Мужчынскі гурт беларускіх традыцыйных спеваў «Касары» 30 лістапада дасць вялікі канцэрт у Варшаве з нагоды прэзентацыі свайго першага альбому.

Гурт «Касары». Фота: facebook/kasaryband
Гурт «Касары» стварыўся восенню 2023 года ў Варшаве, яго ўдзельнікі родам з Беларусі. Гурт адраджае традыцыю беларускіх мужчынскіх спеваў, у яго рэпертуары гучаць рэкруцкія, касарскія, бяседныя і лірычныя песні.
Reform.news паразмаўляў з заснавальнікам гурта Сержуком Доўгушавым пра традыцыю мужчынскіх спеваў, яе захаванне і актуалізацыю.

Гурт «Касары». Фота: johnny_cosmic
— З якіх нагодаў мужчыны раней спявалі? Маю на ўвазе традыцыйную культуру...
— Традыцыя мужчынскіх спеваў вельмі даўняя, напрыклад, на Вялікдзень раней спявалі толькі мужчыны, традыцыя лірніцтва — таксама мужчынская.
Жанчыны спявалі пераважна абрадавыя песні, хіба што летам жанчыны спявалі жніўнія песні, а мужчыны — касарскія.
Дарэчы, назва гурта адсюль і з’явілася.
Мужчыны ніколі не спявалі купальскіх, веснавых песень. А спявалі ваярскія, рэкруцкія, маладзецкія, любоўную лірыку. То-бок мужчынская традыцыя не была прывязана да кола абрадаў, збіраліся, калі хацелася, асабліва восеньскамі вечарамі. Мужчыны маглі сабрацца паспяваць з валачобнікамі, напрыклад, адмысловую песню пра зялёны явар.
— Як паўстаў гурт, як з’явілася гэтая ідэя?
— Я пачынаў збіраць групу мужчынаў яшчэ калі жыў у ЗША, а калі пераехаў у Варшаву, запрашаў хлопцаў на спевы, а пасля прапанаваў стварыць гурт. Так восенню 2023 гэты гурт паўстаў. Так што ў гэтым лістападзе «Касарам» два гады.
Тады мы зусім не планавалі запісваць альбомы, хацелася вучыцца, паглыбляцца і адчуваць старую традыцыю мужчынскіх спеваў.
А вучымся мы на архіўных запісах. Пачыналі з аднагалосных спеваў, цяпер ужо трохгалосныя пачалі ўключаць у рэпертуар.

Гурт «Касары». Фота: facebook/kasaryband
— Як складзены, скампанаваны ваш альбом?
— У альбом ўвайшлі песні, з якіх мы пачыналі і на якіх вучыліся, пераважна бяседныя, маладзецкія і ваярскія, рэкруцкія песні. Пачалі эксперыментаваць, з’явіўся барабан, які прыўнёс асаблівы рытм і перадаў дух нашых спеваў, розныя духавыя інструменты, дудачкі, жалейка, акарына. Мы хацелі максімальна перадаць глыбіню, настрой песняў, таму не дадаем тых інструментаў, якія б не адпавядалі традыцыі, напрыклад, гітару.
Для запісу альбома да нас далучыўся польскі спявак Матэўш Філіпчук, які выканаў на скрыпцы традыцыйныя найгрышы.

Гурт «Касары». Фота: facebook/kasaryband
— Што ваш гурт прыўнёс у народную традыцыю? Вы нейкім чынам яе інтэрпрэтуеце?
— Мы хочам максімальна перадаць традыцыю спеваў, але праз нашае разуменне, асэнсаванне. Мы маладыя хлопцы і не можам спяваць як дзяды. Спрабуем максімальна зразумець, навучыцца і заўсёды знаходзімся ў гэтым рэжыме вучобы і развіцця. Перад тым, як спяваць нейкую песню, уважліва слухаем запіс, асэнсоўваем, што робіць той ці іншы спявак, аналізуем. Цяпер мы дайшлі да больш складаных песень.
Альбом мае свой пачатак — Intro, і завяршэнне — Outro — гэта дзве імправізацыйныя аўтарскія кампазіцыі, якія адкрываюць і зачыняюць гэтую гісторыю з 10 твораў.
Я люблю кампазіцыі, якія ствараюцца падчас імправізацый. Паміж песнямі ў альбоме можна пачуць інструментальныя фрагменты.
Усё ідзе да таго, што, магчыма, у нас будуць нараджацца свае аўтарскія творы. Мы, безумоўна, імкнемся максімальна рэканструяваць твор, але пазбягаем капіравання, ненатуральнага паўтарэння. Я вельмі адказна стаўлюся да мелодый і тэкстаў песень, бо яны перадаюцца нам праз гады, іх не трэба перайначваць, аднак у сваіх уласных кампазіцыях мы можам рабіць што заўгодна.
Канцэрт «Касароў» адбудзецца 30 лістапада ў 18.00.
Адрас: Warszawa, ul. Szwedska 2/4, Kwadrat Praski, Studio 200
Квіткі тут.