расіян атрымаецца каго-небудзь выкрасці — жыўцом. Яны больш па брутальных сцэнарах — такі стыль.

Таму кейс Мадуры ўсяго толькі зніжае планку адэкватнасці на міжнародным полі. Можна і так — ОК. А чаму мы не можам? У Тайвані, на Філіпінах, у Грузіі ці Арменіі?.. Можам. Штаты заўжды дыктавалі моду, падкідвалі трэнды. Вось новы трэнд. Рабіць тое, што хочацца.

Заўважце таксама, што Трамп вельмі холадна паставіўся да ініцыятывы венесуэльскіх паліт-эмігрантаў «вярнуцца і ўзначаліць». Маўляў, а хто вы такія? Дзе вы? Чаму — вы? Нобелеўская прэмія — і што?.. Калі любіце паралелі з Беларуссю, паспрабуйце намаляваць аналогіі самі.

Дзе ключы ад кабінетаў?

Лёс Беларусі, як мне здаецца, будзе вырашацца ў трохкутніку: Украіна-Расія-Беларусь. У Вашынгтоне цябе могуць выслухаць, пашкадаваць, нават дапамагчы. Могуць нават пашукаць на мапе тваю краіну. Але ніякіх ключоў ад кабінетаў там нікому не раздаюць. Нават калі будуць мець у кішэні.

Перадайце гэта Сяргею Ціханоўскаму, калі ласка. Чалавек стараецца. А навошта?

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org