«Беларуская культура зараз пад пагрозай захопу з боку польскай культуры». Павел Станкевіч пра беларускую аўтэнтыку і фестываль SONCAHRAJ

Фестываль SONCAHRAJ ужо пяты год збірае людзей вакол беларускай аўтэнтычнай культуры на Беласточчыне. Сёлета 12–13 чэрвеня яго падзеі пройдуць у Беластоку і вёсцы Вілукі. Навошта везці народныя спевы і танцы ў невялікія вёскі, як сёння выглядае беларуская культура на Беласточчыне, і чаму пытанне беларускай ідэнтычнасці застаецца актуальным — пра гэта паразмаўлялі з галоўным арганізатарам фестывалю і кіраўніком фундацыі «TUTAKA» Паўлам Станкевічам.

Paviel Stankievič
Павел Станкевіч. Фота аўтаркі


— Павал, як, калі і чаму нарадзілася ідэя стварыць гэты фестываль?

— Падаецца, гэтая ідэя жыла ўва мне, і не толькі ўва мне, даволі даўно. Справа ў тым, што тут, на Беласточчыне, крыху не хапала такога фармату, які не працягвае дзіўную савецкую традыцыю эстрадных выступаў з нестандартнымі строямі, расійскімі какошнікамі і ўсім такім. Адначасова калі нават з’яўляецца аўтэнтыка, яна вельмі часта прадстаўлена як нейкая агульная славянская культура.

У пэўны момант мне стала зразумела, што не хапае такіх падзей, якія проста і канкрэтна пакажуць беларускую культуру ў аўтэнтычным выглядзе.

— Які фармат і асаблівасці мае SONCAHRAJ?

— На пачатку, калі наш фонд «TUTAKA» пачаў існаваць і мы вырашылі рабіць фестываль беларускай традыцыі, планавалася, што ён набудзе даволі буйны маштаб, але так не сталася. Цяпер SONCAHRAJ — гэта фестываль, які падарожнічае. Мы прыязджаем у вёскі і сустракаемся з жыхарамі амаль прыватна — не будуем сцэны, не ладзім вялікіх канцэртаў.

Fiestyvaĺ SONCAHRAJ - 2025
 Фестываль SONCAHRAJ -2025. Фота Караліны Паляковай, tutaka.org

З года ў год SONCAHRAJ адбываецца ў розных вёсках, сёлета мы завітаем у Беласток і вёску Вілукі. Зараз у нашым ваяводстве ёсць шмат блогераў, якія кажуць нібыта пра мясцовую культуру, але мы бачым, што веды ў іх часта вельмі павярхоўныя і стэрэатыпныя.

Таму нам важна, каб SONCAHRAJ адбыўся таксама і ў горадзе дзеля прамоцыі сапраўднай беларускай культуры.

— Які год вы ўжо ладзіце гэты фестываль?

— SONCAHRAJ ладзіцца з 2022 года. Сёлета фестываль адзначыць свой першы маленькі юбілей — 5 гадоў. Зноў-такі ёсць ідэя і думкі зрабіць яго больш маштабным не ў фармаце самой падзеі, а ў колькасці гэтых падзей.

Afišy na siadzibie fundacyi Tutaka
 Афішы на сядзібе фундацыі Tutaka. Фота аўтаркі

— Як жыхары вёсак успрымаюць фестываль? Ці з ахвотай прыходзяць?

— Cпачатку нас успрымаюць з лёгкім недаверам. Людзі глядзяць на афішу і не бачаць звычайнага для іх дыскапола, але яны ўсё роўна прыходзяць, і мы падкупаем іх аўтэнтыкай. Часта чалавеку цяжка зразумець, што яму сапраўды падабаецца, але калі ў працэсе нашага фестывалю госці чуюць сапраўдныя народныя спевы, яны, самі не разумеючы, што з імі адбываецца, адкрываюцца і пачынаюць успрымаць мастацтва.

— Як вы абіраеце пляцоўкі для фестывалю?

— Па-першае, ёсць месцы, куды нам сапраўды хочацца завітаць. Па-другое, у нас ёсць партнёры, якія раяць пэўныя вёскі. Напрыклад, ужо вельмі доўгі час мы супрацоўнічаем з Міраславай Іванюк, дырэктаркай дома культуры ў гміне Дубічы-Цэркеўне, і штогод менавіта яна падказвае, якая вёска нас чакае ці дзе даўно ўжо не адбываліся імпрэзы. Таксама мы супрацоўнічаем з гмінамі і ездзім туды, дзе, як лічым, ёсць большая патрэба. Часам мясцовая ўлада выкарыстоўвае фестываль у якасці піяру для турыстаў або рэкламы для новых жыхароў гміны.

Мы ладзім наш фестываль у вёсках, дзе пераважная колькасць насельніцтва — этнічныя беларусы, і кіраўніцтва гміны звычайна вельмі адкрытае да нашага фестывалю.

— А ці бачыце вы зацікаўленасць нацыянальнай культурай у маладога пакалення? Людзі якога ўзросту звычайна наведваюць SONCAHRAJ?

— Відавочна, што ў сельскай мясцовасці жыве даволі мала маладых людзей. Гэта відаць нават па адукацыі — на Беласточчыне не ва ўсіх вёсках ёсць падставовыя школы, у ліцэй трэба ехаць у мястэчка, для набыцця вышэйшай адукацыі — у горад.

Фестываль адбываецца ў чэрвені, калі асноўная маса маладых людзей яшчэ вучыцца. Таму наша асноўная аўдыторыя — гэта людзі сталага ўзросту, і ў гэтым ёсць своеасаблівая магія. Вельмі часта спевы, якія гучаць на фестывалі, узгадваюцца старэйшымі жыхарамі вёсак. Не раз можна пачуць: «Я гэты спеў гадоў сорак не чула, а яго ж яшчэ мая маці спявала!». Гэта звычайна вельмі кранальныя гісторыі, якія даюць нам сілы працягваць SONCAHRAJ.

Прысутнічае і сярэдняе пакаленне на нашым фестывалі — гэта людзі, якія прыехалі ў госці да бацькоў ці пераехалі жыць у вёску. На пачатку яны часцей за ўсё ставяцца з сумневам, але напрыканцы фестывалю ўсе захапляюцца, дзякуюць, просяць прыязджаць яшчэ.


— Ці ёсць цікавасць да фестывалю ў беларусаў з іншых гарадоў і рэгіёнаў Польшчы?

— Гэта збольшага адзінкі, тыя, хто прыязджаюць з іншых гарадоў. Хтосьці падцягваецца з Беластока ці Варшавы грамадскім транспартам, але такіх няшмат, і гэта зазвычай ці аматары народнай культуры, ці новыя фанаты Беласточчыны, якія тут бачаць магчымасці адкрыцця сваіх каранёў. Але існуюць такія беларусы, якія прыязджаюць на SONCAHRAJ штогод — напрыклад, Караліна Палякова, мастачка, якую ў гэтым годзе мы запрасілі да супрацы, яна аўтарка афішы сёлетняга фестывалю.

Я разумею, што прыехаць на некалькі гадзін у вёску можа быць складана, але гэта магчымасць зрабіць сабе цудоўнае падарожжа і адчуць сябе амаль, як дома — у вёсках, у якіх ладзіцца фестываль, можна спакойна размаўляць па-беларуску, і мясцовыя жыхары будуць усё разумець, адказваць па-беларуску. Цудоўны шанец акунуцца ў сапраўдную аўтэнтыку.

— Ці магчыма грамадскім транспартам даехаць да вёскі, дзе адбываецца SONCAHRAJ?

— Уся Польшча добра скамунікаваная — усюды, дзе жывуць людзі, ёсць грамадскі транспарт, так што самастойна даехаць да SONCAHRAJ, нават калі няма машыны, праблемы не будзе. Дастаткова паглядзець расклад, набыць квіток, сесці і прыехаць. Мы ніколі не робім фестываль там, куды немагчыма дабрацца грамадскім транспартам. Было б толькі жаданне.

— Як вы выбіраеце творчыя гурты, якія будуць выступаць на фестывалі?

— Залежыць ад таго, з кім мы супрацоўнічаем на дадзены момант. Напрыклад, ужо два гады тут, у Беластоку, мы праводзім заняткі па традыцыйным спеве з Вольгай Барышнікавай, таму даволі натуральна — запрашаем Вольгу. Яна вельмі моцная творца, калі казаць пра аўтэнтычную беларускую культуру, і мы ставімся да яе з вялікім даверам. Вольга стварыла новы гурт BARVY, выступ якога сёлета адбудзецца на нашым фестывалі.

Voĺha Baryšnikava
Вольга Барышнікава на фестывалі SONCAHRAJ -2025. Фота Караліны Паляковай, tutaka.org

Таксама з намі заўсёды быў Сяржук Доўгушаў — стваральнік гурта «KASARY». Мы запрашаем іх таму, што нам вельмі цікава паслухаць і паказаць таксама мужчынскія народныя спевы. Ну і, канешне, Дарафей Фіёнік, да якога мы маем вялізарную пашану і часта супрацоўнічаем са студыяй фальклору падляшскіх беларусаў «ЖЭМЕРВА», якая існуе ў рамках музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. У гэты раз мы паўторым праграму мінулага года, але зробім гэта ў іншых вёсках.

Hurt «KASARY»
Гурт «KASARY» на фестывалі SONCAHRAJ -2025. Фота Караліны Паляковай, tutaka.org

— Што новага чакаць ад сёлетняга фестывалю?

— У гэтым годзе мы хочам абыходзіць фармат «аўдыторыя — сцэна». Напрыклад, у Беластоку сёлета ў нас адбудзецца народная патанцоўка з элементамі спеваў. Першы раз на наш фестываль мы запрасілі дзяцей і моладзь з беластоцкага калектыву «PADLASKI WIANOK», якія падчас праграмы ў горадзе дапамогуць паказаць танцы жыхарам і будуць таксама ангажаваць іх у нашую беларускую патанцоўку.

Лічу, што гэта важна — далучаць моладзь да нашай дзейнасці і паказаць, што маладое пакаленне з радасцю можа танчыць традыцыйныя танцы і цікавіцца нацыянальнай культурай.

Таксама ў гэтым годзе ў Вілуках хочам паспрабаваць адну такую рэч, на якую нас натхніў Сяржук Доўгушаў, — запрасіць удзельнікаў фестывалю да супольнага стала. Расставіць сталы, сесці на лавы за імі, запрасіць жыхароў, каб прынеслі свае кошыкі з ежай, і так супольна пасядзець, паразмаўляць, паспяваць, патанцаваць. Будзе фармат агульнавясковай вечарыны, такога вялікага застолля. Вось да такога фармату сёлета мы хочам дакрануцца. Думаю, будзе цікава.

Fiestyvaĺ SONCAHRAJ - 2025
Фестываль SONCAHRAJ -2025. Фота Караліны Паляковай, tutaka.org

— Як польскае грамадства ўспрымае нацыянальную беларускую культуру?

— З зацікаўленасцю — напрыклад, на нашы заняткі па спевах прыходзіць больш людзей з Польшчы — гэта і палякі, і мясцовыя беларусы, якія тут нарадзіліся.

У Польшчы народная культура перадусім папулярная сярод гарадскіх людзей, якія хочуць знайсці для сябе аўтэнтычнае месца ў сусвеце, і я бачу, напрыклад, што жыхарам гэтай краіны больш цікавая беларуская народная культура, чым самім беларусам.

Польскай народнай культуры не хапае, яна вельмі слаба захавалася, таму ў палякаў ужо на працягу дваццаці-трыццаці гадоў ёсць моцная патрэба адшукаць аўтэнтыку, і яны шукаюць яе пераважна ва ўсходняй культуры — беларусаў, украінцаў і нават расейцаў.

Сярод палякаў моцна адчуваецца плынь агульнай славянскай культуры, арыентальнай, такой усходняй экзотыкі, у якой яны імкнуцца адшукаць культуру сваіх продкаў і не разглядаюць асобна культуры сваіх суседзяў, а абагульняюць іх. Лічу, што па гэтай прычыне адбываецца пэўны захоп беларускай культуры.

— Захоп беларускай культуры? Можаце растлумачыць?

— На маю думку, беларуская культура зараз пад пагрозай захопу з боку польскай культуры, і гэта праблема, бо тут ужо пачынае ўзнікаць такая ўсходняя падляска-польская культура, і ўсё часцей і часцей знікае назва «беларуская культура». І на вялікі жаль, шмат беларусаў уваходзяць у такія калабарацыі, не баронячы сваю культуру, часта аддаюць яе іншым толькі таму, што хтосьці чужы ёй зацікавіўся. Беларусы не абараняюць свайго.

Можна паглядзець статыстыку, колькі за апошнія трыццаць гадоў з розных назваў знікла слова «беларускі». Зараз імпрэзу лепей назваць падляскай ці ўвогуле прыбраць прыметнік.

У наш час, на жаль, існуе такая тэндэнцыя, што ў Польшчы быць беларусам сорамна, бо першая асацыяцыя — гэта рэжым.

— Што рабіць, каб выйсці з такой сітуацыі сораму?

— Я не магу чалавеку, які саромеецца сваёй культуры, сказаць: «Не цурайся!», гэта нічога не дасць. Я магу толькі сваім прыкладам паказваць, што няма чаго саромецца, што ёсць чым ганарыцца.

Afišy na siadzibie fundacyi Tutaka
Афішы на сядзібе фундацыі Tutaka. Фота аўтаркі

Выхад, на маю думку, толькі праз уласны прыклад. Калі ў кагосьці няма такога ўзроўню сораму, каб хаваць сваю нацыю, то я магу параіць — хай яны будуць прыкладам для іншых. Хай яны гучна кажуць: «Так, я беларус, і я гэтым ганаруся!». Не справа ў тым, што наша нацыя лепшая. Наша нацыя такая ж, як усе астатнія. Мы не адметныя, не цудоўныя, не ўнікальныя — мы такія, як усе астатнія.

Адзінае, што ў нас ёсць унікальнага, — гэта наша ўнікальная культура: не лепшая, не горшая, проста наша, і гэта варта падкрэсліць. Мне здаецца, гэта несумленна адносна нашых продкаў — адмаўляцца ад уласнай культуры.

— Што дапамагае вам не спыніцца і працягваць працаваць, каб узбагачаць і развіваць беларускую культуру тут, у Польшчы?

— Па-першае, для мяне вельмі важная народная культура, перадусім спевы. Лічу, што народныя спевы — гэта цудоўная псіхатэрапія.

Ёсць магічная моц калектыўнага спеву, і варта гэта развіваць, каб як мага больш людзей далучаліся да беларускай аўтэнтыкі.

Па-другое, думка пра тое, што мы розныя, і мы ніколі не зробім свет аднолькавых людзей. І калі чалавецтва зразумее, што каштоўнасць у разнастайнасці, тым цяжэй нас будзе сканфліктаваць адно з адным, цяжэй будзе падагнаць нас пад пэўныя стандарты, і не будзе так шмат канфліктаў.

Адна з асноўных місій нашага фонду — паказаць, што разнастайнасць — гэта не перашкода, а каштоўнасць, шанец, і любая разнастайнасць толькі ўзмацняе нас.

— Чаму сучаснаму чалавеку патрэбны такі фестываль, як SONCAHRAJ?

— SONCAHRAJ патрэбны для таго, каб чалавек адчуў сувязь з мінулым, з роднай зямлёй і паглядзеў на сябе з больш шырокай перспектывы — шмат чаго было да яго і шмат чаго будзе пасля. Людзям, якія жывуць у вёсках, важна паказаць, што тое, што ў іх засталося з дзяцінства, што яны памятаюць, — гэта не нейкая сарамлівая рэч, пра якую варта забыцца, бо польская культура больш важная. Паказаць, што гэтыя веды з мінулага ёсць каштоўнымі для наступнага пакалення.

Фестываль пакліканы дапамагчы зразумець, што наша беларуская культура — гэта штодзённасць, а не толькі выступ на сцэне. Праўдзівасць, аўтэнтычнасць, да якой мы запрашаем далучыцца беларусаў праз фестываль SONCAHRAJ.


Падрабязная інфармацыя пра фестываль — на сайце tutaka.org

Наста Пабягунская, Budzma.org