Інтэлектуальна-забаўляльныя гульні ў Гродне прыраўнялі на масавых мерапрыемстваў. Праз гэта арганізатары цяпер павінны атрымліваць на іх дазвол. Большасць запланаваных на жнівень гульняў адмененыя, паведамляе hrodna.life.
Пра часовую адмену гульняў у сваіх сацсетках паведамілі арганізатары квізаў «Успомніць усё», «Смузі», «Мазгабойня», «Туц-Туц», «Адгадай мелодыю» і «Матрошка».
Квіз «Смузі» у Гродне. Фота: instagram.com/smuzi_grodno
Гродзенцы ў Threads абураюцца рашэннем мясцовых уладаў. Яны пішуць, што ў іншых гарадах Беларусі такіх дазволаў не патрабуюць. А вось жыхары іншых гарадоў, напрыклад Брэста, хвалюцца, што ў іх, па аналогіі з Гроднам, таксама пачнуць адмяняць квізы.
«Гэта ж быў такі класны культурны адпачынак для гродзенцаў», — піша адна з карыстальніц.
«Гродна вырашыў пабіць усе рэкорды па забаронах? Спачатку пракатныя самакаты. Цяпер квізы», — абураюцца ўдзельнікі абмеркавання.
«Проста ў галаве не ўкладваецца — забараніць інтэлектуальныя гульні».
«„Угадай мелодыю“ — гэта была наша аддушына, наша „перазарадка батарэек“ для дарослых дзядзькаў і цётак. Любім усёй душой — гульню, вядучага. Трымаем кулачкі, каб усё вырашылася», — са шкадаваннем піша пастаянная ўдзельніца музычных квізаў.
Цяпер арганізатары квізаў мусяць звяртацца у мясцовы выканкам, каб атрымаць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства. Падаць заяву трэба за 15 дзён да падзеі. У заяве трэба пазначыць даныя арганізатараў, мэты і месца правядзення мерапрыемства, а таксама меркаваную колькасць удзельнікаў.
Калі мерапрыемства трапляе пад катэгорыю культурна-відовішчнага, то яго арганізатар абавязаны быць у рэестры Мінкульта і мець гастрольнае пасведчанне.