Моўны актывіст Ігар Случак на сваёй старонцы ў Фэйсбук паведаміў, што фабрыка «Камунарка» працягвае пашыраць выкарыстанне беларускай мовы. Згодна атрыманаму лісту, сёлета мінімум на 4 відах прадукцыі з’явіцца беларуская мова.
Летась быў створаны набор цукерак «Мова кветак», на ўпакоўцы якога склад цукерак быў напісаны па-беларуску. Таксама былі дададзеныя надпісы па-беларуску на цукеркі «Арахісавыя», «Бярозка» і «Беларускія».
Цяпер рэбрэндынг чакае наборы цукерак «Папараць-кветка», «Беларускі сувенір» і набор шакаладу «Беларускія строі»: у гэтым годзе склад на іх будзе напісаны па-беларуску. Таксама будзе перакладзена інфармацыя пра вытворцу на ўпакоўцы цукерак «Знічка».
Паведамляецца, што сайт «Камунаркі» ўжо мае беларускамоўную версію, якую працягваюць удасканальваць.