Моўная палітыка даўно стала часткай метадаў па кантролі і ўплыве на грамадствы, сітуацыя ў Беларусі ў гэтым плане не выключэнне. Тым не менш нягледзячы на дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзян амаль ва ўсіх сферах жыцця, адміністратыўна-камандны апарат дагэтуль не пайшоў на абсалютнае вынішчэнне беларушчыны і працягвае захоўваць беларускую мову фактычна ў якасці фальклорна-музейнай цікавосткі. Чаму ў пэўнай часткі кіраўнічага апарату ўсё ж захоўваецца сантымент да беларускай мовы? Ці справа тут зусім не ў сантыментах? Разважае публіцыст Budzma.org, чыё імя мы не называем у мэтах бяспекі.
У ХХ ст. і сёння экспансіўныя захады і пашырэнне эканамічных, мілітарных уплываў на тэрыторыі нікуды не падзеліся. А метады падпарадкавання масаў сталіся яшчэ больш мудрагелістымі і прыхаванымі. І моўная сфера ў гэтым сэнсе ёсць вельмі істотным элементам агрэсіі супраць калектыўнага падсвядомага.
Менавіта ў гэтым рэчышчы варта разглядаць сітуацыю з мовай тытульнай нацыі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Дзе, прызнацца шчыра, беларуская мова не проста занепадае, але канчаткова знікае. Калі разглядаць мову як неабходны элемент для ўтрымання разам такой даволі ўмоўнай структуры арганізацыі грамадства як нацыя, то можна канстатаваць, што пры захаванні сённяшніх тэндэнцый тытульны народ чакае прыкладна лёс і ягонай мовы.
Ніколі не чулі беларускай мовы
Такая сітуацыя ў першую чаргу ёсць вынікам палітыкі з боку ўсходняга суседа. Які не адно стагоддзе жорстка дыктаваў і ў пэўнай ступені працягвае і сёння дыктаваць кірункі руху ў сферы адукацыі, грамадскім жыцці, нацыянальнай палітыцы. Таму і ў постсавецкія дзесяцігоддзі немінуча зніжаецца колькасць вучняў школаў з беларускай мовай навучання. Беларускую мову зрэдку можна пачуць у падкантрольных каманднаму апарату СМІ. Што дае падставы казаць аб мэтанакіраванай палітыцы з боку кантралюючай краіну групы.
Нягледзячы на даныя перапісаў насельніцтва і сацыялагічных апытанняў, якія некаму маглі падацца аптымістычнымі, беларуская мова ў Беларусі фактычна знікла з паўсядзённага ўжытку.
Таму нічога дзіўнага ў тым, што большасць маладых людзей у Беларусі не толькі ніколі не размаўлялі на беларускай мове, але і не чулі яе на вуліцах, у публічных месцах. Акрамя галасоў дыктараў у транспарце.
Крыніца: radiopv.ucoz.com
Дадатковым імпульсам для працягу і паглыблення «моўнай палітыкі» дэбеларусізацыі для кіраўнічага апарату стаў 2020 год. У атмасферы абыякавасці грамадства выціснутая з адукацыі, СМІ мова тытульнага народа ўсё часцей трапляе пад інфармацыйныя атакі так званых блогераў у сацыяльных сетках. Неаднаразова можна было бачыць допісы і відэаролікі, у якіх выказваецца незадаволенасць тым, што дзецям трэба вучыць беларускую мову, а яна ў жыцці непатрэбная.
Разам з тым агрэсіўна на ўсіх узроўнях сацыяльнага жыцця даводзіцца неаспрэчная роля другой дзяржаўнай мовы (фактычна першай і адзінай).
Здавалася б, у такой сітуацыі цалкам лагічнымі былі б крокі, накіраваныя ў бок канчатковага вырашэння «моўнага пытання» ў Беларусі. Як гэта адбылося некалькі год таму на не падкантрольных зараз Украіне тэрыторыях на ўсходзе. Дзе некаторы час пасля агрэсіі ў 2014 г. украінская захоўвалася афіцыйнай, але пасля выціскання са сферы адукацыі (вывучаецца ў школах у якасці факультатыву 1 гадзіну на тыдзень), неўзабаве страціла нават гэты фармальны статус.
Паступовая дэградацыя і маргіналізацыя культур тытульных нацый
У Беларусі, нягледзячы на відавочны арыенцір на руйнаванне ўсяго беларускага як праяўлення як найменш нелаяльнасці рэжыму, апаратчыкі пакуль устрымліваюцца ад падобных незваротных крокаў. Пакуль.
Архітэктары антыбеларускай палітыкі, у адрозненне ад большасці насельніцтва Беларусі, добра разумеюць значэнне мовы для працягу існавання нацыі.
Гісторыя неаднаразова даводзіла, што страціўшы мову, народ у рэаліях рэгіёна канчаткова губляе «місію» ў вачах суседзяў.
У сучасных умовах інфармацыйнага грамадства, не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў краінах Еўропы (Францыя, Іспанія), разумеюць, што рэзкія крокі пры вырашэнні «моўных пытанняў», могуць выклікаць адраджэнне ўзгаданай «місіі». У якасці мэты па захаванні мовы. Што можа вярнуць народы (баскі, брэтонцы, карсіканцы, сілезцы, лужацкія сербы, ці беларусы) у сусветны інфармацыйны кантэкст.
Таму можна назіраць, як культурна-моўныя вострыя пытанні шмат дзе намагаюцца трымаць у інфармацыйнай «цёплай ванне». У залежнасці ад палітычнага рэжыму такія захады маюць розныя назвы — ад захавання этна-культурных асаблівасцяў і правоў на самавызначэнне да «любові да роднай мовы». Але як такую палітыку не назаві, вынік усё адно можна назіраць аднолькавы — паступовая дэградацыя і маргіналізацыя культур тытульных нацый.
Беларускамоўныя каланіяльныя практыкі
У сувязі з абвастрэннем працэсаў дэбеларусізацыі пасля 2020 года можна ўявіць, якія актыўныя крокі маглі б прымяняць папярэднікі сённяшняга адміністратыўна-каманднага апарату прыкладна 150 гадоў таму для «канчатковага вырашэння моўнага пытання»:
— наданне факультатыўнай ролі ў сістэме адукацыі,
— канчатковае выключэнне з ужытку ў публічных месцах (дыктары ў транспарце, абмежаванне нешматлікай рэкламы, у банкаматах і г.д.),
— выцісканне рэштак беларускасці з музеяў і іншых культурніцкіх установаў.
Гэта, вядома, пэўнае дапушчэнне, бо свет і сітуацыя на тэрыторыі сённяшняй Беларусі моцна адрозніваюцца ад той, даўняй фазы актыўнай дэбеларусізацыі.
Да таго ж , можа здавацца, што два апошніх пункты выглядаюць як не вельмі істотныя, хіба сімвалічныя. Сапраўды. Але падобны сімвалізм не толькі ўплывае на калектыўную і індывідуальную падсвядомасць, але таксама зніжае прысутнасць беларускай мовы і культуры ў штодзённым жыцці.
Як гэта ўплывае на сучасную і будучую ролю беларушчыны ў грамадстве, можна бачыць на прыкладзе тапанімікі.
Крыніца: https://www.tuda-suda.by
Бо менавіта ўкараненне ў свядомасці насельніцтва зрусіфікаваных-спаланізаваных назваў беларускіх гарадоў, мястэчак, вуліц і г.д., было вельмі значным этапам каланізацыі не толькі матэрыяльнай але і ментальнай. Узгаданыя «каланіяльныя практыкі» настолькі моцна паўплывалі на калектыўную свядомасць, што сёння большасць нават беларусацэнтрычных жыхароў Беларусі, для таго, каб ужыць цалкам адпаведныя беларускаму маўленню словы Менск, Берасце і падобныя, вымушаныя рабіць пэўныя высілкі. Маўляў, беларускамоўная тапаніміка мае нейкую палітычную афарбоўку.
Для таго, каб уявіць абсурднасць і адначасова трагізм такой сітуацыі, дастаткова ўзгадаць,што назва Кіева ва ўкраінамоўным варыянце ніколі не змянялася.
Няродная «родная мова»
Чаму ж у не вельмі значнай часткі насельніцтва, у тым ліку і апарата, усё ж захоўваецца сантымент да беларускай (якую яны па яшчэ савецкай традыцыі працягваюць называць роднай)?
Чаму, нягледзячы на скаргі некаторых бацькоў сённяшніх школьнікаў і непрыхаваную дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзян амаль ва ўсіх сферах жыцця, адміністратыўна-камандны апарат дагэтуль не пайшоў на абсалютнае вынішчэнне беларушчыны і мае дастатковы ўплыў для захавання беларускай мовы фактычна ў якасці фальклорна-музейнай цікавосткі (за рэдкімі выключэннямі)?
На думку прыходзяць адразу некалькі версій.
Вельмі падобная на тое, што камандна-адміністратыўная сістэма ў Беларусі рэалізуе спланаваную стратэгію, якая ўжо была абкатаная ў нацыянальных рэспубліках еўрапейскай часткі сённяшняй РФ.
Кожны школьнік, напрыклад, з Удмуртыі ці Мардовіі вам можа апавесці пра «сваю родную мову», як яе трэба шанаваць і нават вывучаць у школе факультатыўна. І ў той жа час большасць жыхароў гэтых рэгіёнаў РФ не бачаць сэнсу карыстацца такой «роднай» для іх мовай. Тым больш не бачаць у сучасных умовах развіццё нацыянальных культур як элемент «місіі» народа, пазіцыянавання сябе як элементу чалавецтва ў свеце.
Пагадзіцеся, такое становішча амаль нічым не адрозніваецца ад сітуацыі ў Беларусі. Дзе існаванне тытульнай нацый як у пэўнай ступені міфалагічнага стварэння на моўна-культурным падмурку за апошнія дзесяцігоддзі амаль цалкам страціла сэнс. Беларусы як атам нацыі і нацыя, як некалі значны элемент у рэгіёне, пераўтварыліся ў вызначэнне тэрытарыяльнай прыналежнасці, геаграфічны фактар. Прыблізна тое самае ў сярэдзіне мінулага стагоддзя адбылося з большасцю народаў еўрапейскай часткі РФ. Для жыхароў Беларусі і суседніх краінаў яны цалкам страцілі адметнасць, і няшмат хто сёння прыгадае назвы гэтых шматлікіх «рэспублік». А тым больш «місіі» гэтых народаў.
Самае цікавае, што мовы тытульных народаў «падтрымліваюцца» на дзяржаўным узроўні, існуюць грамадскія аганізацыі — арганізуюцца фальклорныя святы, ёсць перадачы на ТБ, музеі, нават сустракаюцца «моўныя актывісты», і некаторая колькасць жыхароў дэкларуе тытульную ў якасці «роднай».
Нічога вам не нагадвае?
Таксама ў пэўнай ступені мова тытульнай нацыі ў калектыўнай свядомасці ўспрымаецца ў якасці ахвяры, аб’екта русіфікацыі і палітыкі знішчэння. Такім чынам у грамадства закідаецца пазіцыянаванне нацыянальнай культуры як другаснай, якая была аб’ектам гвалту з боку больш паспяховай культуры Масквы.
Псіхалагічнае фармаванне «пачуцця траўмы»
Cтратэгію па знішчэнні моўна-культурных адметнасцяў, а неўзабаве і нацыянальных, можна разглядаць у якасці сацыяльна-псіхалагічнай дыверсіі.
Працэсы, апісаныя ніжэй, грунтуюцца на даследаваннях псіхолагаў, якім ужо больш за 100 гадоў.
Справа ў тым, што акрамя фізіялогіі, удзел у культурным жыцці, працоўная актыўнасць, атрыманне ведаў у любой форме даюць індывіду пачуццё самарэалізацыі.
Чалавек, пазбаўлены сацыяльнай самарэалізацыі, са сталым пачуццём ахвяры і другаснасці роднай мовы і культуры (што разрывае сувязь чалавека з мінулым і будучыняй, ён жыве нібыта ў вакууме, няпэўнасці) можа ўсё жыццё знаходзіцца ў не зусім псіхічна здаровым стане.
Грамадствам, напоўненым значнай колькасцю падобных індывідаў, прасцей кіраваць, чым супольнасцямі з рэалізаванымі нацыянальнымі, культурнымі, рэлігійнымі памкненннямі — поўным спектрам для самарэалізацыі чалавека ў соцыуме. Без гэтага чалавечыя масы маюць менш здольнасцяў да лепшай самаарганізацыі і больш яскравага сацыяльнага жыцця.
Не сакрэт, што адной з задач бальшавіцкай рэвалюцыі і наступных падзеяў было менавіта разбурэнне гэтых механізмаў у грамадстве. Руйнаванне традыцыйнага ладу жыцця і рэлігійных інстытуцый мела сфармаваць з народаў біямасу без мінулага і будучыні — статак дзеля здзяйснення сусветнай рэвалюцыі і працоўных подзвігаў выключна на карысць дабрабыту партыйнай вярхушкі.
Крыніца: https://zpravda.ru
У сённяшнім інфармацыйным грамадстве постпраўды падобныя на бальшавіцкія маніпуляцыі назіраюць нават тыя, хто ніколі не спрабаваў займацца самарэфлексіяй. Вядома, метады змяніліся на тыя, што патрабуюць менш рэсурсаў. Але мэты фактычна засталіся тымі ж.
Зараз можна назіраць і заўважаць нават за сабой, што людзі без жорсткіх эмацыйна-культурных установак, унутранага стрыжня, звязанага з роляй нацыянальнага ў соцыуме, лёгка ўваходзяць у дэпрэсіўныя ці агрэсіўныя станы.
Рэаліі маніпулявання праз інфармацыйнае поле эмацыйным станам грамадства найбольш яскрава праявіліся ў 2020, 2022 гадах.
Версія правакавання ўзгадак аб «траўмаваным нацыянальным пачуцці народа», другаснасці культуры выглядае даволі пераканаўча. Менавіта дзеля гэтага беларускую культуру і мову ў сённяшняй Рэспубліцы Беларусь цалкам не знішчаюць, але трымаюць нібыта за шклом у сялянска-фальклорным музеі.
Бо забарона можа выклікаць непрадказальныя наступствы. Справакаваць пэўную частку грамадства на розныя формы змагання. Ад асветніцкіх ініцыятываў да радыкальных дзеянняў.
Прасцей трымаць нават беларускацэнтрычных грамадзянаў у «цёплай ванне», стане нявызначанасці, сітуацыі, калі не адбываюцца кардынальныя змены.
Беларушчына, загнаная ў гета, гібее і набліжаецца да той чырвонай рысы, за якой заняпад змяняецца на смерць. На фоне апатычнага дэпрэсіўнага стану не толькі актыўных беларусаў, але і рэшты насельніцтва.
Іншы аспект — гэта спроба збегчы ад каранёў. З гэтай з’явай усё часцей можна сутыкнуцца ў сённяшняй Беларусі.
Людзям без нацыянальных арыентыраў знаходжанне ў гета нецікавае, яны імкнуцца пазбавіцца ад «пачуцця траўмы», пазбягаць некамфортных станаў. Таму некаторая колькасць адмаўляе мову продкаў, імкнецца збегчы ад «траўмаванай рэчаіснасці».
Нехта пачынае ненавідзець усё, што звязана з другаснай мовай, культурай, спадчынай пад знакам траўмы. Іншыя падхопліваюць прапагандысцкія наратывы кшталту «ніколі ў нас па-беларуску не размаўлялі» ці «колькі жыву, тут быў заўжды Мінск, а не Менск».
Такое спрошчанае, плоскае ўспрыманне карціны свету ўласцівае аморфным грамадствам і індывідам, не здатным да якой-кольвек рэфлексіі.
А.Г., Budzma.org