Дуда — адзін з самых адметных беларускіх інструментаў, з асаблівым гучаннем. Лічыцца, што дуда з’явілася на беларускіх землях не пазней за XVI ст. і мае заходнееўрапейскае паходжанне. Прапануем сем цікавых фактаў пра назву інструмента, яго гісторыю, адраджэнне і сучаснасць.

Беларускую дуду часам называюць «валынка», па аналогіі з назвай па-руску хіба найбольш вядомай у свеце шатландскай валынкі. Гэта няправільна. Па-беларуску агульная назва духавога інструмента з мехам — «дуда»: беларуская дуда, шатландская дуда, польская дуда. Ёсць яшчэ назва «мацянка» ці «муцянка» для пэўнага віду дуды з некалькімі бурдонамі (басавымі трубкамі). Адзіны вядомы стары (да эпохі адраджэння дударства ў канцы ХХ ст.) асобнік такой дуды паходзіць з Люцынскага павета Віцебскай губерні і захоўваецца ў Літоўскім нацыянальным музеі ў Вільні.
У польскай мове інструмент завецца dudy (выкарыстоўваецца заўсёды ў множным ліку). Варта памятаць, што па-беларуску такая форма будзе азначаць некалькі інструментаў, а не адзін.

У 2023 г. элементу «Культура беларускай дуды», распаўсюджанаму на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і горада Мінска нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
У 2024 г. элемент намінаваны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Разгляд, магчыма, адбудзецца сёлета. Калі вынік будзе станоўчым, культура дуды стане восьмым элементам ад Беларусі ў спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO (сёмым у 2025 г. стала Неглюбскае ткацтва).
Чытайце па тэме:
Раней уключаны: святочны абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2009 г.; «Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)», 2017 г.; «Юраўскі карагод» у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, 2019 г., Культура бортніцтва, 2020 г.; «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні», 2022 г., «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання паперы ў Беларусі», 2024.
Згодна з этнаграфічнымі крыніцамі ХІХ — пач. ХХ стст., дуда была распаўсюджана не па ўсёй краіне, а толькі ў паўночнай частцы, на Падзвінні. Такім чынам, традыцыйна гэта паўночнабеларускі, а не агульнабеларускі інструмент. Распаўсюджванне яго ў іншых рэгіёнах адбылося толькі ў эпоху Адраджэння дударства ў канцы ХХ ст.

У беларускай традыцыйнай культуры вядома вельмі мала жанчын-музыкаў. Часцей за ўсё, калі жанчына грала, то на бубне, падбіваючы мужу, бацьку ці брату, якія вялі рэй на меладычным інструменце.
Калі наконт іншых інструментаў можна сказаць «не было прынята», то наконт дуды дзейнічала праўдзівая забарона: прыстойнай жанчыне нават дакранацца да яе было сорамна. А ўсё таму, што гукі (басовыя трубкі) дуды лічыліся... фалічнымі сімваламі.
З XIX ст. шмат чаго памянялася, і сёння на дудзе грае шмат жанчын. Але мужчын усё ж больш.

Паводле звестак, знойдзеных музыкам і даследчыкам Яўгенам Барышнікавым, апошні публічны выступ беларускага вясковага дудара адбыўся ў 1954 г. (раней лічылася, што ў 1951 г.). Праз складанасці настройкі і паміранне музыкаў дуда знікла са складу сцэнічных народных ансамбляў.
Дуда зноў загучала ў публічнай прасторы толькі ў 1980-х, калі гарадскія аматары традыцыйнай культуры пачалі рабіць спробы аднавіць дуду. Яўген Барышнікаў падкрэслівае, што хаця інструмент фізічна знік, уяўленні пра яго, міф увесь час прысутнічалі ў беларускім грамадстве: вобраз дуды і дудара з’яўляліся на старонках кніжак, у публіцыстычных матэрыялах, у музычных і мастацкіх творах.
Першыя спробы рэканструяваць дуду і граць на ёй зрабілі яшчэ ў канцы 1970-х гг. майстры Іван Лычкоўскі, Аляксандр Жукоўскі і Уладзімір Гром. Яны абапіраліся на навуковую манаграфію этнамузыколага Іны Назінай «Беларускія народныя музычныя інструменты» (выйшла ў 1979 г.). Аднак іх вырабы ледзьве гралі і майстры не выходзілі з імі на публіку.
Гучанне дуды ў публічнай прасторы аднавілася ў 1980-х, калі пошукі па тэхналогіі вырабу інструмента акрамя вышэй названых майстроў працягнулі Алесь Лось і Уладзімір Пузыня.
Даследчык Аляксандр Сурба падкрэслівае важнасць для адраджэння дуды замераў інструмента, які захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Іх зрабілі на пачатку 1990-х Тодар Кашкурэвіч і Алесь Жура.
Лепельская дуда — адзіная дуда, якая захоўваецца на тэрыторыі Беларусі, прызнаная аўтэнтычнай усімі даследчыкамі. Астатнія інструменты, якія паходзяць з нашай этнічнай тэрыторыі, знаходзяцца ў музеях Літвы і Расіі. Сярод навукоўцаў няма кансэнсусу што да аўтэнтычнасці дуды, якая захоўваецца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, праз нетрадыцыйную для Беларусі (квадратную) форму яе меха.

Дуда з Лепельскага краязнаўчага музея. Фота Вольгі Грынь, 2020 г. Крыніца: Facebook-суполка «Дударскі клуб»
З 2010-х гг., на мой погляд, узмацніўся трэнд «Дуда як аб’ект для вывучэння» (пра іншыя сімвалічная функцыі дуды падчас яе адраджэння, якія я выдзяляю, можна пачытаць тут). Дзякуючы развіццю інтэрнэту стала лягчэй шукаць інфармацыю. Вывучэннем дуды займаліся пераважна самі дудары. Яны адкрылі для сябе дуды ў калекцыях музеяў суседніх краін і аўдыязапісы старых дудароў. Гэта паўплывала на асаблівасці рэканструкцыі інструмента і яго гучання.

Папулярызацыі дуды спрыяла гранне танцаў і выкарыстанне гучання інструмента ў гуртах розных музычных кірункаў.
Спарадычна танцы пад дуду адбываліся ў розных беларускіх гарадах яшчэ ў 1990-х, але масавай гэта з’ява стала толькі ў 2006 г., калі пачаліся штотыднёвыя танцавальныя сустрэчы на вольным паветры на так званым Карчы — пляцоўцы за Нацыянальнай бібліятэкай. У 2007 г. музыкі стварылі Дударскі клуб, сустрэчы якога адбываліся ў халодны сезон у мінскіх барах.
У нейкі момант гуртоў, у складзе якіх ёсць дуда, стала настолькі шмат, што фестываль «Дударскі фэст», які спарадычна праводзіўся з 1992 г., арганізатары вырашылі зрабіць штогадовым. Ён праходзіў у 2006–2013 гг. Потым стаў праводзіцца раз на два гады.
Роля дуды ў дэмакратычнм руху ўзмацнілася пасля 2020 года. Гэтаму паспрыяў удзел дудароў у пратэстах, крымінальная справа супраць музыкаў гурта Irdorath і іх сяброў. Цяпер на чале амаль кожнага шэсця апазіцыйных сіл у Варшаве ідуць дудары. Дуда гучыць падчас уручэння прэміі Гедройця.
Музыкі гурта Irdorath і іх сябры на маршы 16 жніўня 2020 г. у Мінску
У Беларусі пасля 2020 года практычна няма публічных незалежніцкіх дударскіх падзей.
Алеся Лях, Budzma. org
Фота аўтаркі